17 студзеня завяршыўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. 5 узнагарод - такі вынік удзелу каманды навучэнцаў дзяржаўнай установы адукацыі “Дубненская сярэдняя школа імя А.С.Данілава” на абласной алімпіядзе па вучэбнаму прадмету “Фізічная культура і здароўе”. Дыпломам другой ступені ўзнагароджаны навучэнец 11 класа Алег Гарчынскі, дыпломамі трэцяй ступені - навучэнец 11 класа Аляксей Курыловіч, навучэнка 10 класа Маргарыта Халецкая і навучэнцы 8 класа Дзіяна Іршанка і Мацвей Шапель. Такія высокія вынікі сталі магчымыя дзякуючы працавітасці юнакоў і дзяўчат і іх жаданню валодаць у дасканаласці любімым прадметам, бацькам, якія падтрымліваюць дзяцей, і, безумоўна, настаўніку па вучэбнаму прадмету “Фізічная культура і здароўе” Марыі Касазубавай, прафесіяналізм якой дапамагае школьнікам з дня ў дзень павышаць сваё майстэрства і імкнуцца да большага.
М.А.Касазубава выбудоўвае сістэму выхавання спартсмена, здольную даваць вынік на высокім узроўні. Заняткі Марыі Аляксандраўны ўнікальныя. Фізічная культура і здароўе – вучэбны прадмет, не падобны на іншыя, мае мноства тонкасцяў і складаных момантаў. На трэніроўках настаўнік вучыць працаваць над сабой, а не проста бегчы за вынікам. Для кожнага з выхаванцаў яна значна больш, чым проста трэнер - гэта блізкі і родны чалавек. Марыя Аляксандраўна дапамагае думаць, канцэнтравацца, запамінаць, змагацца на мяжы сваіх магчымасцей і перамагаць! У той жа час яна вучыць рабят быць уважлівымі і спагадлівымі да навакольных, сумленнымі, справядлівымі, а значыць, не проста паспяховымі ў спорце, але і надзейнымі таварышамі, вернымі сябрамі. Педагог знаходзіць падыход да кожнага, дзеліцца часцінкай душы з дзятвой, дапамагае рабятам паверыць у сябе, выхаваць лідэрскія якасці, цвёрдасць характару і сілу духу. Магчыма, таму яе вучні паспяховыя ў розных відах спорту. Былыя выпускнікі гавораць, што загартоўка, атрыманая ад выдатнага трэнера, дапамагае рэалізавацца і ў жыцці.
На пытанне, што парэкамендаваць маладым педагогам, якія толькі пачынаюць працаваць, Марыя Аляксандраўна адказвае:
- Выкарыстоўваць у сваёй рабоце пацверджаныя методыкі, распрацоўваць сістэму заняткаў, арыентавацца на ўзрост і фізічныя даныя выхаванцаў, каб максімальна раскрыць іх патэнцыял. Шукаць уласныя ўдалыя метады працы. Акрамя таго, вядома, што фізічнае развіццё дзіцяці адбываецца нераўнамерна, рыўкамі. Гэта абавязкова трэба ўлічваць для эфектыўнага кіравання падрыхтоўкай спартсменаў і ў кожны перыяд рабіць упор на станаўленне вызначаных узростам фізічных якасцей. Таленавітыя, адораныя дзеці былі, ёсць і будуць заўсёды. Неабходна сістэмна і мэтанакіравана займацца з імі. У гэтым і заключаецца задача настаўніка фізічнай культуры: разглядзець здольнасці дзіцяці, навучыць яго працаваць зацікаўлена, асэнсавана.
Прыродныя здольнасці, памножаныя на працавітасць, - такім бачыць настаўнік шлях да поспеху ў сваіх выхаванцаў. Але нават калі высокія вынікі пакарыліся не ўсім, карысць ад сістэматычных заняткаў спортам несумненна. Яны дазваляюць сфарміраваць характар, выхаваць сілу волі, такія выдатныя якасці, як мэтанакіраванасць і настойлівасць.
А што лічаць галоўным на шляху да перамогі юныя спартсмены?
- Спорт патрабуе поўнай самааддачы, і вельмі важна фізічная падрыхтоўка, - ўпэўнены адзінаццацікласнік Алег Гачынскі, на рахунку якога ўжо шмат дыпломаў рознага ўзроўню.
- Галоўнае - гэта стрэсаўстойлівасць. Калі выходзіш на спаборніцтвы, не ведаеш, які будзе вынік. Невядомасць - гэта заўсёды вельмі су’ёзны фактар стрэсу. Можна нават сказаць адзін з самых сур’ёзных. І гэта не толькі ў спорце. Гэта ўсюды. Важна адчуваць сябе членам каманды і умець браць адказнасць за агульны вынік, - разважае Аляксей Курыловіч.
На думку Маргарыты Халецкай, трэба ўмець прымаць крытыку:
- Займаючыся спортам, мы часта маем справу з крытыкай. Яна можа зыходзіць ад настаўніка або іншых членаў каманды. Імкнуся выкарыстоўваць крытыку на сваю карысць. Між тым трэба адрозніваць канструктыўную крытыку ад крыўдных заўваг. Часцей за ўсё крытыка дапамагае нам стаць лепш у любой справе.
Васьмікласнікі Дзіяна Іршанка і Матвей Шапель імкнуцца стаць ўзорам спартыўных паводзін:
- Паважайце супернікаў. Трымайце сваё самалюбства пад кантролем. Прайграўшы, старайцеся зразумець, што вы зрабілі не так, і змяніць гэта ў наступны раз.
Мабыць, галоўнай перавагай перамогі ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды становіцца тое, што юнакі і дзяўчаты атрымліваюць ільготы пры паступленні ў ВНУ. Так, адзінаццацікласнікі, якія заваявалі 1, 2 ці 3-е месца на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, маюць права паступаць у рэгіянальныя ўніверсітэты на спецыяльнасці, дзе профільным з’яўляецца прадмет, па якім заваяваны дыплом пераможцы. На ўрачыстай цэрымоніі закрыцця алімпіяды запрашэнні і рэкамендацыйныя лісты для паступлення на факультэт фізічнай культуры ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы” ад дэкана факультэта В.У.Храмава ўручаны навучэнцам Алегу Гарчынскаму і Аляксею Курыловічу.
І матываваныя юныя спартсмены дубненшчыны зноў і зноў наведваюць трэніроўкі, перамагаючы стомленасць, каб у будучым паказаць высокія вынікі.
Дзіна Лазовік, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі “Дубненская сярэдняя школа імя А.С.Данілава” тэл. +375(33) 6206149
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад