Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

“Званы Хатыні”

“Званы Хатыні”23 марта 2023 — 14:26

За акном вясна… Кожны дзень усё часцей і часцей у блакітным небе мы бачым птушак, чуем радасныя галасы гусей і журавоў… Птушкі вяртаюцца да нас, на свае родныя гнёзды. Кожны чалавек ці жывая істота радуецца прыходу вясны, цяпла і сонца. Вясна — гэта блакітнае неба над галавой, воблакі, якія падганяе лёгкі ветрык, першыя нясмелыя сонечныя промні, радасныя дзіцячыя галасы, усё дыхае свежасцю і маладосцю. Але так было не заўсёды… 80 гадоў таму адбылася страшная трагедыя ў вёсцы Хатынь, дзе жывымі былі спалены 149 чалавек, сярод якіх — 75 дзяцей. Ад рук нацыстаў загінулі амаль усе яе жыхары.

З мэтай актывізацыі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў, ушанавання памяці загінулых мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў рамках 80-годдзя з дня хатынскай трагедыі ў Азёркаўскай сярэдняй школе быў праведзены  ўрок-рэквіем “Аб чым звіняць званы Хатыні?”

Вучні  з лектарскай групы адзначылі, што да вайны Хатынь была звычайнай беларускай вёскай. Але цяпер тут больш ніколі не будзе пахнуць сырадоем і духмяным хлебам, ніколі раніцай не заспяваюць тут пеўні, і ніхто ніколі не пачуе тут дзіцячых галасоў і вясёлых песень, бо час для гэтай вёскі спыніўся вясеннім днём 22 сакавіка 1943 года. Сёння ў Хатыні можна толькі пачуць, як звіняць званы. Чаго яны звіняць? Пра што хочуць нам расказаць? Аб чым яны нас папярэджваюць?

Моўчкі, затаіўшы дыханне, вучні глядзелі відэакліп “Слёзы Хатыні”. Безумоўна, усе прысутныя разумелі, што відэа сучаснае, аднак сціскалася сэрца ад таго, што паказаная трагедыя адбылася на самай справе. Гэта было жудаснае пекла на зямлі…

На ўроку памяці гучалі і лічбы, якія ўражвалі, бо за кожнай з іх стаялі лёсы дарослых людзей, маленькіх дзяцей, юнакоў і дзяўчат, цэлых вёсак і гарадоў. Прыгадалі вучні гісторыю Іосіфа Камінскага, які для кожнага беларуса стаў сімвалам моцы і няскоранасці.

Не маглі не ўспомніць мы пра трагічны лёс і вёскі Княжаводцы нашага Мастоўскага раёна, і вёскі Вялікая Воля суседняга Дзятлаўскага раёна,  і вёскі Шавулічы, якая знаходзіцца недалёка ад пасёлка Краснасельскі.

Потым усе разам адправіліся ў віртуальнае падарожжа па мемарыяльным комплексе “Хатынь”.

Вучні вельмі пранікліся даведзенай да іх інфармацыяй. Без слёз нельга было слухаць вершы А.Грачанікава “Крывавая балада”, С.Законнікава “Хатынь”, “Баладу пра спаленую вёску і жывога пеўня” А.Вярцінскага, якія дэкламіравалі Дубіцкая Паліна, Пась Давід, Кузняцова Валерыя.

Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжна-ілюстрацыйная выстава “Хатынь: трагедыя і памяць”, якая пазнаёміла прысутных  з лёсам вогненных вёсак Беларусі. Закончылася гадзіна-рэквіем словамі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча: “Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала!”.

На фоне відэакліпа “Званы Хатыні” юнакі і дзяўчаты запалілі свечкі ў памяць аб загінулых жыхарах спаленых вёсак, усіх ахвярах Вялікай Айчыннай вайны.    

Хочацца верыць, што ўсё, пра што гаварылася, знайшло водгук у сэрцах нашых вучняў, і ўсе мы будзем помніць аб жудасных днях вайны, аб тых , хто назаўсёды застаўся юным, будзем разумець, якое гэта шчасце – кожны дзень мець на стале досыць хлеба, вады, бачыць за акном сонейка, што варта цаніць жыццё, якім бы складаным яно ні здавалася, што варта берагчы і любіць людзей, якім лёс прызначыў  быць  побач.  Усякія крызісы, непрыемнасці, неспадзяванкі можна пераадолець і перажыць, калі на зямлі няма вайны.

Таццяна Галавач,
педагог, які выконвае функцыі класнага кіраўніка 7 класа
Азёркаўскай сярэдняй школы


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио