Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Жыве народны танец

Жыве народны танец07 сентября 2016 — 15:58

 

Што можа быць важней, чым захаванне нашай народнай спадчаны, асабліва, калі ідзе размова пра работу музея?

У красавіку гэтага года Гудзевіцкі літаратурна-­краязнаўчы музей праводзіў “Гудзевіцкі фэст”, прысвечаны ткацтву, акцэнтуючы ўвагу на аб’екты нематэрыяльнай спадчыны нашай Гродзеншчыны, да ліку якіх адносіцца ткацтва падвойнае. У чэрвені ладзілася летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва” з мэтай папулярызацыі гэтага цікавага і рэдкага рамяства.

А 28 жніўня ўсіх жадаючых музей запрашаў на “Гудзевіцкі фэст”, прысвечаны народным танцам. Дарэчы, правядзенне ў гэты дзень фэсту ў Гудзевічах мае вельмі даўнюю традыцыю. На Прачыстую, на гэтую дату якраз і прыпадае царкоўнае свята, ладзіўся ля царквы фэст.

- У музеі захоўваюцца ўспаміны Лідзіі Ялоўчык, родам з Марцянаўцаў, у якіх яна апісвае, што спачатку збіраліся ўсе на службу ў царкве, якая заканчвалася хрэсным ходам. “Покуль у царкве “правілася”, моладзь групкамі шпацыравала вакол царквы, празантуючы свае ўборы перад старэйшымі жанчынамі, якія сядзелі ля самага муру, на траве і перакідваліся заўвагамі. Перад хлопцамі, што стаялі, абапіраючыся на мур, паглядалі на дзяўчат, курылі і, безумоўна, “выбіралі” найпрыгажэйшую, перакідаючыся жартамі,” – узгадвае пісьменніца. А потым абавязкова ладзіліся танцы.

Якраз гэтую частку паспрабавалі адрадзіць на музейнай пляцоўцы ля этнаграфічнага аддзела­хаткі. Найбольш актыўнымі гледачамі­ўдзельнікамі сталі дзеці, што займаюцца ў гуртках пры філіяле “Гудзевіцкі цэнтр культуры і вольнага часу”.

Хоць на першы раз сабралася людзей і няшмат, але было сапраўды весела і цікава. Пад залівістыя гукі баяна танцавалі і спявалі, гулялі ў гульні. Прыемным сюрпрызам для прысутных стала выступленне Матвея Стасевіча і Вікторыі Яромінай, якія прыехалі ў вёску Радзявічы да бабулі з дзядулем і разам з імі наведалі наш фэст. Дзеці вельмі прыгожа і эмацыянальна дэкламавалі вершы як сапраўдныя артысты.

Дзякуючы намаганням работнікаў музея і філіяла “Гудзевіцкі цэнтр культуры і вольнага часу” ўсе прысутныя актыўна вучылі “Лысага” і “Ойру”, танцы, якія калісьці танцавалі нашы бабулі і дзядулі. На заканчэнні свята дамовіліся абавязкова сустрэцца яшчэ, каб адраджэнне такіх традыцый абавязкова працягвалася.

 

К. БАСІНСКАЯ,

дырэктар Гудзевіцкага лтаратурна-­краязнаўчага музея

 

Фота В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио