Усё пачынаецца са школы, а ў школе ўсё пачынаецца з настаўніка. Першыя крокі па вялікай краіне школьных ведаў навучэнцы робяць пад кіраўніцтвам першай настаўніцы. У ДУА “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета” працуюць творчыя і ініцыятыўныя настаўнікі пачатковых класаў, сярод іх Наталля Анатольеўна Буркас і Ірына Мікалаеўна Бачарова (на здымку злева направа).
Ірына Мікалаеўна і Наталля Анатольеўна пастаянна знаходзяцца ў творчым пошуку. Вядома, калі педагог захоплены сваёй справай, то ён абавязкова знойдзе, як захапіць ёю сваіх выхаванцаў. У іх метадычнай скарбонцы ўжо шмат напрацовак, але кожны раз нараджаюцца новыя задумкі, узнікаюць яркія ідэі. Прыкладам крэатыўнасці і адказнасці з’яўляецца ўдзел педагогаў у інавацыйнай дзейнасці. У ходзе рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі сістэмнамодульнага забеспячэння прафарыентацыйнага кампанента сучаснага адукацыйнага асяроддзя” І.М. Бачаровай і Н.А. Буркас падрыхтавана праграма і створаны электронны вучэбны дапаможнік па факультатыўным занятку “Падарожжа па краіне Геаметрыя”. Электронны дапаможнік настаўнікі прадставілі на рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і атрымалі дыплом І ступені.
Фарміраванне асобы школьніка напрамую залежыць ад арганізацыі яго самастойнай дзейнасці, развіцця ініцыятывы і творчасці, заахвочвання пазнавальнай цікавасці да прадмета. Менавіта гэтыя складальнікі і сталі прыярытэтным накірункам у дзейнасці настаўнікаў пачатковых класаў. Малодшыя школьнікі надзвычай дапытлівыя, непасрэдныя, хутка ўбіраюць у сябе ўсё новае, цікавае.
Сваю работу Ірына Мікалаеўна і Наталля Анатольеўна будуюць з улікам асобы дзіцяці, яго патэнцыялу і магчымасцей, стараючыся захоўваць гармонію ў развіцці яго эмоцый і інтэлекту. Галоўнай задачай у працэсе навучання лічаць выпрацоўку станоўчых эмоцый, каб ніхто з вучняў не адчуваў сябе абдзеленым увагай.
Вопытам сваёй дзейнасці настаўнікі з задавальненнем дзеляцца з калегамі: з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі раённых і абласных семінараў, выступаюць перад настаўнікамі пачатковых класаў у Гродзенскім ІРА, удзельнічаюць у выставах педагагічнага майстэрства.
Шмат зроблена і многа задумана Ірынай Мікалаеўнай і Наталляй Анатольеўнай. Наперадзе – дасягненне новых вяршынь педагагічнага майстэрства.
Падрыхтаваў да друкуС. ЗВЯРОВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад