Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Задача наша – вучыць, і вучыць якасна

Задача наша – вучыць, і вучыць якасна28 августа 2013 — 10:00

Па выніках  абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы наш аддзел адукацыі не раз быў сярод пераможцаў і прызёраў, а ў мінулым годзе  заняў першае месца. Як удаецца педагогам раёна дасягнуць такой высокай планкі і ўтрымліваць яе працяглы час?  Пра гэта гутарка з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В.С. Ціхановічам.

—Валянцін Сцяпанавіч, першага верасня шматлікая армія хлопчыкаў і дзяўчынак пасля працяглага летняга перапынку зноў адправіцца ў паход за ведамі.  Што іх чакае ў гэтым  падарожжы?

— Галоўная задача вучня — старанна і добрасумленна  спасцігаць школьныя навукі. Задача настаўніка — арганізаваць навучальны працэс так, каб  навукі спасцігаліся  з цікавасцю і лёгкасцю, каб вучань ішоў у школу з радасцю.    Сёння ў сістэме адукацыі  раёна дзейнічаюць дзве гімназіі, дзевяць школ, восем  вучэбна-педагагічных комплексаў, два дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці, пяць ясляў-садоў, эколага-біялагічны цэнтр, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі,  вучэбна-вытворчы камбінат. На жаль, з-за малой колькасці дзяцей і з мэтай аптымізацыі навучальнага працэсу, з першага верасня  будуць зачынены Машталерская базавая школа і Бялавічскі дзіцячы сад.  Павышэнню якасці работы ўстаноў адукацыі  садзейнічала правядзенне раённага ў рамках абласнога  агляду-конкурсу за права з’яўляцца брэндам  сістэмы адукацыі раёна. Ганаровага звання ўдастоены гімназія №1, Лунненская сярэдняя школа, раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Гудзевіцкі дзіцячы сад, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. Масты.

  —Якія б навукова-тэхнічныя  інавацыі не адбываліся ў грамадстве,  галоўная асоба ў школе—настаўнік?

 —Сапраўды, добры настаўнік на ўсё жыццё застаецца  ў памяці вучняў. У сістэме адукацыі раёна  зараз заняты 786 чалавек, 622 з іх маюць вышэйшую адукацыю.  Сёлета 24 маладыя спецыялісты  прыбылі на работу ва ўстановы адукацыі раёна. Думаю, што сярод іх нямала людзей граматных, творчых. Задача наша — стварыць для іх працы і творчага развіцця такія ўмовы, каб у школах ці дзіцячых садах яны затрымаліся  ў нашым раёне надоўга. Для самых ініцыятыўных і мэтанакіраваных ёсць усе магчымасці для прафесіянальнага і кар’ернага росту. На сённяшні дзень кіруючыя пасады ў сістэме адукацыі  займаюць восем педагогаў ва ўзросце да 30 гадоў.  Адметная падзея адбылася ў маі сёлетняга года,  калі рэспубліканскі клуб “Крыштальны журавель” на базе нашага раёна правёў змястоўны і неабходны  семінар-акцыю па прапагандзе і перадачы лепшага  вопыту, сучасных метадычных  распрацовак, новых педагагічных ідэй і інавацый.

  —Вынік работы настаўніка—гэта якасныя веды, поспехі яго вучняў. Чым могуць ганарыцца педагогі Мастоўшчыны?

—Аналіз выніковай паспяховасці паказвае, што якасць вучэбных дасягненняў за апошнія гады  павышаецца, павялічылася колькасць вучняў, якія займаюцца на “9” і “10”. У 2013 годзе выдадена 367 пасведчанняў аб заканчэнні базавай школы, з іх 34 — з адзнакай. Атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі выдадзены 279 выпускнікам, з іх 17 - асобага узору з узнагароджаннем  залатымі медалямі, адзін выпускнік узнагароджаны сярэбраным медалём.Добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні паказалі выпускнікі Правамастоўскай сярэдняй школы: па  ўсіх сямі прадметах у іх сярэдні бал вышэйшы   за раённы паказчык. Сярод лепшых — Марыя Гайдаш, выпускніца Курылавіцкай школы(яна атрымала 95 балаў па біялогіі), 91 бал па матэматыцы ў выпускніка СШ №2 г. Масты Яўгена Чарняка, 91бал  па беларускай мове  ў Вольгі Габрусевіч з Гудзевіцкай гімназіі, 91 бал па біялогіі  ў Юліі Пячура і 90 -- па рускай мове ў Дар”і Грышанковай з СШ №2.

  —Валянцін Сцяпанавіч, якія змены  і асаблівасці чакаюць  педагагічную і вучнёўскую грамадскасць і бацькоў у новым навучальным годзе?

  — Згодна з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі  Рэспублікі Беларусь і на аснове запытаў вучняў, плануецца адкрыццё ў дзесятых класах СШ №2,3,5, гімназіі №1 г. Масты, Дубненскай і Лунненскай сярэдніх школах груп з вывучэннем прадметаў філалагагічнага, фізіка-матэматычнага, гісторыка-грамадазнаўчага накірунку на павышаным узроўні.  31  жніўня заканчваецца пераходны перыяд, вызначаны Міністэрствам адукацыі РБ, пасля ўвядзення ў дзеянне новай рэдакцыі Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджаных Законам Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым, установы адукацыі павінны кіравацца Правіламі ва ўсіх сферах выкарыстання пісьмовай беларускай мовы.

  — Валянцін Сцяпанавіч, дазвольце павіншаваць Вас і ўсіх педагогаў раёна з пачаткам новага навучальнага года.

  —Дзякую. Я хачу таксама  павіншаваць  і выказаць словы бясконцай удзячнасці ўсім, хто з’яўляецца пуцяводнай зоркай для вучняў. Няхай новы навучальны год будзе для іх паспяховым, прынясе новыя здабыткі і адкрыцці!                                           

Гутарыла Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧНа здымку: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. С. ЦІХАНОВІЧ, галоўны спецыяліст сектара агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Т. М. НОВІК з маладымі спецыялістамі раёна. Фота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио