03 апреля 2026 — 10:36
З 23 па 27 сакавіка ў Гомелі адбыўся заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Па выніках спаборніцтваў Матвей Шапель, навучэнец Дубненскай сярэдняй школы імя А. С. Данілава, увайшоў у лік пераможцаў, заваяваўшы дыплом 3 ступені.
Алімпіяда па гэтым прадмеце – адна з самых маладых у рэспубліцы і праводзіцца з 2018 года. Праграма спаборніцтваў традыцыйна ўключае тры туры, накіраваныя на комплексную праверку ведаў і ўменняў удзельнікаў. У рамках першага тура навучэнцы выконвалі тэарэтычныя заданні, якія ахопліваюць пытанні, звязаныя з фізічнай культурай, спортам, гісторыяй Алімпійскіх гульняў. Далей – шмат практычных напрамкаў: паказаць лепшы вынік у плаванні на 50 метраў, у спартыўных гульнях – баскетболе, гандболе, валейболе і футболе. З гэтых відаў складаецца гульнявая камбінацыя, якую неабходна выканаць максімальна хутка і без памылак. І апошні тур – праверка ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі. Сюды ўваходзяць чаўночны бег 4х9 метраў, скачок у даўжыню з месца. Юнакі выконваюць падцягванні на высокай перакладзіне, а дзяўчыны – кідок мяча з-за галавы дзвюма рукамі.
Цяперашняя ўзнагарода – не адзіная на рахунку дзевяцікласніка. Матвей – неаднаразовы пераможца абласной алімпіяды па вучэбнаму прадмету “Фізічная культура і здароўе” сярод навучэнцаў ІІ ступені, спаборніцтваў па зімняму і летняму шматбор’ю “Здароўе” Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплекса Рэспублікі Беларусь “Гатовы да працы і абароны”, першанства Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы, спартакіяды ДЮСШ Гродзенскай вобласці, прысвечанай Сусветнаму дню лёгкай атлетыкі, па футболе ў праграме спартакіяды Гродзенскай вобласці “Каласок”, спаборніцтваў па зімнім шматбор’і “Абаронца Айчыны” сярод дапрызыўнай і прызыўнай моладзі.
.jpg)
Трэнер пераможцы, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Марыя Касазубава падкрэслівае важнасць пастаяннай працы для дасягнення высокіх вынікаў:
Каб дасягнуць выдатных паказчыкаў, неабходна пастаянна трэніравацца. Падчас заняткаў вучні развіваюць такія якасці, як цярпенне, мэтанакіраванасць і канцэнтрацыю.
Для Матвея спорт – гэта не проста хобі, а лад жыцця. Юнак расказвае, што спорт змяніў яго ва ўсіх аспектах:
– Займаюся з Марыяй Аляксандраўнай з 2 класа. Я стаў мацнейшым фізічна, маральна і духоўна. Удзел у спаборніцтвах дазволіў пабываць у розных кутках нашай рэспублікі: Мінску, Віцебску, Гомелі, Пінску, практычна ва ўсіх раённых цэнтрах Гродзенскай вобласці. Падрыхтоўка да спаборніцтваў – унікальная магчымасць навучыцца працаваць у камандзе. Гэта моцна гуртуе, ты знаходзіш сабе сяброў на ўсё жыццё, з якімі аб’яднаны агульнай мэтай. Гэта вельмі крута!
Падтрымка бацькоў Васіля Іванавіча і Таццяны Васільеўны адыгрывае важную ролю для юнага спартсмена. Яны дапамагаюць арганізаваць час так, каб была магчымасць дастаткова ўвагі надзяляць трэніроўкам, вучобе і адпачынку.
– Хачу выказаць вялікую падзяку педагогу Марыі Аляксандраўне, якая заўсёды матывуе, падтрымлівае ў любой сітуацыі і проста за тое, што яна ёсць у маім жыцці, – кажа пераможца і заклікае ўсіх займацца спортам і адмовіцца ад шкодных звычак: – Існуе безліч цікавых і карысных заняткаў. Займайцеся спортам, і вы ўбачыце, як зменіцца ваша жыццё!
Дзіна ЛАЗОВІК, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад