Перасоўная выстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці вядомага палітычнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі, шчырага патрыёта Сяргея Прытыцкага, арганізавана Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем. З верасня мінулага года яна падарожнічае па рэгіёне.
З 28 лютага і да канца красакавіка з матэрыяламі экспазіцыі могуць пазнаёміцца і мастаўчане ў музеі “Лес і чалавек”. Урачыстае адкрыццё выставы адбылося пры ўдзеле загадчыка аддзела навейшай гісторыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Андрэя Вашкевіча, загадчыка сектара культуры райвыканкама Анастасіі Палуйчык, наведвальнікаў і школьнікаў, што цікавяцца гісторыяй роднага краю.
На выстаўцы прадстаўлены дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы, мастацкія творы і іншыя экспанаты, якія расказваюць аб перыядзе барацьбы беларускага народа за ўз’яднанне, падзеях верасня 1939 года і савецкім будаўніцтве на тэрыторыі Заходняй Беларусі, ваенных гадах і пасляваенным аднаўленні. І ўсё гэта праз прызму камсамольскай, партыйнай і дзяржаўнай дзейнасці Сяргея Прытыцкага.
Цікавасць выклікае станок, які выкарыстоўваўся для друку нелегальнай літаратуры – у Гродне ў тыя гады дзейнічала адна з першых падпольных друкарняў КПЗБ. Прадстаўлены транспаранты, з якімі працоўныя выходзілі на мітынгі разам са сваім лідарам Сяргеем Прытыцкім. Яго маладосць была звязана з работай у падпольных камсамольскіх органах.
У 1932 годзе Сяргей Восіпавіч уступіў у рады КПЗБ і быў выбраны сакратаром Гродзенскага акружнога камітэта камсамола. За сваю актыўную рэвалюцыйную дзейнасць мужны змагар неаднаразова трапляў за краты.
У 1936 годзе Прытыцкі зноў быў арыштаваны польскай паліцыяй. Гэта адбылося пасля таго, як у Віленскім акружным судзе ён страляў у правакатара і даносчыка, што загубіў многіх камсамольцаў і камуністаў. Прытыцкі параніў здрадніка, але і сам быў паранены, арыштаваны і прысуджаны да смяротнага пакарання. Аднак прысуд не быў здзейснены: кампартыя разгарнула дзейнасць за вызваленне і выратаванне жыцця Сяргея Восіпавіча. На абарону мужнага рэвалюцыянера падняліся не толькі камуністы і камсамольцы, але і просты народ.
Паўтара года Сяргей Прытыцкі прасядзеў у адзіночнай камеры, у тым ліку 10 месяцаў – у камеры смертнікаў. Пад націскам грамадскасці польскія ўлады вымушаны былі пайсці на ўступкі: смяротны прыгавор замянілі на пажыццёвае турэмнае зняволенне. Моцная падтрымка людзей давала Прытыцкаму сілы жыць і верыць, што збаўленне будзе. Так і атрымалася: на волю Сяргей Восіпавіч выйшаў у пачатку Другой сусветнай вайны, калі Германія напала на Польшчу.
Справу свайго жыцця бясстрашны патрыёт прадоўжыў пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй у адзіную рэспубліку. У гады Вялікай Айчыннай вайны Прытыцкі быў адным з арганізатараў патрыятычнага падполля і партызанскага руху ў Панямонні. Пасля вайны пэўны час працаваў першым сакратаром Гродзенскага, Маладзечанскага, Баранавіцкага і Мінскага абкомаў КПБ. З 1968 па 1971 гады з’яўляўся Старшынёй і намеснікам Старшыні Вярхоўнага Савета БССР.
Сяргея Прытыцкага не стала 13 чэрвеня 1971 года. Тады ж яго імя было прысвоена Гродзенскаму хімічнаму камбінату (зараз гэта ААТ “ГроднаАзот”). Летась напярэдадні Дня народнага адзінства на прадпрыемстве ўстанавілі мемарыяльную дошку ў памяць аб палымяным патрыёце Беларусі.
У ТЭМУ
Трэба адзначыць, што за гады сваёй рэвалюцыйнай дзейнасці С. В. Прытыцкі неаднаразова бываў на Мастоўшчыне, дзе ён сустракаўся з актывістамі, прымаў удзел у нелегальных сходах. Ёсць дакументальнае пацвярджэнне таму, што ён бываў у вёсках Ліпічанскай пушчы. Аб гэтым сведчаць яго ўспаміны, прыведзеныя ў кнізе “Памяць”: “Нарэшце я наведаў вёскі Воля Крупіцы і Маскалі. Тут партыйныя і камсамольскія арганізацыі, члены якіх мне добра вядомы, нейкім чынам уцалелі…”.
Дарэчы, менавіта мясцовыя майстры пашылі яму бастонавы касцюм, у якім ён накіраваўся на суд у Вільню.
Калі Прытыцкі трапіў у турму, у Гудзевічах збор сродкаў на яго абарону арганізаваў член кампартыі Мікалай Іваноўскі. Арганізавана вялі збор подпісаў за выратаванне жыцця нязломнаму рэвалюцыянеру падпольшчыкі Дубна, Песак і іншых вёсак. На Мастоўшчыне ў той час практычна не было населенага пункта, дзе б не ведалі гэтае прозвішча.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад