Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Знайшоў сябе на дубненскай зямлі

Знайшоў сябе на дубненскай зямлі10 июля 2019 — 08:36

Партрэт галоўнага інжынера філіяла “Дубна” агракамбінат “Скідзельскі” Віктара Лазовіка сёлета занесены на раённую Дошку гонару.

Любіць тэхніку, разбірацца ў ёй і берагчы прывучыў свайго сына былы механізатар калгаса “Дружба” Уладзімір Іванавіч Лазовік. Не было ў гаспадарцы той работы, якую не ўмеў бы выканаць гэты працавіты чалавек. Віктар слухаў расказы бацькі, сам часта прыходзіў да яго на працу. А калі падрос, Уладзімір Іванавіч узяў яго памочнікам камбайнёра. Колькі было радасці і задавальнення, а разам з тым і гордасці, што даверылі такую адказную работу. У той час школьнікам гэта дазвалялася. І нічога, што трэба было рана ўстаць і позна легчы, што ад напружанай працы дранцвелі рукі, стома разлівалася па ўсяму целу. Было прыемна, што іх камбайнавы экіпаж трымае лідэрства па калгасу. Уладзімір Іванавіч быў на той час вядомы ў раёне механізатар, ордэнаносец. Яшчэ у 1973 годзе яго за высокія дасягненні ў працы ўзнагародзілі  ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Меў ён і нямала іншых узнагарод.

Мама таксама была вядомым  чалавекам. Яна працавала ў школе, мела званне заслужанага настаўніка краіны. Яна прывіла Віктару старанне да вучобы. Калі закончыў школу, без праблем паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Было яшчэ і накіраванне ад калгаса “Дружба” на вучобу стараннаму памочніку камбайнёра. Гаспадарка нават даплачвала да стыпендыі невялікую суму. Веды там давалі добрыя, практыку праходзіў на лепшых прадпрыемствах краіны.

З кваліфікацыяй “інжынер-механік” у 1993 годзе  вярнуўся ў сваю родную гаспадарку. У ліпені яшчэ здаваў экзамены, а ў жніўні ўжо быў прызначаны на пасаду інжынера. Ішоў напружаны час уборкі, і ён зноў  пачаў сваю працу памочнікам камбайнёра.

Працоўная загартоўка, дасканалае веданне тэхнікі вельмі дапамагалі ў рабоце. Асабліва калі ў 1998 годзе прызначылі галоўным інжынерам гаспадаркі. На гэтай пасадзе ён застаўся і тады, калі гаспадарку далучылі да калгаса “Дубна”, а потым калі яна ўвайшла ў склад агракамбіната “Скідзельскі”.

Абавязак галоўнага інжынера арганізаваць работу тэхнікі так, каб уся яна працавала на вытворчасці, прыносіла карысць гаспадарцы, а не знаходзілася ў майстэрнях, расказвае Віктар Лазовік. На жаль, не заўсёды так атрымліваецца. Частка тэхнікі ўжо дастаткова зношаная, часамі трапляецца яна невысокай якасці. Здараецца, і года не адпрацуе, а ўжо патрэбен рамонт.

Вось і ў час нашай сустрэчы мы засталі Віктара Уладзіміравіча ў майстэрні. У трактары механізатара Міхаіла Мінько раптам выйшаў са строю матор. Міхаіл Мікалаевіч разабраў яго і вырашыў параіцца з галоўным інжынерам, што рабіць далей, адрамантаваць самому ці варта адправіць на спецыялізаванае прадпремства. Было прынята рашэнне рамантаваць матор на месцы.

Механізатары і вадзіцелі сельгаспрадпрыемства адзначалі, што з Віктарам Уладзіміравічам добра працаваць не толькі ў звычайнай, але і ў складанай сітуацыі, бо ён заўсёды захоўвае аптымізм, вытрымку і пазітыўныя адносіны да работы і калег. А дырэктар філіяла “Дубна”  Сяргей Іванавіч Сыско сказаў так:

Віктар Лазовік у жыцці і рабоце вельмі адказны і тактоўны чалавек.  Можа і ўмее хутка вырашыць любое складанае тэхнічнае пытанне. Адным словам, чалавек на сваім месцы.

С. ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты