Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

З юбілеем, Ларыса Лук’янаўна!

З юбілеем, Ларыса Лук’янаўна!06 февраля 2026 — 14:20

На гэтым тыдні прыгожы юбілей адзначыла былая выпускніца Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Ларыса Лук’янаўна Хацько (Дзяшук).

Ларыса Лук’янаўна – выпускніца 1967 года, аднак яе ведаюць і сёння амаль усе педагогі і вучні нашай установы адукацыі.

За гады навучання ў школе яна зарэкамендавала сябе здольнай вучаніцай, праявіла сябе як краязнаўца, была экскурсаводам і старшынёй савета  музея баявой славы. У архівах народнага музея баявой славы і  зараз можна ўбачыць не адзін дзясятак лістоў, напісаных і надрукаваных ёю да герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія прымалі ўдзел у вызваленні Лунна і фарсіраванні ракі Нёман, для ўдакладненя звестак і папаўнення матэрыяламі і новымі фактамі музея.

Пад  кіраўніцтвам педагагічнага калектыву школы і савета музея баявой славы было напісана пісьмо ў Міністэрства асветы БССР аб прысваенні Лунненскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета. Вядома, не з першага разу атрымалася, але 27 чэрвеня 1964 года школе прысвоена гэта імя, якім мы ганарымся і зараз. Ужо ў той час яна выдзялялася натхненнем, творчасцю, энтузіязмам і прымала актыўны ўдзел у конкурсах патрыятычнай накіраванасці. За перамогу ва Усесаюзным конкурсе па патрыятычным выхаванні пяць вучняў былі ўзнагароджаны пуцёўкамі ў аздараўленчы лагер “Артэк”, сярод іх была і наша юбілярша.

Лунненскія школьнікі не толькі захапляліся гісторыяй вывучэння Лунненскага краю, але і рыхтаваліся да яго абароны. У сельскай школе быў адкрыты парашутны гурток, практычныя заняткі праводзілі лётчыкі з   аэрадрома г.п. Рось Ваўкавыскага раёна.  У яго маглі запісацца вучні, якія мелі добрую фізічную падрыхтоўку. Ларыса Лук’янаўна атрымала пасведчанне парашутыста пасля праходжання праграмы і паспяховай здачы заліку.  

Арганізатарам   гэтай нялёгкай справы ў школе быў  былы дырэктар школы, заснавальнік музея баявой славы, заслужаны настаўнік БССР Мсціслаў Уладзіміравіч Сямак. Менавіта ён паўплываў на выбар прафесіі нашай выпускніцы. Скончыўшы школу з залатым медалём, мэтанакіраваная дзяўчына паступіла  ў Гродзенскі педагагічны інстытут на спецыяльнасць “настаўнік гісторыі і грамадазнаўства”. Па заканчэнні навучання ўсё сваё жыццё прысвяціла рабоце з моладдзю. Больш за сорак гадоў  прафесійнай дзейнасці  звязаны з Гродзенскім дзяржаўным каледжам бытавога абслугоўвання насельніцтва.  Большасць  з іх  яна працавала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.   Маючы нялёгкую і адказную работу,   Ларыса Лук’янаўна знаходзіць час наведаць родную школу, падзяліцца сваімі поспехамі, даць параду сваім калегам і падтрымаць сувязь пакаленняў. Ні адно мерапрыемства, на якое была запрошана Ларыса Лук’янаўна, не прайшло без яе ўдзелу: юбілей школы, адкрыццё экспазіцыі ў народным музеі баявой славы, прысвечанай яе заснавальніку М. У. Семаку, вечар сустрэчы з выпускнікамі… Дзе б мы ні сустрэліся – на форумах, палілогах, Ларыса Лук’янаўна заўсёды з намі, стараецца прывабіць да нас вялікую колькасць наведвальнікаў і прыняць удзел у прэзентацыі музея, у які яна ўклала  часцінку свайго сэрца. Дарэчы, на базе нашай школы прайшла прэзентацыя рамана-хронікі “Там, дзе Нёман рве берагі” Аляксея Сазанчука, у якой галоўнай гераіняй выступае наша вядомая Ларыса Лук’янаўна.  Яна надзелена не толькі шырокім спектрам ведаў, але і навыкамі зносін з людзьмі. Ёй удалося сабраць жыхароў в. Падбараны, лёс якіх звязаны з малой радзімай, правесці свята і аб’яднаць у вялікую дружную сям’ю.

Мы ганарымся  нашай неардынарнай выпускніцай,  захапляемся яе адказнасцю, актыўнасцю, дабранёй, радуемся яе працаздольнасці. Пры правядзенні экскурсіі “Нашы выпускнікі – наш гонар”  расказваем вучням пра Ларысу Лук’янаўну, заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яна ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны і шэрагам іншых узнагарод. Гаворым, што вучыцца ніколі не позна, бо  ў 72 гады Ларыса Лук’янаўна стала студэнткай Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Упэўнены, што прыклад былой выпускніцы натхніць новае пакаленне вучняў на развіццё і росквіт нашай Беларусі.

Лічым, што Ларыса Лук’янаўна – шчаслівы чалавек, таму што ўсё жыццё яна займалася любімай справай – выхаваннем маладога пакалення.

У гонар Вашага юбілею, дарагая Ларыса Лук’янаўна, хочацца выказаць шчырыя словы падзякі  за вялікі талент педагога, настаўніка, наватара.    Няхай любоў, аддадзеная дзецям, клопат, перададзены маладому пакаленню, вернуцца Вам і нададуць сілы і здароўя на доўгія-доўгія гады.

З юбілеем, Ларыса Лук’янаўна!

 

                                Педагагічны калектыў Лунненскай сярэдняй школы 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты