Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиГод исторической памяти

Зямля сумуе па сынах, што з бою не прыйшлі...

Зямля сумуе па сынах, што з бою не прыйшлі...13 июля 2016 — 10:00

13 ліпеня ў мемарыяльным комплексе “Шымкі” адбыўся ўрачысты мітынг з нагоды 72-ой гадавіны вызвалення Мастоўскага раёна і горада Масты ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Штогод да гэтага свяшчэннага для кожнага жыхара Мастоўшчыны месца – да мемарыяльнага комплексу “Шымкі” – прыходзяць удзячныя нашчадкі з кветкамі і вянкамі ў знак памяці аб мужных салдатах Вялікай Айчыннай вайны, аб сваіх забітых і закатаваных земляках.

-- 72 гады мінула з таго памятнага дня 1944 года, калі была вызвалена Мастоўшчына. Сёння мы ўспамінаем тых, чый лёс скалечыла, каго абпаліла вайна,  аддаём даніну памяці тым, хто безыменны спіць у брацкіх магілах, хто без весткі прапаў у барацьбе з фашызмам. Неймаверна вялікай цаной аплачана наша перамога, -- адзначыў у сваім выступленні першы намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Аляксандравіч Альшэўскі.Цана і сапраўды была вялікай: шэсць вёсак нашага раёна спасцігнуў лёс Хатыні, 2680 жыхароў былі замучаны і расстраляны фашысцкімі акупантамі, 958 нашых землякоў не вярнуліся з фронту, 114 – загінулі ў партызанскіх атрадах, 758 – вывезены на прымусовыя работы ў Германію.

Бязлітасныя баі вяліся на тэрыторыі Мастоўскага раёна падчас вызваленчанай аперацыі “Баграціён” 1944 года. Аб гэтым сведчыць і той факт, што 15 воінаў, якія праявілі мужнасць і адвагу ў бітвах за вызваленне Мастоў і населеных пунктаў раёна, былі ўдастоены высокага ганаровага звання Героя Савецкага Саюза. Памяць аб гераічным подзвігу свяшчэнна. Менавіта яна дапамагае  нам не дапускаць трагічных памылак, а рэальна ацэньваць пагрозу і атрымліваць сур’ёзныя ўрокі мінулага.

-- У гады Вялікай Айчыннай вайны нашы дзеды і прадзеды былі адным цэлым у імкненні перамагчы ворага. Для нас, рашаючых сёння мірныя, але няпростыя задачы, гэта павінна служыць натхняючым прыкладам. Толькі разам, толькі аб’яднаўшы намаганні для дасягнення мэты, можна дасягнуць поспеху, -- падкрэсліў Дзяніс Аляксандравіч.

Гонар. Павага. Будучыня. Менавіта так можна апісаць пачуцці і думкі прысутных на мемарыльным комплексе “Шымкі”. Гонар за нашу вялікую гісторыю і слаўную дату. Павага да людзей, да ветэранаў, якія здабылі Вялікую Перамогу. А будучыню павінны ствараць мы. Дастойную будучыню прынёманскага краю, у якім людзям захочацца жыць, працаваць, гадаваць дзяцей. Аб гэтым марылі тыя, хто аддаў сваё жыццё ў ваенныя саракавыя і тыя, хто адраджаў мірнае жыццё.

Ад імя ветэранаў прысутных павіншаваў са святам Міхаіл Міхайлавіч Кучэўскі – малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў. Вайну ён бачыў дзіцячымі вачыма, аднак ад гэтага яна не стала менш страшнай, бязлітаснай і трагічнай.  Свае ўспаміны Міхаіл Міхайлавіч выказаў у вершы, слухаць які без слёз немагчыма.

Удзячнасць кіраўніцтву краіны за тое, што нашы сённяшнія салдаты ахоўваюць мірнае неба, ад імя ўсіх матуль выказала Алена Валяр’янаўна Бароўская – сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ пятай гарадской школы.-- У майго дзеда Міхаіла аднаго брата фашысты забілі, а другога вывезлі ў Германію. Майму бацьку 9 мая 1945 года было толькі пяць гадоў, але ён таксама штодня чакаў з вайны свайго хроснага Аляксандра. Зараз і я чакаю дамоў салдата, свайго сына Віктара, які ахоўвае мірныя рубяжы нашай краіны, -- адзначыла Алена Валяр’янаўна.

... На шэрыя мемарыльныя пліты кладуцца вянкі, гучыць метраном, што адлічвае хвіліну маўчання у памяць аб салдатах, загінуўшых у баях, аб земляках, закатаваных у гета і канцлагерах, аб старых і малых, што былі жывымі спалены бязлітасным ворагам.  Аружэйныя стрэлы ў іх гонар сплятаюцца з раскатам грому. І вось усё навокал шчодра абмывае летні дождж – кажуць, што гэта зямля сумуе па сваіх сынах, што не вярнуліся з бою...

Н.ШЭЎЧЫКФота С.ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио