04 июля 2026 — 10:12
У апошні час мне часта прыходзіць такая думка: “Кім бы я стала ў жыцці, калі б не выбрала прафесію настаўніка?”. І не магу адказаць сабе на гэтае пытанне, бо не ўяўляю сябе без любімай працы, без маіх дапытлівых вучняў, адказных і творчых бацькоў, прафесіяналаў калег.
Школа стала для мяне не толькі другім домам, але і сэнсам жыцця. Нават не верыцца, што любімай справе я прысвяціла 42 гады свайго жыцця і ні на хвіліну аб гэтым не пашкадавала.
З самага маленства я ведала, кім хачу стаць, калі вырасту. Прыкладам сапраўднага настаўніка стала для мяне мая першая настаўніца Грынцэвіч Марыя Сямёнаўна, якую мы, дзеці, палюбілі ўсім сваім маленькім сэрцам і душой. Мы капіравалі яе погляд, паходку і нават прычоску. Заміралі, калі яна пачынала гаварыць. Толькі з гадамі я зразумела, чаму мы помнім сваіх першых настаўнікаў усё жыццё, успамінаем іх з цеплынёй і пяшчотай у душы. Менавіта яны навучылі нас дабру, справядлівасці, несці ў свет пазітыў і любоў.

Я і сёння з вялікай удзячнасцю гавару ёй:”Вялікі дзякуй за бязмежную любоў, мудрасць і мацярынскі клопат”. Іменна прафесіяналізм і адданасць любімай справе Марыі Сямёнаўны паспрыяў выбару маёй прафесіі.
Што ж для мяне значыць любімая работа? Гэта магчымасць пастаянна вучыцца разам з вучнямі, творчы падыход да працы, павага і ўдзячнасць бацькоў і, самае галоўнае, любоў дзяцей і да дзяцей.
Праца настаўніка патрабуе каласальнай душэўнай аддачы. Я заўсёды стараюся тлумачыць складаныя рэчы простай і зразумелай для дзяцей мовай. Важна зацікавіць і здзівіць іх, павесці за сабой, усяліць упэўненасць у паспяховасці і індывідуальнасці. Гонар настаўніка заключаецца ў росце і поспеху яго вучняў.
Настанік заўсёды ва ўсіх на віду. Жыццё за сценамі школы ўвесь час знаходзіцца пад пільным поглядам акружаючых, асабліва калі ты працуеш у сельскай мясцовасці. Быць эталонам складана. У любой сітуацыі стараюся быць на вышыні, выглядаць упэўнена і грацыёзна, быць прыкладам не толькі для сваіх вучняў, але і для калег, бацькоў. І зусім не важна, што ў цябе сёння дрэнны настрой, праблемы са здароўем або хатнія справы. Увесь негатыў я пакідаю перад школьным парогам.
Я не дабіваюся ідэальнай цішыні ў класе. Наадварот, люблю, калі вучні спрачаюцца, даказваюць сваё меркаванне праблемы і шляхі яе вырашэння. Таму што толькі ў разумнай спрэчцы нараджаецца ісціна. Імкнуся, каб кожны новы дзень дарыў радасць ад новых адкрыццяў і перамог, быў напоўнены цікавымі падзямі.
Святлана Хурса,
настаўніца пачатковых класаў
ДУА “Курылавіцкая сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад