Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультура

Залатыя рукі ў ткачыхі з Гудзевіч

Залатыя рукі ў ткачыхі  з Гудзевіч19 января 2017 — 09:38

 

Веры Ігнатаўне Белакоз з Гудзевіч  прысуджана прэмія імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта  “За захаванне, адраджэнне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны, беларускіх нацыянальных традыцый” у намінацыі “Народны майстар года” за значны асабісты ўклад у захаванне, развіццё і прапаганду тэхналогіі падвойнага ткацтва вёскі Гудзевічы, аб’екта нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Цырымонія з нагоды атрымання прэміі  праходзіла ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

 

-- Я ў захапленні ад таго, што ў Прынёманскім краі  так многа творчых і таленавітых людзей, якіх давялося  пабачыць у  Гродна ў драматычным тэатры, дзе нам уручалі прэміі. Прыемна, што і маё ўменне заўважылі і ацанілі на такім высокім узроўні. А яшчэ прыемней  удвая, што ткаць, у тым ліку і падвойныя дываны,  мне  пашчасціла ў Гудзевічах навучыць многіх. Як ткачыха з радасцю магу засведчыць, што сёння  ткацтвам працягваюць займацца маладыя майстры і   сваё ўменне яны перададуць яшчэ маладзейшым. Так ужо заведзена  на гудзевіцкай зямлі., -- пасля атрымання прэміі з прыемнасцю  разважае Вера Ігнатаўна.

 

Няхай прабачыць мяне гэтая творчая жанчына, што выдаю  чытачам яе  шаноўны ўзрост, другога лютага  таленавітай ткачысе споўніцца  83 гады. У сваім паважаным узросце яна  і цяпер сядае за кросны ў час мерапрыемтваў, якія  ладзяцца ў Гудзевіцкім музея, каб правесці для жадаючых майстар-клас па ткацтву. Вучыцца  ткацтву ў Гудзевічы прыяджаюць з усёй Беларусі і нават з-за мяжы. І  ўсе застаюцца ў захапленні ад майстэрства Веры Ігнатаўны.

 

  У Веры Ігнатаўны Белакоз залатыя рукі, яна ўмее ткаць,  вышываць, вязаць на прутках і кручком.  Яно і не дзіўна,  у дні яе дзяцінства  і маладосці   мамы вучылі  гэтаму сваіх дачок. Ад свае  мамы Вольгі Сямёнаўны навучылася ўсяму  гэтаму і малая Вера. У гадоў дзесяць дзяўчынка  ўпершыню села за кросны, у чатырнаццаць --  ужо нараўне з дарослымі  ткачыхамі  ткала  зрэбнае палатно. З таго  часу ткацтва стала для Веры Ігнатаўны  любімым заняткам. Ходнікі, выткананыя ёю  ў маладосці, да гэтага часу захоўваюцца  ў доме, як  успамін аб далёкай маладосці.

 

 Сваю працоўную дзейнасць  Вера Ігнатаўна  пачынала ў школе, працавала  настаўніцай пачатковых класаў, пазней -- загадчыцай дзіцячага садка, з 1990 года да 2007 года – назіральнікам у Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым  музеі. Яшчэ пад час працы ў школе, ў 1970 годзе яна арганізавала ткацкі гурток для дзяцей, дзе пачала асвойваць і перадаваць дзецям тэхніку ткацтва на ручных кроснах. Перайшоўшы на працу ў музей, яна  гэтую справу працягвала, стала працаваць на вялікіх кроснах тэхнікай шматнітовага і пераборнага ткацтва.

 

Працуючы назіральнікам музея, В.І. Белакоз займалася вывучэннем і захаваннем традыцыйнага ткацтва Гудзевіцкага рэгіёна. Да 2006 года была кіраўніком ткацкага гуртка, дзе штогод займалася больш за пятнаццаць дзяцей. Вучні старэйшых класаў, засвоіўшы тэхніку ткацтва на ручных кроснах, вучыліся пад кіраўніцтвам Веры Ігнатаўны ткаць і на вялікім станку.  

 

Калі ў фондах Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея з’явіліся падвойныя дываны, створаныя ў першай палове ХХ стагоддзя на Гродзеншчыне, узнікла ідэя адрадзіць тэхніку стварэння такіх дываноў. У 1990 годзе В.І. Белакоз выткала першы дыван у такой тэхніцы, засвоіўшы сакрэты майстэрства ад Ядзвігі Аўгустаўны Райскай  з вёскі Адэльск Гродзенскага раёна.

 

 Вера Ігнатаўна не проста пераняла вопыт, але і прынесла ў падвойнае ткацтва свае асаблівасці і адметнасці. Яе тканіны адрозніваюцца ад традыцыйных дываноў Ядзвігі Райскай кампазіцыйна і размяшчэннем узораў, больш спрошчаных, у асноўным расліннага і геаметрычнага характару. Адзін з паўтараемых малюнкаў – васьміканцовая разетка. Усё гэта дазваляе гаварыць аб “гудзевіцкай традыцыі” падвойнага ткацтва, якая ў 2011 годзе была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. 

 

Вера Ігнатаўна і пасля выхаду на заслужаны адпачынак актыўна працягвае працу па захаванню і адраджэнню традыцый народнага ткацтва, у тым ліку і падвойнага.  Падвойныя дываны  майстрыхі ўпрыгожваюць экспазіцыю ўстановы культуры “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей”, захоўваюцца ў фондах іншых музеяў.

 

За актыўную прапаганду народных традыцый  В.І. Белакоз  неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і дыпломамі. Так у 2012 годзе за ўдзел у рэгіянальным семінары-практыкуме па падвойнаму ткацтву “Адраджэнне і папулярызацыя падвойнага ткацтва на Беларусі” атрымала падзяку Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, у 2013 годзе ўзнагароджана Дыпломам лаўрэата І ступені на рэгіянальным фестывалі абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”, у 2014 годзе – Дыпломам лаўрэата на Х Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродна. 23 снежня 2013 года рашэннем Экспертнай камісіі па народнаму мастацтву, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь Веры Ігнатаўне Белакоз быў прысвоены статус “народны майстар” за захаванне і развіццё традыцый падвойнага ткацтва. Работы Веры Ігнатаўны былі прадстаўлены на нацыянальнай выстаўцы “Беларускі гасцінец” у Ашхабадзе ў рамках візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Туркменістан, якая праходзіла ў снежні 2015 года.

 

--Хоць я выткала ні адзін падвойны  дыван, менавіта гэты, які пабываў у Ашхабадзе і яшчэ на многіх выстаўках і спадбаўся многім, мне асабліва памятны і дарагі. Ён і сёння беражна захоўваецца ў мяне дома і яго я нікому не прадам ні за якія грошы,-- расказвае Вера Ігнатаўна.

 

У мінулым годзе на базе ўстановы культуры “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей” ладзіліся  мерапрыемствы, у  якіх  майстар. прыняла актыўны ўдзел. Дзевятага красавіка 2016 года быў распачаты цыкл мерапрыемстваў пад агульнай назвай “Гудзевіцкі фэст”, тым разам прысвечаны менавіта ткацтву. Вера Ігнатаўна расказвала прысутным пра сваю работу і праводзіла майстар-клас па ткацтве на вялікіх кроснах падвойных дываноў.

 

14 красавіка 2016 года майстрыха атрымала Падзяку за шматгадовую плённую працу па захаванню і папулярызацыі мясцовай тэхналогіі падвойнага ткацтва і актыўны ўдзел у рэгіянальным свяце народнай творчасці “Ад прадзіва да ткацтва”, што праходзіла ў Гродна. 10-12 чэрвеня 2016 года майстар дзялілася вопытам з тымі, хто наведаў летнюю школу “Майстэрня падвойнага ткацтва” у Гудзевічах.

 

 У складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці В.І. Белакоз  прадстаўляла лепшыя культурныя традыцыі рэгіёна на “Славянскім базары – 2016” у Віцебску.

 

Слаўна, што Мастоўшчыне  ёсць выдатныя майстры, якія многае робяць для таго, каб іх майстэрства не знікла, а працягвала развівацца!

 

 Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ  

 

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио