Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноОбщество

Жэўжык ды Дамавiк. У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі адкрылася выстава “Героі беларускіх казак, міфаў і легенд”

Жэўжык ды Дамавiк. У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі адкрылася выстава “Героі беларускіх казак, міфаў і легенд”19 сентября 2017 — 13:39

 

А пачыналася ўсё так. У свой час вядомы мастак Валерый Славук зрабіў ілюстрацыі да кнігі беларускіх міфаў, паданняў і казак “Чароўны свет”. Таленавітыя юнакі з Мінска, сярод якіх былі таксама ІТ-шнік Павел Арлоў, мастак Аляксандр Камянец і скульптар Антон Шыпіца пайшлі далей. Некалькі гадоў таму яны вырашылі на падставе тых малюнкаў зрабіць скульптуры для аднаго праекта на Нясвіжчыне. Хлопцы перагарталі шмат літаратуры, а затым ідэі кніжных малюнкаў увасобілі ў рэальнасць. Дарэчы, яны зляпілі міфічных істот у поўны рост. Са з'яўленнем першых экспанатаў пачалі паступаць запрашэнні на паказ герояў. Жадаючых убачыць сваімі вачыма Жэўжыка, Шатана, Жыценя, Злыдзеня было шмат.



У Гродна аўтары прывезлі 11 скульптур. Яны выстаўляліся ў Магілёве, Гомелі, Віцебску, іншых гарадах Беларусі. Пры гэтым аднолькавую неабыякавасць экспанаты выклікалі як у дзяцей, так і дарослых.



На адкрыцці выставы аўтар і натхняльнік праекта Павел Арлоў расказаў, што ён для сябе адкрыў не менш цікавых, як бонсцікі і пакемоны, персанажаў. На вялікі жаль, пра іх нашы дзеці мала што ведаюць.



Скульптар Антон Шыпіца расказаў, што ў хуткім часе да існуючых далучацца новыя персанажы. Яны прайшлі ўсе этапы выканання: лепку маленькіх фігурак, заліцце спецыяльнага матэрыялу ў гіпсавыя формы, апальванне ў печы, механічную апрацоўку, афарбоўку. У аўтараў праекта ёсць намер вырабіць усіх апісаных і намаляваных у “Чароўным свеце” персанажаў. А іх у кнізе каля ста. Акрамя таго, юнакі зрабілі камп'ютарны дадатак, які ў фармаце віртуальнай рэальнасці дазваляе ўбачыць не толькі, як гэтыя персанажы выглядаюць, але і рухаюцца.



Падчас адкрыцця экспазіцыі вядучы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Вера Хведчына нагадала прысутным пра кожнага героя, выстаўленага ў зале. У прыватнасці, пра сімвал багацця і дабрабыту Дзедку, апекуна беларускіх рэк Жэўжыка, захавальнікаў хатняга ачага Дамавіка і Дамавуху, а таксама іншых, не менш каларытных персанажаў.


Да 12 лістапада яны будуць штодзённа чакаць у музеі сустрэчы са сваімі наведвальнікамі, каб здзівіць і стаць нагодай для добрай усмешкі.


Фото аўтара
Ала БЯЛОВА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио