Міхаіл Міхайлавіч Сідаровіч, Валерый Мікалаевіч Саўко, Таццяна Іванаўна Пачабут -- адны з многіх, хто цяпер задаволены жыццём, бо маюць работу і дастойную зарплату. Ім і многім іншым дапамог у гэтым аддзел па працы і занятасці. Толькі за восем месяцаў бягучага года 50 чалавек нашага раёна па ініцыятыве гэтага аддзела прайшлі ці яшчэ праходзяць навучанне, падрыхтоўку і перападрыхтоўку. Яшчэ 90 чалавек могуць атрымаць у аддзеле накіраванне на вучобу. Гэта адзін з напрамкаў работы з тымі, хто па нейкіх прычынах і абставінах часова не мае працы, але мае жаданне яе атрымаць.
Апынуцца без работы — сітуацыя не з прыемных. Але нават у такой сітуацыі не трэба панікаваць, а варта звярнуцца ў аддзел па працы і занятасці, раіць намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама М.К. Семянюк. У аддзеле па працы і занятасці можна атрымаць накіраванне на вучобу з мэтай атрымання спецыяльнасці, запатрабаванай на рынку працы. У асноўным гэта рабочыя спецыяльнасці, вадзіцелі ўсіх катэгорый, будаўнічыя спецыяльнасці, цырульнікі, прадаўцы, швачкі, аператары ЭВМ, бухгалтары на базе сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.
Вучыцца давядзецца ў залежнасці ад выбранай прафесіі ад аднаго месяца да года. Навучанне бяс-платнае. Накіраваным на вучобу нават выплачваецца стыпендыя, па месцы вучобы прадастаўляецца жыллё.
Аддзел накіроўвае на вучобу і непасрэдна па заяўках прадпрыемстваў і арганізацый, зыходзячы менавіта з іх патрэб. Сёлета найбольш такіх заявак паступіла ад кадравых служб ДП “Мастоўская МПМК-155” і ААТ “Мастоўдрэў”.
З просьбай аб накіраванні на вучобу звярнуліся ў аддзел дзесяць сёлетніх выпускнікоў. Пераважна гэта хлопцы і дзяўчаты, якія не паступілі ці не паступалі ў вышэйшыя ці сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. У мінулыя гады выпускнікоў звярталася ў аддзел больш. Магчыма, і для нашых выпускнікоў зараз прэстыжным стала атрыманне вышэйшай адукацыі. Хлопцы і дзяўчаты, якія не паступілі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання на бюджэтную форму навучання, амаль усе згодны плаціць за вучобу немалыя грошы, каб атрымаць запаветны дыплом.
І яшчэ, як паведаміла Марына Кузьмінічна Семянюк, пасля заканчэння вучобы амаль усе працаўладкоўваюцца па атрыманай спецыяльнасці і ў далейшым задаволены работай.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад