Партрэт Жанны Лявонцьеўны Новік, дырэктара дзяржаўнай установы культуры “Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў”, занесены на раённую Дошку гонару.
Пераканана, многія, хто асабіста знаёмы з Жаннай Лявонцьеўнай і хто хоць аднойчы наведаў цэнтр, успрынялі гэты факт як заканамернасць.У цэнтры рамёстваў яна працуе з першага дня яго заснавання. Спачатку — метадыстам, і ўжо чацвёрты год узначальвае гэтую цікавую творчую ўстанову. Цяжка сказаць, якое з народных рамёстваў не падуладна рукам Жанны Лявонцьеўны. Яна ўмее прасць, ткаць, вышываць, вязаць пруткамі і кручком, умее ствараць прыгожыя рэчы са скуры. тэкстылю. А калі чаго яшчэ не ўмее, неадкладна бярэцца вучыцца, і ўсё ў яе атрымліваецца як найлепш. Звычайна пра такіх майстрых кажуць, што ў іх залатыя рукі.
Калі трапляеш у выставачную залу цэнтра, міжволі спыняеш позірк на саматканых дыванах, вышываных ручніках і абрусах, вязаных сурвэтках. Посцілкі-перабіранкі нагадваюць кветкавы луг летам, на дыванах рознымі колерамі ззяе вясёлка, нібы толькі што прайшоў дождж. Я глядзела на гэтыя прыгожыя рэчы з захапленнем, а Жанна Лявонцьеўна з ледзь прыхаваным смуткам. Гэтыя посцілкі і дываны некалі ткала яе мама Вера Уладзіміраўна Ду-біцкая. Яна ўмела не толькі ткаць, але і цудоўна вышывала, вязала, шыла— была майстрыха на ўсе рукі. На вялікі жаль, Вера Уладзіміраўна рана пайшла з жыцця, таму і смутак у вачах яе адзінай дачкі. На шчасце, мама паспела перадаць Жанне амаль усе свае таленты і ўменні.
Жанна Лявоцьеўна лічыць, што ёй вельмі пашанцавала з работай. — Цэнтр рамёстваў — для яе аддушына і бясконцая магчымасць тварыць. А тварыць Жанна пачала, ледзь навучыўшыся трымаць у руках іголку і нажніцы. У пяць гадоў яна самастойна шыла ўбранні сваім лялькам. Ні ў адной з яе сябровак лялькі не мелі такіх прыгожых сукенак, кофтачак і спаднічак.
Калі яна падрасла, пачала шыць уборы для сябе, фасоны і мадэлі прыдумвала сама і старалася, каб яны не паўтараліся. І ткаць ад мамы навучылася раней, чым чытаць і пісаць.
—Кросны ў бабулінай хаце стаялі цэлую зіму. Мама з бабуляй Яўгеніяй Мікалаеўнай ткалі, а я ім дапамагала. Можна сказаць, што вырасла пад кроснамі, — з прыемнай настальгіяй успамінае Жанна Лявонцьеўна сваё дзяцінства.
Аб спецыяльнасці швачкі ці ткачыхі Жанна Лявонцьеўна тады сур’ёзна не думала. Меркавала, што шыць і вязаць павінна ўмець любая жанчына. А прафесію варта выбіраць сур’ёзную. Жаніна мама працавала настаўніцай пачатковых класаў. Дачка, паслухаўшыся яе парады, спрабавала паступіць у педагагічны інстытут. Праўда, жыццё ўсё расставіла па сваіх месцах. Замест педінстытута Жанна паступіла ў Мінскі тэхналагічны тэхнікум лёгкай прамысловасці, дзе атрымала спецыяльнасць канструктара-мадэльера.
Узначаліўшы цэнтр рамёстваў, Жаннна Лявонцьеўна прымае рашэнне нечаканае нават для самой сябе: зноў становіцца студэнткай факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, дзе вывучае народныя промыслы і рамёслы.
—Калі б я паступіла ва ўніверсітэт на год раней, дык дыплом атрымала б разам са старэйшай дачкой Верай, яна ў гэтым годзе заканчвае ўнівер-сітэт і будзе архітэктарам, — з гумарам расказвае Жанна Лявоцьеўна пра сваё і дачкі студэнцтва.
Калісьці мама навучыла яе прамудрасцям многіх народных промыслаў. Цяпер Жанна Лявонцьеўна стараецца перадаць свае навыкі дочкам Веры і Лізе. Дзяўчаты могуць шыць, вязаць, вышываць і нават на кроснах ткаць. Абедзьвюм ад мамы перадалося жаданне тварыць. Абедзьве закончылі мастацкае аддзяленне Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў, абедзьве цудоўна малююць. Ліза, як і старэйшая сястра, марыць стаць архітэктарам. Галава сям’і Алег Васільевіч сам канкрэтна рамёствамі не займаецца, але сваёй творчай жаночай палове сям’і заўсёды імкнецца дапамагчы, чым можа. Нарыхтаваць і прывезці саломы з поля, накасіць асакі для пляцення і забяспечыць майстроў цэнтра іншымі неабходнымі для работы матэрыяламі — для яго як закон.
Нават на сваім прыся-дзібным участку Новікі пасеялі і вырошчваюць спецыяльную траву і спецыяльны гатунак жыта з доўгімі сцяблінамі. Усё гэта пазней зразаецца нажніцамі ці жнецца сярпом, каб яшчэ пазней ператварыцца ў цудоўныя саламяныя шэдэўры.
З задавальненнем усведамляю: калі ёсць сярод нас творчыя асобы, якія не толькі здольны самыя нешта тварыць, але і вучаць гэтаму іншых — духоўныя і культурныя скарбы нашых продкаў не знікнуць.Сёння ў цэнтры рамёстваў працуюць сем майстроў. У іх малодшае пакаленне можа навучыцца ткаць, вышываць, вязаць, салома і лозапляценню, кераміцы і ганчарству, разьбе па дрэву і многім іншым відам рамёстваў.
Сёння Вольга Вайтовіч і Вольга Альховік, напрыклад, засвойваюць спіральнае пляценне з саломы. Гэта старажытны, амаль забыты спосаб саломапляцення, з ім пазней майстры змогуць пазнаёміць усіх жадаючых.
—У тым, што работа нашага цэнтра адзначалася шматлікімі граматамі і дыпломамі, а мой партрэт занесены на раённую Дошку гонару — заслуга ўсяго дружнага калектыву цэнтра, — лічыць Жанна Лявонцьеўна.
Быў час, калі Жанна Лявонцьеўна спрабавала ў Мастах адкрыць прыватнае атэлье. Шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын перашкодзілі тады яе планам. А шкада, бо многім мастаўчанам яна магла б дапамагчы апранацца элегантна, модна і, што немалаважна, індывідуальна. Што яна швачка ад Бога, мела магчымасць пераканацца сама. У свой час я звярталася да Жанны Лявонцьеўны пашыць сукенку на ўрачыстасць. І сёння з удзячнасцю ўспамінаю, з якой зацікаўленасцю і творчым падыходам яна аднеслася да майго заказу. Пазней знаёмыя, убачыўшы на мне абноўку, пыталіся, дзе я набыла такую прыгожую і арыгінальную сукенку. Для швачкі — гэта самая высокая ацэнка яе працы. Не ўтрымалася, каб не спытаць у Жанны Лявонцьеўны, ці не шкадуе , што не стала прадпрымальнікам?
— Цяпер ужо адназначна магу сказаць, што не шкадую. Мне здаецца, што я больш творца, чым рамеснік. Вядома, і ў майстэрні я шыла б прыгожае адзенне, якое, спадзяюся, падабалася б кліентам. А ў цэнтры ёсць унікальная магчымасць тварыць і натхняць на творчасць іншых, гэта мяне задавальняе больш, — пераканана Ж.Л. Новік.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Фота з сямейнага альбома Ж. Новік
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад