Што значыць, пражыць жыццё дастойна? Ці існуе рэцэпт шчаслівага сямейнага жыцця? Якой меркай вымяраецца шчырасць, чалавечнасць, дабрыня? Над такімі пытаннямі было прапанавана паразважаць жыхаркам аграгарадка Зарудаўе, удзельніцам мерапрыемства, што ладзілася ў Зарудаўскай сельскай бібліятэцы.
Прайшла сустрэча ў рамках бібліятэчнага конкурсу на лепшае мерапрыемства для людзей сталага ўзросту, а ўдзел у ёй бралі жанчыны, што сваёй добрасумленнай працай, адносінамі да жыцця і нераўнадушнасцю могуць служыць прыкладам для моладзі.
Сваімі жыццёвымі гісторыямі дзяліліся Таісія Аляксандраўна Навіцкая, Галіна Уладзіміраўна Дзенісевіч, Вера Сяргееўна Красько, Ганна Віктараўна Бурдзюк, Валянціна Васільеўна Тарошчына, Антаніна Уладзіміраўна Аскірка і Алена Іванаўна Уцік. А на шчырую размову іх выклікала бібліятэкар Марыя Уладзіміраўна Рахунак.
– Хоць мы і ведаем адна адну даўно, але, часам, за ўласнымі клопатамі і праблемамі, нешта прапускаем, не заўсёды маем магчымасць падзяліцца радасцю ці падтрымаць у бядзе, наведацца ў госці ці проста патэлефанаваць. А гэтая сустрэча быццам вярнула нас на некалькі дзесяцігоддзяў назад, калі мы былі маладымі, – выказалі думку жанчыны.
Так, Галіна Уладзіміраўна Дзенісевіч больш за дваццаць гадоў узначальвала Зарудаўеўскі сельскі Савет, а свой прафесійны шлях пачынала ў мясцовым клубе мастацкім кіраўніком.
Таісія Аляксандраўна Навіцкая ўспомніла, што зарудаўская зямля стала для іх сям’і другой радзімай у 1981 годзе. Менавіта тады яе муж Цярэнцій Барысавіч узначаліў калгас “Савецкая Беларусь”, яна пайшла працаваць эканамістам, а дзеці – атрымліваць веды ў Зарудаўскай базавай школе.
Тысячамі пройдзеных кіламетраў і перанесеных кілаграмаў газет і часопісаў вымяраецца прафесійная дзейнасць былога паштальёна Веры Сяргееўны Красько. На працягу 32 гадоў яна штодня спяшалася да сваіх адрасатаў, каб даставіць ім свежую прэсу, пісьмы ці тэлеграмы.
Па размеркаванні калісьці трапіла ў Зарудаўе цяперашні стараста аграгарадка Ганна Віктараўна Бурдзюк. Спачатку працавала на ферме, затым была кладаўшчыком, а пасля – карміла смачнымі абедамі вучняў школы, якая некалькі гадоў таму была зачынена з-за недастатковай колькасці дзяцей.
Ужо 28 гадоў лічыць сябе мясцовай жыхаркай і Валянціна Васільеўна Тарошчына, што прыехала сюды разам з дзецьмі ў 1991 годзе. Яны ж дапамагаі ёй на ферме, дзе жанчына працавала даяркай.
Усё жыццё прысвяціла працы ў гаспадарцы і Антаніна Уладзіміраўна Аскірка. Аднавяскоўцы ведаюць яе як добразычлівага і вельмі актыўнага чалавека, які не пройдзе раўнадушна міма чужой праблемы.
Вяртаннем да каранёў лічыць сваё знаходжанне ў Зарудаўі Алена Іванаўна Уцік. Справа ў тым, што жыве яна з сям’ёй у Мастах, а летам разам з унукамі прыязджае ў бацькоўскую хату. Тут і дзецям раздолле, і сама адпачывае ад гарадской мітусні.
Ім, пражыўшым і працаваўшым поруч многія гады, было што ўспомніць і абмеркаваць за кубачкам духмянага чаю і прысмакамі “салодкага стала”. А каб размова працякала жывей і цікавей, яе арганізатар падрыхтавала віктарыну, гульню “Мазгавы штурм” і пытанні для роздуму. Аб мерапрыемстве, што стала прыемным падарункам для жанчын да Дня пажылых людзей і Дня маці, яе ўдзельніцам будуць нагадваць і падрыхтаваныя сувеніры.
Н. ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад