
Каля паўночнай мяжы Мастоўскага раёна, сярод зялёных лясоў і рознакаляровых палеткаў знайшла свой пачатак гісторыя настаўніка беларускай мовы і літаратуры Крысціны Уладзіміраўны Вахрушавай, для якой жывапісная вёсачка Мікелеўшчына стала сапраўднай крыніцай духоўнага станаўлення. Дзяцінства Крысціны прайшло паміж вузкімі вясковымі сцежкамі, дзе ўпершыню адчула шэпт роднага слова. Студэнткай філфака прыйшло асэнсаванне, што кожны верш Якуба Коласа і Янкі Купалы б’ецца ў сэрцы асаблівым бітам.
Лёс прывёў на малую радзіму, у Мастоўскі раён. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 2023 годзе Крысціна Вахрушава была накіравана на працу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Дубненскую сярэднюю школу імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава, дзе і працуе па сённяшні дзень.
Гутарым з маладым спецыялістам напярэдадні новага навучальнага года.
- Крысціна Уладзіміраўна, як Вы аднесліся да размеркавання? Ці марылі аб гарадскім жыцці?
- Вярнулася працаваць на малую радзіму асэнсавана. Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы, таму, калі даведалася, што выкладаць родную мову буду ў сельскай мясцовасці, радасці не было межаў. У родных мясцінах і адчуваеш сябе больш упэўнена! Да таго ж, дзяржава надае пільную ўвагу пытанням развіцця сельскіх тэрыторый, забеспячэння там камфортных умоў для работы, пражывання, максімальна набліжаных да гарадскіх. Ёсць магчымасць атрымоўваць дастойны заробак.
- Раскажыце, як прыйшлі ў прафесію педагога.
- Мае першыя крокі ў педагогіку пачаліся яшчэ ў школьныя годы. Родныя раялі выбраць прафесію банкіра або бухгалтара. А мне хацелася, каб мая справа была бліжэй да людзей. Спачатку аналізавала запатрабаваныя прафесіі і іх прэстыж. Пасля разглядала свае магчымасці і паспяховасць па прадметах. І для сябе адкрыла адзіны шлях – вывучэнне роднай мовы. Канешне, настаўнікі папярэджвалі, што падрыхтоўка да паступлення будзе няпростай, таму што неабходна валодаць ведамі не толькі па мове, але і па гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры. Рыхтавалася без рэпетытара, бо не хапала грошай. Купляла розныя дапаможнікі па падрыхтоўцы, па многіх пытаннях падыходзіла да настаўнікаў. Паспяхова вытрымала ЦТ, і нарэшце прыйшло “шчаслівае” пісьмо – я залічана ў рады студэнтаў на філалагічны факультэт (беларуская філалогія)! Мае родныя, блізкія і сябры мяне падтрымалі. Да вучобы ва ўніверсітэце ставілася сур’ёзна. Былі моманты, калі хацелася сабраць рэчы і паехаць дадому. Але мэта і мара пераважылі.
- Чатыры насычаныя гады ва ўніверсітэце пралятаюць непрыкметна. А як сустрэлі Вас на першым рабочым месцы?
- У дзяржаўнай установе адукацыі “Дубненская сярэдняя школа імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава” я зразумела, што прафесія настаўніка – гэта не проста праца, а глыбокая сацыяльная місія. Калі ўпершыню выходзіла да дошкі, сэрца калацілася ад хвалявання, але з кожным разам упэўненасць расла. Адаптавацца і справіцца з перашкодамі дапамагала кіраўніцтва школы, мой настаўнік Алена Якусевіч, калегі па працы. На маю думку, толькі навучыўшыся працаваць над сабой, можна вучыць іншых, асэнсоўваючы, што на табе ляжыць вялікая адказнасць.
- У Вас за плячыма два гады работы ў школе. Х, Y, Z… Тэорыя пакаленняў – модная канцэпцыя ці сапраўды сучасныя падлеткі маюць істотныя адрозненні?
- Бачу па сваёй практыцы: сучасныя падлеткі і праўда адрозніваюцца нават ад майго пакалення. Яны значна шырэй мысляць, больш вольныя, часам у іх не па гадах дарослыя развагі. Дзякуючы вялікай плыні інфармацыі, яны шмат ведаюць, робяць глабальныя высновы пра жыццё, свет, сябе. Разам з тым, гэта ўсё яшчэ дзеці, у якіх няма жыццёвага досведу і пачуцця небяспекі. Затое ёсць жаданне эксперыментаваць, спрабаваць гэтае жыццё і сябе на трываласць. Важна не станавіцца на супрацьлеглы ад дзіцяці бок, нават вельмі шкодны. Калі да яго падыходзіш акуратна, паказваеш, што гатовы дапамагаць, дзіця раскрываецца. Падлетак, сутыкнуўшыся з цяжкасцямі, шукае дапамогі і ідзе да таго, каму давярае.
- Як працуеце над павышэннем матывацыі Вашых вучняў да навучання?
- Прыцягнуць увагу вучняў сёння даволі складана: іх трэба па-сапраўднаму зацікавіць, нават заінтрыгаваць, і толькі тады дзіцячая душа адгукнецца. Галоўнае – адданасць сваёй працы і выхаванне пачуцця любові да прадмета. У класах я вучуся слухаць – не толькі выступленні дзяцей, але і іх мары, якія заўсёды пачынаюцца з разумення сваіх каранёў. Мы ствараем вершы, натхнёныя шэптам лясоў, знаёмімся з творчасцю сучасных аўтараў, якія пішуць аб роднай зямлі.
- Якімі вынікамі сваёй работы Вы ганарыцеся?
- Я, як патрыёт і ахоўнік нашай беларускай спадчыны, вельмі рада ўсведамляць сваё дачыненне да таго, што цікавасць да беларускай мовы пашыраецца. Вучні на перапынках вітаюцца па-беларуску, звяртаюцца і абмяркоўваюць дзіўныя для іх словы, пра якія пачулі на ўроку, жартуюць пасля разгляду вясёлага верша, цікавяцца перакладам “цяжкіх” рускамоўных слоў. Я, у сваю чаргу, стараюся нашу родную мову ўкласці ў кожнае дзіця, бо менавіта родная мова, на маю думку, з’яўляецца тым нябачным духоўным стрыжнем нацыянальнай ідэалогіі. Мова – жывая душа народа, яго памяць, боль, радасць і скарб. Спадзяюся, што свет маіх вучняў не абмяжуецца ўрокамі беларускай мовы і літаратуры і далей яны будуць ісці побач з нашай нацыянальнай каштоўнасцю, будуць яе папулярызаваць і перадаваць наступнаму пакаленню.
У бягучым навучальным годзе Крысціна Вахрушава стала фіналістам рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак з прымяненнем штучнага інтэлекту, уключана ў склад рэспубліканскай творчай групы і прыняла ўдзел ў рэспубліканскім фестывалі “Практычнае прымяненне тэхналогіі “Штучны інтэлект” у адукацыйным працэсе”, узнагароджана дыпломам упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама за паспяховы ўдзел у раённым этапе фестывалю педагагічных ідэй “Прызванне – Педагог”, сертыфікатам удзельніка рэспубліканскага Маладзёжнага медыафестывалю “Голоса малодых за устойчивое развитие – 2025”, сертыфікатам удзельніка занальнага этапу рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”; з’яўляецца пераможцай конкурсу “Першыя крокі ў прафесію” (дыплом ІІ ступені). К.У. Вахкушава узнагароджана Пісьмом падзякі Прэзідэнта Р\эспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі.
Дзіна Лазовік, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад