З гісторыі вёскі Вялікая Рагозніца Які цуд — родная зямля! Чалавек прырастае да яе тысячамі нябачных нітачак, прывязваецца сонечнымі промнямі, блакітам неба, птушынымі спевамі, павевамі роднага ветру, пахам васілька. Патрэбна толькі сэрцам адчуць гэту еднасць, умець пачуць родны гоман шапатлівых лясоў… Ёсць штосьці надзвычай прыгожае ў нашым краі. Колькі хараства і чароўнай прывабнасці ў яго сіняй далечы! У гэтай мясціны няма нейкай асаблівай прыгажосці і багаццяў, акрамя лугоў, палёў, лясоў, што абрамляюць вёску з усіх бакоў, ды празрыстага паветра. І ўсё ж вёска валодае вялікай прыцягальнай сілай.
Я люблю гэты ціхі куточак у любую пару года. Хто ні быў тут у залатую пару восені, хто ні дыхаў марозным паветрам зімовага ранку, каго не дурманіў пах белай акацыі, хто не задыхаўся ад водару расцвіўшай ліпы летнім вечарам, хто ні разу не адпачываў у бярозавым гаёчку, што белазялёнай сцяною стаіць у нашай вёсцы, той, мусіць, не зможа зразумець мяне, не зможа зразумець маё захапленне гэтым ціхім куточкам, такім родным для мяне!..
Калісьці на месцы вёскі цякла маленькая рачулка, вакол якой раслі розныя непралазныя кусты і дрэвы. Вядомай вёска Рагозніца стала ўжо ў ХVІ стагоддзі ў складзе Ваўкавыскага павета Рэчы Паспалітай. З ХІХ стагоддзя яна знаходзілася ў складзе аднайменнага маёнтка, якім валодалі Сухадольскія. У 1905 годзе яна налічвала 474 жыхары. З сакавіка 1921 года па 1934 год Рагозніца ўваходзіць у склад Польшчы, потым у БССР. У польскі час (1926) тут быў пабудаваны мураваны касцёл Святой Дзевы Марыі. У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 13 ліпеня 1944 года вёска была акупіравана нямецкімі фашыстамі, на фронце ваявалі 27 вяскоўцаў, 10 з іх загінулі, акупанты загубілі тры мірныя жыхары.
На 1 снежня 2001 года Рагозніца налічвала 333 двары, 915 жыхароў, крухмальны завод, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, аддзяленне “Беларусбанка”, філіял Мастоўскай школы мастацтваў, сярэднюю школу, дзіцячы садзік, некалькі крамаў, аддзяленне сувязі. Захаваліся палацавапаркавы комплекс і касцёл. Цяпер у палацы знаходзіцца праўленне калгаса. Парк з’яўляецца месцам адпачынку жыхароў. У 2007 годзе вёска набыла статус аграгарадка.
Паводле тапанімічнай легенды, назва вёскі паходзіць ад расліны рагозы, што расла на пойме ракі Юхнаўка, на беразе якой было заснавана паселішча. Згодна з другім меркаваннем, назва ўтворана ад грубай тканіны рагожы. Дарэчы, у дакументах сустракаецца назва Рагожніца. Мясцовыя старажылы і зараз кажуць Рагожніца.
Кожны кавалачак роднай зямлі для мяне адыгрывае вялікую ролю, бо з імі звязана маё дзяцінства, мае самыя светлыя ўспаміны бесклапотнага жыцця. Родная зямля гэта калыска, якая люляе нас на хвалях жыцця. Яна падхоплівае, калі мы падаем, ахоўвае ад усялякіх нягод і жыццёвых клопатаў, вучыць нас чалавечай дабрыні, узаемадапамозе, адданай дружбе і вернаму каханню.
М. МАРОЗАВАстудэнтка 5 курсаГродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы
Фота С. ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад