Дзевяцікласніца Лунненскай СШ Марыя Вантроба выйшла ў фінал рэспубліканскага конкурсу па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца-5”.
Юная спявачка ў студзені будучага года будзе змагацца за Гран-пры конкурсу. Фінальны канцэрт юных талентаў пройдзе ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйным цэнтры “Зубраня”. Змагацца за галоўны прыз конкурсу будуць 39 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Вакалам Марыя займаецца ў Ірыны Іванаўны Сідар. Гэта яна разгледзела ў дзяўчынкі здольнасці да спеваў і здолела іх развіць. На адборачны тур конкурсу “Звонкая раніца” Марыя падрыхтавала ўкраінскую песню “Мальвы”. Выхад у фінал конкурсу быў прыемным сюрпрызам для юнай спявачкі і яе настаўніцы, якая першай павіншавала сваю вучаніцу. Пазней да віншаванняў далучыліся і аднакласнікі Марыі.
Гэта не першы поспех юнай спявачкі. Раней Марыя Вантроба два разы прызнавалася лепшай сярод выканаўцаў песень на замежнай мове, паспяхова выступіла на занальным конкурсе “Таленты Прынямоння”.
--Свой першы выхад на сцэну ў ролі салісткі я не памятаю. Мама расказвала, што гэта адбылося, калі я хадзіла яшчэ ў дзіцячы сад. Спяваць і выступаць на сцэне мне падабаецца, я ніколі не адмаўляюся ўдзельнічаць у канцэртах, конкурсах. Пасля першых перамог захацелася навучыцца спяваць яшчэ лепш. Дзякуй Ірыне Іванаўне, што яна дапамагае мне ў гэтым. Мае перамогі ў конкурсах – гэта яе заслуга. У нашай сям’і спевамі ніхто сур’ёзна не захапляўся, таму сцвярджаць, што мне голас дастаўся ад продкаў, не магу. Ці будзе музыка маёй прафесіяй, пакажа час. А спяваць для сябе, блізкіх я буду заўсёды, --сцвярджае Марыя Вантроба.
Акрамя музыкі, дзяўчына захапляецца танцамі, ахвотна танцуе ў школьным ансамблі “Сузор’е”, якім кіруе Валянціна Станіславаўна Пабежка.
Песні, танцы – гэта ў мяне для душы, а на першым плане ўсё ж застаецца вучоба, удакладняе Марыя.
З вучобай у яе таксама ўсё ў парадку: першую чвэрць закончыла толькі з адной “васьмёркай” па хіміі, па іншых прадметах “дзевяткі” і “дзесяткі”.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад