Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультура

Захапленне чытаннем прывяло ў прафесію

Захапленне чытаннем прывяло ў прафесію06 марта 2017 — 13:45

Людміла Іосіфаўна Пакаціла працуе загадчыкам аддзела абслугоўвання і інфармацыі дзяржаўнай установы культуры “Мастоўская раённая бібліятэка”. Работнікі гэтага аддзела, першымі сустракаюць сваіх наведвальнікаў, і ад іх прафесіяналізму, дасведчанасці і ўмення знайсці падыход да кожнага наведвальніка, каб задаволіць яго інтэлектуальныя запатрабаванні і каб чалавек яшчэ не раз прыйшоў у бібліятэку. 

 

Заканамерна, што Людміла Іосіфаўна выбрала менавіта прафесію бібліятэкара. Дома ў іх неблагая бібліятэка, сабраная мамай Ірынай Сяргееўнай, якая працавала настаўніцай. У школьныя гады, нягле-дзячы на тое, што дома кніг хапала, дзяўчынка была актыўным чытачом усіх гарадскіх бібліятэк. Пасля заканчэння школы спрабавала паступіць на гістарычны факультэт, але не прайшла па конкурсу. І тут у жыццё дзяўчыны ўмяшаўся яго вялікасць выпадак, які і паўплываў пазней на выбар прафесіі. Тагачасны дырэктар раённай бібліятэкі Ірына Сцяпанаўна Мятлюк запрасіла дзяўчыну да сябе на працу.


—Прыняла прапанову практычна адразу ж. Я з дзяцінства люблю чытаць, у той час добрая кніга была дэфіцытам, а ў бібліятэкара — унікальная магчымасць мець доступ да ўсіх літаратурных навінак і прачытваць іх першым., — разважае Людміла Іосіфаўна аб тым, як стала бібліятэкарам.


Праз год Людміла зноў спрабуе паступаць у інстытут, але на гэты раз ужо ў Мінскі інстытут культуры. Гады вучобы ў сталіцы праляцелі хутка. І ўжо дыпламаваным спецыялістам прыязджае Людміла Іосіфаўна ў бібліятэку роднага горада. І з таго часу не змяняла месца працы, больш за трыццаць гадоў аддала бібліятэчнай справе.


Яна чалавек творчы, кожны год прапануе сваім карыстальнікам новыя паслугі, цікавыя мерапрыемствы і сустрэчы. Пры Мастоўскай раённай бібліятэцы створаны і працуюць мультымедыйны цэнтр, публічны цэнтр прававой інфармацыі, аўтаматызаванае месца для інвалідаў па зроку і літаратурна-музычная гасцёўня “Натхненне”. Абслугоўваннем аддаленых вёсак займаецца бібліобус — перасоўная бібліятэка на калёсах, вядзецца работа па абслугоўванню чытачоў з выездам на прадпрыемствы і ўстановы горада.


Людміла Іосіфаўна паспяхова каардынуе работу ўсіх падраздзяленняў аддзела. Сёння 5470 чалавек з’яўляюцца чытачамі дзяржаўнай установы культуры “Мастоўская раённая бібліятэка”.


Пад кіраўніцтвам Людмілы Іосіфаўны Пакаціла пры бібліятэцы быў створаны міні-музей “Свет дакамп’ютэрнай тэхнікі”, дзе прадстаўлены ўзоры тэхнікі, якая выкарыстоўвалася ў паўсядзённым жыцці і працы ў ХХ стагоддзі.


З мэтай прыцягнення цікавасці насельніцтва да кнігі і чытання аддзел абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі ў летні перыяд, арганізоўвае культурна-забаўляльную прастору “Храм мудрага дуба”. Любы жадаючы, зручна размясціўшыся на крэсле ў цені дуба, які расце каля бібліятэкі, можа пачытать кніжныя навінкі, пагартаць часо-пісы, атрымаць поўныя звесткі аб бібліятэчных паслугах. Побач арганізавана зона адпачынку для дзяцей, дзе яны могуць пазабаўляцца на міні-батуце.


Людміла Іосіфаўна каля трыццаці гадоў з’яўляецца нязменным кіраўніком літаратурна-музычнай гасцёўні “Натхненне”, якая была створана ў 1984 годзе. На працягу гэтага часу ў літаратурна-музычнай гасцёўні арганізоўваліся сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі: В.Быкавым, А.Русаком, Л.Дранько-Майсюком, А.Махначом, П.Місько, М.Шаўчонак, Л.Кебіч, Б.Ермашкевічам і іншымі літаратарамі. Шмат цікавых сустрэч адбываецца ў гасцёўні і з мясцовымі паэтамі.


Менавіта Людміла Іосіфаўна з’яўляецца стваральнікам буктрэйлераў па кнігах Васіля Быкава “Пайсці і не вярнуцца” і Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”.


На сайце ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” размешчана віртуальныя выстава “Кнігі на кожны час года”, якая складаецца з чатырох частак. Вя-дзецца актыўная работа па стварэнню прэзентацыі “Знакамітыя людзі Мастоўшчыны”.


—Функцыі бібліятэкі ў сучасных умовах не абмяжоўваюцца толькі выдачай кніг, яны значна пашырыліся. Нават наведвальнікаў бібліятэк мы сёння называем не чытачамі, а карыстальнікамі, бо прыходзяць яны ў бібліятэку не толькі за цікавай кнігай.

Бібліятэкарам стала працаваць складаней, але цікавей. І я думаю, што пакуль будуць тыя, хто імкнецца да ведаў, каго вабіць да сябе добрая кніга, прафесія бібліятэкара будзе запатрабаванай, — пераканана Людміла Іосіфаўна.

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио