У кожным краі ёсць свае патаемныя гісторыі, свае героі, свае сакрэты. Сёння мы раскажам вам пра Свята-Троіцкую Шчарскую крыніцу, якая размясцілася ў надзвычай прыгожым куточку мастоўскай зямлі, у ландшафным заказніку “Ліпічанская пушча”, што знаходзіцца на мяжы трох раёнаў: Шчучынскага, Мастоўскага і Дзятлаўскага. Вакол – густой сцяной лес, побач цячэ Шчара.
Па ўказальніках лёгка знайсці Свята-Троіцкую Шчарскую крыніцу. Сваю назву крыніца атрымала ў гонар храма, які стаяў на беразе ракі Шчара.
Старажылы памятаюць, як у гады Вялікай Айчыннай вайны, у снежні 1942 года, нямецка-фашысцкімі захопнікамі падчас карнай аперацыі па знішчэнні жыхароў вёсак Мастоўскага раёна быў разбураны і спалены драўляны храм, які стаяў на беразе ракі Шчара, быў забіты і святар.
Прайшоў час, і на гэтым свяшчэнным месцы адрадзілася крыніца. Людзі расцанілі гэта як добрае прадвесце і пацягнуліся да крыштальна-чыстай вады за здароўем, сілай і суцяшэннем.
Існуе легенда аб узнікненні Свята-Троіцкай Шчарскай крыніцы: “Па рацэ Шчара ішла баржа. У нейкі момант яна села на мель, і зрушыць яе не было ўжо сіл. Людзі пайшлі ў бліжэйшую царкву, у якой быў цудатворны абраз, і адслужылі малебен. Яны атрымалі Божую сілу, і баржа лёгка пайшла. Было гэта на другі дзень свята Троіцы. З тых часоў з-пад зямлі стала біць крыніца. Вада з яе валодае гаючымі ўласці-васцямі. Яна здольная аднаўляць, даваць сілу і здароўе чалавеку.”
У 2016 годзе была добраўпарадкавана гэта крыніца. Устаноўлены крыж і навес, а побач зроблена купель, дзе можна акунуцца ў жыватворную ваду. Святаром айцом Мікалаем Глядам быў здейснены вадасвятны малебен з асвячэннем купелі. У мінулым годзе, 19 студзеня, у свята Хрышчэння, было мнагалюдна каля крыніцы Святой Троіцы. Народная сцежка сюды не зарастае.
Кожны, хто пабывае ў гэтым дзівосным месцы, адчувае асаблівы стан душы. Тут пануе спакой і цішыня, спевы птушак зачароўваюць, чыстае паветра напоена водарам травы, свежасць і халадок гаючай вады крыніцы наталяюць здароўем і сілай.
В. ПАЛОЙКА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад