Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Загадкавая і прывабная Ліпічанская пушча

Загадкавая і прывабная Ліпічанская пушча09 апреля 2012 — 10:00

З пачаткам вясны і надыходам цяпла прачынаецца ўсё жывое. Разам з першай зелянінай расце і наша жаданне вы-ехаць хутчэй на прыроду, паспытаць радасці ад свежага вясновага паветра, услухацца ў задаволены гоман птушак. А жывапісных мясцін для такіх мэт у нашым раёне хапае. І на гэты раз гаворка пойдзе пра Ліпічанскую пушчу.

Для захавання дзівоснага свету прыроды 10 год таму тут быў створаны рэспубліканскі ландшафтны заказнік. Зараз адміністрацыяй ствараюцца неабходныя ўмовы для развіцця аграэкатурызму.

Як нам расказаў дырэктар заказніка Аляксандр Тамашавіч Маркевіч, тут ёсць спецыяльна абсталяваныя месцы для турыстаў, прапаноўваюцца два маршруты для сплаву на байдарках, што звычайна пачынаюць дзейнічаць з мая. Распрацаваны і разнастайныя экалагічныя сцежкі, якія пачынаюцца ў прыгожым месцы на беразе Шчары – каля асвечанай крыніцы, дзе бруіцца чысцюткая жывая вада, якая не замярзае нават у самыя лютыя маразы. Кажуць, крыніца гэта мае лекавую сілу.  

 Тут жа ёсць старая дзягцярня, якая была зроблена ў пасляваенны час з прытрымліваннем усіх прынцыпаў выганкі дзёгцю, што выкарыстоўваліся ў пушчы на працягу стагоддзяў. Такія промыслы былі характэрны для жыхароў беларускіх лясоў, аднак сёння падобныя міні-заводы мала дзе захаваліся.

Далей турыстычная сцежка завядзе вас у вёску Шымкі, недалёка ад якой знаходзіцца мемарыял ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа, на турыстычнай базе РЛЗ «Ліпічанская пушча», вы зможаце ўбачыць зямлянку-музей, прысвечаны партызанскай славе. Ліпічанская пушча была галоўнай партызанскай базай Гродзеншчыны ў ваенныя гады, немцы так і не змаглі знішчыць гэту партызанскую зону.

Недалёка ад зямлянкі, пасярод лесу, знаходзіцца сапраўдная партызанская лазня, якой, калі ёсць жаданне, таксама можна  скарыстацца. Акрамя гэтага, у вёсцы арганізаваны аграсядзібы, дзе можна пазнаёміцца з асаблівасцямі быту пушчанскіх жыхароў, адпачыць у прыгожым месцы на беразе ракі.

Не пакіне вас раўнадушнымі невялічкі востаў Закаханых, які размясціўся пасярэдзіне Шчары каля вёскі Шымкі. Па сваёй форме ён нагадвае сэрца, вы ў гэтым упэўніцеся самыя, калі паглядзіце на яго з моста праз раку. У народзе нават існуе павер’е, што калі маладажоны пабываюць на гэтым востраве пасля заключэння шлюбу, то іх сям’я будзе моцнай і шчаслівай.

За Шымкамі ёсць яшчэ адна мясціна, якая заслугоўвае вашай ўвагі. Каля невялічкага балотца растуць разам алешына, ясень, белая і чорная бярозы. Чорная бяроза занесена ў Чырвоную кнігу, яна вельмі рэдка сустракаецца ў Беларусі. У пушчы іх зафіксавана ўсяго шэсць. Наконт гэтага незвычайнага месца ў мясцовых жыхароў таксама існуюць легенды.

Непаўторнае хараство прыроды – вось галоўнае багацце Ліпічанскай пушчы. Адно яе месцазнаходжанне – паміж Нёманам і Шчарай --  стварыла ўсе ўмовы, каб ад мясцовых пейзажаў займала дух. Захаваліся тут і ўнікальныя дубравы, дзе ўзвышаюцца веліканы-дубы, якім ўжо па 200-450 гадоў, цікавасць выклікаюць рэшткі ледніковых парод і дзюнны ландшафт. У пушчы можна сустрэць мноства рэдкіх раслін, ёсць нават унікальныя.  Напрыклад, цэлыя палі чарамшы (мядзвежая цыбуля), якая даволі рэдка сустракаецца на тэрыторыі нашай краіны. Тут адзначана 17 відаў раслін і каля 30 відаў птушак, жывёл і насякомых, занесеных ў Чырвоную кнігу РБ.

Сярод птушак і жывёл тут пражываюць разнастайныя віды качак, лебядзеў, бакланаў, кулікоў, чапляў, а таксама дзікі, ласі, алені, бабры, выдры і многія іншыя жыхары насяляюць гэты дзіўны лясны край.

 Нездарма гэтыя прыгожыя мясціны так вабяць да сябе турыстаў з розных краін. Не знайсці лепшага месца для пешага і воднага турызму. Ліпічанская пушча ўмее здзівіць, прывабіць, зачараваць з першага позірку, з першага знаёмства. Недзіўна, што сюды хочацца вяртацца зноў і зноў.                  

А. КАНДРАТОВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио