Любоў да свайго краю, добрае веданне роднай мовы— гэта валоданне інтэлектуальнымі, маральнымі і культурнымі каштоўнасцямі, якія ствараліся не адным пакаленнем нашых продкаў. Пачуццё патрыятызму павінна фарміравацца ў чалавека з маленства. Вывучаючы беларускую мову і літаратуру на ўроках, прымаючы ўдзел у падрыхтоўцы пазакласных мерапрыемстваў, у школьнікаў фарміруецца пачуццё гонару за сваю Радзіму, яе традыцыі і багатую гісторыю, лічыць дырэктар гімназіі №1 г. Масты Л.Дзм. Лукічова.
Добрым стымулам для папулярызацыі беларускай мовы ў гімназіі №1 служаць факультатыўныя заняткі, гурткі. Рабяты паглыбляюць веды па роднай мове і гісторыі Беларусі на занятках 14 факультатываў, гурт-ках і дадатковых занятках на платнай аснове.
Школьнікі пад кіраўніцтвам настаўнікаў далучаюцца да роднага слова , рыхтуючы даследчыя работы і праекты. У навукова-даследчай рабоце рабяты ўдзельнічаюць ужо з пачатковых класаў. У мінулым навучальным годзе Настасся Пузіна пад кіраўніцтвам настаўніка Н.П. Бэкман падрыхтавала цікавую і пазнавальную даследчую работу “Мова беларускага арнаменту”, якая на секцыі пачатковых класаў заваявала дыплом 2-й ступені на адкрытай раённай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Пошук. Творчасць. Пазнанне”. Работа Таццяны Дубатоўкі “Вобраз хаты ў беларускім мастацтве” адзначана дыпломам 2-й ступені. Даследаванні Лізаветы Курыловіч “Гартаючы лісткі календара” і Таццяны Кіжук “Сімвал каліны ў народных песнях свайго краю” заваявалі дыплом 3-й ступені. Лізавета Курыловіч з работай “Назвы вуліц майго горада” прымала ўдзел у 11-й адкрытай раённай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Ступені да навукі”, якая праходзіла ў мінулым годзе ў Слоніме. Работа Лізаветы Курыловіч у кастрычніку гэтага навучальнага года на навуковай канферэнцыі ў Гродне “Хрустальная альфа” была адзначана дыпломам 2-й ступені.
Удзел вучняў у алімпіядах па беларускай мове і гісторыі Беларусі таксама дазваляе паглыбляць веды на гэтых прадметах. Пры падрыхтоўцы да алімпіяд захоўваецца прынцып пераемнасці. Ірына Аляксеева яшчэ ў пачатковых класах заваявала дыплом 3-й ступені на алімпіядзе па беларускай мове. У мінулым навучальны годзе яна ўжо заняла першае месца па гэтым прадмеце, будучы вучаніцай пятага класа.
У апошнія гады стаў папулярным удзел вучняў у дыстанцыйных алімпіядах. З верасня па лістапад мінулага года пяць старшакласнікаў гімназіі №1 удзель-нічалі ў рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры “Праметэй”. Юлія Валковіч па выніках завочнага этапу была запрошана на трэці вочны тур, які адбыўся ў лістападзе ў Мінску. Юлія атрымала дыплом 3-й ступені.
Актыўна ўдзельнічаюць вучні гімназіі №1 у міжнародным конкурсе “Буслік”, у мінулым годзе ў гэтым конкурсе ўдзельнічалі 28 чалавек. Два вучні занялі трэцяе месца ў раёне, два атрымалі прызы 2-й і 3-й ступені.
Як вынік прапаганды вывучэння беларускай мовы—добрыя веды на цэнтралізаваным тэсціраванні па гэтым прадмеце. У 2010 годзе для здачы беларускую мову выбралі 34, а у мінулым— 11 выпускнікоў. Сярэдні бал на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове ў 2010 годзе па гімназіі №1 склаў 41,21 бала, а ў мінулым годзе—51 бал. Добра папрацавалі настаўнікі Г.У. Махамет, А.А. Панкавец, Н.М. Болбат. Трое выпускнікоў гімназіі №1— Настасся Стасюкевіч, Юлія Масюк, Алёна Куль -- зараз вучацца ў вышэйшых навучальных установах на філалагічным факультэце па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура».
Сёння менавіта школа і настаўнік з’яўляюцца тым адпраўным пунктам па папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы ў маладзёжным асяроддзі. Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад