Кожны народ, кожная сям’ я мае свае традыцыі, якія адрозніваюць іх ад іншых. У ДУА “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза І.Шарамета” існуюць свае традыцыі, якія свята захоўваюцца. Асабліва гэта датычыцца былых настаўнікаў-пенсіянераў, якія працавалі ў нашай школе.
Дырэктар школы В.М.Чэрнік упэўнены, што ветэраны педагагічнай працы заслугоўваюць пашаны. Іх багаты вопыт, мудрасць і творчы падыход да работы з’яўляецца сапраўдным скарбам, які перадаецца маладому пакаленню. Менавіта яны - стваральнікі многіх традыцый, якімі ганарыцца наш калектыў школы. Таму настаўнікам-пенсіянерам удзяляецца асаблівая ўвага 1-га верасня, на Дзень настаўніка, Вечар сустрэчы з выпускнікамі, Дзень абаронцы Айчыны,Свята жанчын. Але найбольш адказным часам як для калектыву, так і для ветэранаў педагагічнай працы з’яўляецца Новы год, таму што гэта падвядзенне вынікаў работы за год. Традыцыйна ў гэты час праходзіць акцыя “Чырвоная рукавічка”, мэта якой – паважлівыя адносіны да былых настаўнікаў.
У час навагодніх свят Дзед Мароз са Снягуркай, прадстаўнікі адміністрацыі, прафсаюзнага камітэта і члены педагагічнага калектыву школы адпраўляюцца ўвечары на аўтобусе віншаваць са святам сваіх былых калег. Стук у дзверы насцярожвае нашых настаўнікаў-пенсіянераў, але калі пачуюць знаёмыя галасы, то з радасцю і ўсмешкай адчыняюць дзверы. Слухаюць віншаванні, песні, прымаюць падарункі, расказваюць пра сябе, пра сваіх дзяцей, унукаў, успамінаюць гады працы ў школе, дзеляцца сваім вопытам…
Эмілія Пракоф’еўна Малашэнка, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, расказвала, як яна размяркоўвала ролі казачных персанажаў на навагодняе прадстаўленне сярод членаў педагагічнага калектыву ў далёкія 70-я гады XX стагоддзя. Расказваючы пра былое, у жанчыны свяціліся вочы, здавалася, што яна памаладзела на некалькі дзясяткаў гадоў. А Зінаіда Аляксееўна Ізотава, былы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, гаворыць, што школа – культурны цэнтр вёскі. У тыя часы ў школе быў арганізаваны настаўніцкі хор. Кожны тыдзень праводзіліся рэпетыцыі, на якія запрашаліся музычныя кіраўнікі з Гродна і Мастоў. Канцэрты прысвячаліся знамянальным датам, значным падзеям, на якія збіраліся ўсе жыхары Лунна. Творчы калектыў займаў прызавыя месцы на раённых аглядах-конкурсах, прымаў удзел у абласных мерапрыемствах.Настаўнікі ставілі пастаноўкі п’есаў вядомых беларускіх і рускіх драматургаў. Ролі выконвалі як сапраўдныя акцёры. Жыць было весела, і ёсць аб чым успомніць.
Рэма Філімонаўна Казак, настаўніца фізікі, расказала, што калі была пабудавана новая школа, то настаўнікі стараліся аформіць кабінеты адпаведна патрабаванням часу, нават звярталіся за дапамогай да сваіх былых выпускнікоў, якія працавалі ў Ваўкавыску ў мастацкай майстэрні. Прафкамам быў аб’яўлены конкурс на лепшы вучэбны кабінет. У канцы навучальнага года были падведзены вынікі, пераможцы ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.
Слухаем іх з замілаваннем. Зычым здароўя, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця. Няхай нашы добрыя пажаданні прыносяць ім радасць, а крокі дабрыні працягваюцца і для маладога пакалення будуць прыкладам у будучым. Запрашаем на святы. Адыходзячы,гаворым: “Да сустрэчы на Вечары школьных сяброў, які адбудзецца 1 лютага 2014 года ў 17 гадзін”.
Л. ЭЙСМАНТ, старшыня прафкама Лунненскай СШ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад