27 августа 2026 — 13:35
Ёсць людзі, чый жыццёвы шлях непарыўна пераплятаецца з гісторыяй роднага краю. Яны не проста жывуць побач з мінулым — яны беражліва збіраюць яго часцінкі, захоўваюць успаміны, перадаюць іх дзецям і тым самым дапамагаюць мінуламу не знікнуць у няўмольным бегу часу.
Менавіта такой захавальніцай душы і памяці свайго краю стала Рэгіна Станіславаўна Вялічка — настаўнік пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Пескаўскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Віктара Іванавіча Яронькі.
З дзяцінства яна ведала, што стане педагогам. Напэўна, так было наканавана лёсам. А можа, усё пачалося значна раней — з першай школьнай сцяжынкі, з гуку школьнага званка, з цікаўнага дзіцячага позірку, які калісьці сам шукаў адказы на свае пытанні. Так ці інакш, настаўніцтва паступова стала не проста прафесіяй, а яе жыццёвым прызначэннем. Гэта быў той рэдкі выпадак, калі выбар прафесіі адбываецца не ў адзін дзень, а паступова, разам з чалавекам, становіцца часткай яго характару і жыццёвага шляху.
Нарадзілася Рэгіна Станіславаўна ў маляўнічым прынёманскім краі, у невялічкай, але ўтульнай вёсачцы Струбніца, што ласкава прытулілася на мяжы Ваўкавыскага і Мастоўскага раёнаў. Тут прайшлі яе дзіцячыя гады, тут нарадзілася тая асаблівая сувязь з роднай зямлёй, якая з гадамі не слабее, а становіцца толькі мацнейшай.
Базавую адукацыю Рэгіна Станіславаўна атрымала ў Струбніцкай васьмігодцы, а Пескаўскую сярэднюю школу закончыла са срэбным медалём. Менавіта школа стала для яе не проста месцам вучобы, а часткай жыцця, да якой яна будзе вяртацца зноў і зноў.
Пасля заканчэння Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча Рэгіна Станіславаўна вярнулася ў Пескаўскую школу, працавала старэйшай піянерскай важатай. Імкненне да прафесійнага росту прывяло яе на факультэт пачатковых класаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаўшы дыплом настаўніка пачатковых класаў, яна прыйшла працаваць у родную Струбніцкую школу.
Як кажуць у народзе: «Дзе нарадзілася — там і спатрэбілася». У гэтых простых словах — цэлая жыццёвая філасофія. Выпускніца школы вярнулася туды ўжо настаўніцай. Ёй былі знаёмы кожны куточак, кожная сцяжынка. І, напэўна, кожная з іх захоўвала нейкую частачку яе дзяцінства. Час мяняе людзей, будынкі, падзеі, але ёсць месцы, якія назаўсёды застаюцца ў сэрцы сваімі.
Ужо пяцьдзясят гадоў Рэгіна Станіславаўна займаецца любімай справай. Пяцьдзясят гадоў — гэта цэлая эпоха, некалькі пакаленняў вучняў, тысячы ўрокаў, сустрэч, размоў і маленькіх адкрыццяў. І ніколі не шкадавала яна пра тое, што калісьці выбрала гэты няпросты, але высакародны шлях.
У 2014 годзе лёс зноў прывёў яе ў Пескаўскую сярэднюю школу — настаўнікам пачатковых класаў і кіраўніком школьнага музея.
З таго часу музей стаў для Рэгіны Станіславаўны не проста месцам, дзе захоўваюцца старыя рэчы, дакументы і фотаздымкі. Ён стаў прасторай памяці, своеасаблівым мостам паміж мінулым і сучаснасцю. Вельмі хутка дзякуючы яе намаганням школьны музей набыў статус «народны» і стаў сапраўдным цэнтрам патрыятычнага выхавання.
Урокі мужнасці, сустрэчы з цікавымі людзьмі і ветэранамі, экскурсіі, музейныя заняткі, тэатралізаваныя прадстаўленні — толькі частка той вялікай работы, якую праводзіць Рэгіна Станіславаўна як кіраўнік музея.Яна імкнецца абудзіць у кожнага навучэнца цікавасць да гістарычнай спадчыны беларускага народа, да нацыянальнай культуры, дапамагчы ўбачыць у кожным дзіцяці іскрынку творчасці, здольнасць стварыць нешта незвычайнае, асаблівае, сваё.
Асаблівае месца ў гэтай працы займае пошукавая дзейнасць. Колькі сіл, часу і душэўнай цеплыні аддае ёй настаўніца! Разам са сваімі выхаванцамі яна праводзіць экскурсіі, сустракаецца з ветэранамі і старажыламі, запісвае іх успаміны, збірае рэдкія прадметы побыту.Гэта праца патрабуе цярпення. Часам трэба доўга шукаць патрэбную звестку, размаўляць з людзьмі, перабіраць старыя фотаздымкі і дакументы, каб аднавіць маленькую старонку гісторыі. Але менавіта з такіх маленькіх старонак і складаецца вялікая памяць роднага краю.
Даследчыя работы яе выхаванцаў, членаў пошукавай групы, неаднаразова былі адзначаны дыпломамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. І ў гэтых дасягненнях — не толькі вынік вучнёўскай працы, але і вялікая заслуга настаўніка, які ўмее зацікавіць, падтрымаць, накіраваць і дапамагчы паверыць ва ўласныя сілы.
Рэгіна Станіславаўна з’яўляецца аўтарам музейнай праграмы «Музей школе». Асаблівую цікавасць у ёй выклікае раздзел «Міні-музей у вучэбным кабінеце», да рэалізацыі якога сёння прыцягнуты ўсе настаўнікі-прадметнікі. Так музейная справа выходзіць за межы аднаго памяшкання і становіцца часткай школьнага жыцця.
Вынікі працы Вялічка Р.С., яе багаты вопыт сістэматычна асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі. Неаднаразова ў школьным музеі пабывала здымачная група Гродзенскага тэлебачання, гучалі рэпартажы на радыё «Сталіца», ладзіліся сустрэчы з карэспандэнтамі «Настаўніцкай газеты», раённай газеты «Зара над Нёманам».
За гады руплівай працы Рэгіна Станіславаўна стала для сваёй малой радзімы больш чым педагогам: у ёй бачаць глыбокага знаўцу мясцовай гісторыі і сапраўдную ахоўніцу яго багатай душы і жывой памяці. І гэтае вызначэнне, напэўна, як нельга лепш перадае сутнасць яе жыццёвай і прафесійнай дзейнасці.
Жыццёвы і прафесійны шлях Рэгіны Станіславаўны Вялічка — прыклад сапраўднай адданасці высакароднай настаўніцкай справе. Такія педагогі ствараюць моцны падмурак краіны,бо яны разумеюць сваю няпростую місію- захаваць душу нацыі для будучых пакаленняў, выхаваць чалавека, які будзе ганарыцца, што ён беларус.
Галіна Раманаўна Гах,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад