Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноОфициальноПолитикаВласть

З якімі набыткамі паедзе гродзенская дэлегацыя на ХІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі?

З якімі набыткамі паедзе гродзенская дэлегацыя на ХІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі?20 июня 2024 — 08:45

Сёлета гасцей сустрэне Віцебск. Год таму падобнае мерапрыемства адбылося ў сталіцы Башкартастана Расійскай Федэрацыі — Уфе. Кожны форум мае сваю назву. Тэма сёлетняга — «Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы». Арганізатарамі выступаюць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. За час правядзення форум набыў статус дыялогавай пляцоўкі прадстаўнікоў улады і бізнес-супольнасці абедзвюх краін. Вынікамі сталі кантракты і міжрэгіянальныя пагадненні, якія садзейнічаюць умацаванню эканамічных сувязяў у працэсе інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва.


Фота БелТА

Фота БелТА

 

ХІ форум прадугледжвае не толькі сустрэчы дзелавых колаў, але і маштабныя выставачныя мерапрыемствы на адкрытай пляцоўцы Летняга амфітэатра агульнай плошчай больш чым пяць тысяч квадратных метраў. Форум пройдзе з 27 да 30 чэрвеня.
Напярэдадні буйнога мерапрыемства на пытанні карэспандэнта «Звязды» адказаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік.

— Уладзімір Сцяпанавіч, як наогул ідзе супрацоўніцтва паміж Гродзенскай вобласцю і расійскімі рэгіёнамі? Якая дынаміка ў пашырэнні такіх сувязяў?

— Мы жывём у эпоху глабальных выклікаў, таму каштоўнасць беларуска-расійскага адзінства і стратэгічнага партнёрства мае важнае значэнне. І хаця заходняя Гродзенская вобласць не мае граніц з Расійскай Федэрацыяй, мы цесна і ўзаемавыгадна супрацоўнічаем з Расіяй.

За апошнія гады наладжаны моцныя партнёрскія гандлёва-эканамічныя сувязі з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі, перш за — міжрэгіянальныя. Паміж Гродзенскай вобласцю і расійскімі рэгіёнамі падпісана і дзейнічае 29 пагадненняў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, экалагічнай, сацыяльна-гуманітарнай і культурнай сферах. Яшчэ 50 афіцыйных дагавораў дзейнічае паміж райвыканкамамі і муніцыпалітэтамі нашых дзяржаў.

Радуе, што сумесны абмен візітамі паміж Гродзенскай вобласцю і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі стаў добрай традыцыяй. Так, ужо сёлета праведзены шэраг сустрэч і перагавораў з расійскімі рэгіёнамі на пляцоўцы ВДНГ у Маскве. У рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва адбыўся ўзаемны абмен візітамі дэлегацый Гродзенскай і Калінінградскай абласцей. У маі з рабочым візітам наш рэгіён наведаў губернатар Алтайскага краю Віктар Таменка. Дэлегацыя Гродзенскай вобласці прыняла ўдзел у Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, дзе адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам Рэспублікі Саха (Якуція), Рэспублікі Тыва і Краснадарскага краю.

— Як спрацаваў рэгіён за апошні год у гандлёва-эканамічным плане з расійскімі рэгіёнамі? Ці ёсць дынаміка ў параўнанні з папярэднімі гадамі?

— Расія была і застаецца ключавым гандлёвым партнёрам Гродзенскай вобласці і займае першае месца па аб’ёме тавараабароту. На расійскім рынку рэалізоўваецца каля 60 працэнтаў прадукцыі рэгіёна. Толькі за чатыры месяцы гэтага года аб’ём знешняга гандлю з Расійскай Федэрацыяй склаў больш за 800 мільёнаў долараў ЗША, з іх большую частку складае выручка ад экспартных аперацый, якія ажыццяўляюцца з 75 рэгіёнамі Расіі. Наша прадукцыя найбольш запатрабавана на рынках Масквы, Санкт-Пецярбурга, Маскоўскай, Смаленскай, Бранскай, Растоўскай абласцей.

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці дзейнічае каля 200 арганізацый з удзелам расійскага капіталу, з іх 9 — гэта рэзідэнты СЭЗ «Гроднаінвест».

У якасці найбольш паспяховага праекта саюзнай кааперацыі на тэрыторыі рэгіёна адзначу, вядома, узвядзенне Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы. Гэта самы маштабны і высокатэхналагічны саюзны праект, які аб’яднаў навуковыя і інжынерныя школы, дзясяткі прадпрыемстваў і тысячы спецыялістаў абедзвюх краін. Ва ўмовах санкцый развіццё атамнай энергетыкі бачыцца асабліва актуальным, таму невыпадкова на парадку дня стаіць пытанне аб будаўніцтве другой атамнай станцыі альбо трэцяга энергаблока на дзеючай.

— Наколькі прадукцыйнай была работа на папярэднім форуме ва Уфе? Ці можна гаварыць аб новых партнёрах Гродзеншчыны па яго выніках?

— Як і чакалася, мінулы Х форум памножыў вынікі супрацоўніцтва Гродзенскага рэгіёна і дазволіў яшчэ больш пашырыць узаемавыгаднае партнёрства паміж нашымі краінамі, у тым ліку на міжрэгіянальным узроўні. Мы адчулі вельмі спрыяльную атмасферу башкірскай зямлі, гасціннасць нашых сяброў-партнёраў. Быў падпісаны шэраг пагадненняў, якія маюць добрыя перспектывы. У прыватнасці, паміж Гродзенскай вобласцю і Рэспублікай Башкартастан Расійскай Федэрацыі падпісаны План мерапрыемстваў па рэалізацыі Пагаднення аб здзяйсненні міжнародных і знешнеэканамічных сувязяў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльнай і культурнай абласцях на 2024–2027 гады.

Дзякуючы сістэмнай рабоце, часткай якой сталі дадзеныя форумы, Беларусь і Расія выйшлі на больш устойлівую станоўчую дынаміку ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, што садзейнічае абароне нашых нацыянальных інтарэсаў.

— Перад Віцебскам беларускі бок прымаў форум у Гродне. Што адметнага тады адбылося? Наколькі важнае знаёмства расіян з рознымі рэгіёнамі на месцы?

— Так, Гродна прымаў ІХ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў 2022 годзе. Мерапрыемства прайшло пад знакам пашырэння міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, паглыблення інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы.

Гродзенская вобласць здаўна мае рэпутацыю эфектыўнай пляцоўкі для ўстанаўлення і развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. ІХ форум у Гродне — таму яскравы прыклад. У ім прынялі ўдзел усе рэгіёны Беларусі і 42 рэгіёны Расіі.

Важна адзначыць, што дзелавыя перагаворы праходзілі ў канструктыўнай і разам з тым сяброўскай атмасферы. Іх вынікам стала падпісанне шэрагу міжурадавых і міжрэгіянальных адносін, планаў і праектаў. У агульнай колькасці на форуме было заключана кантрактаў на 2,5 мільярда беларускіх рублёў. Гэта свайго роду фінансавы рэкорд ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску.

— Ці можна гаварыць аб папярэдніх дамовах, якія атрымаюць сваё замацаванне падчас работы ХІ форуму? Якія галіны эканомікі важна ахапіць больш шырока з расійскімі партнёрамі менавіта ў інавацыйным кірунку?

— Мы бачым сваёй задачай зрабіць так, каб развіццё пабрацімскіх адносін стала эфектыўным механізмам павелічэння тавараабароту паміж нашымі краінамі, стымулам для навуковага і культурнага ўзаемадзеяння. Важна, каб гэта дапамагала грамадзянам нашых краін усталяваць добрыя кантакты. Што датычыць эканомікі, у рэгіёне ёсць цэлыя галіны, якія гістарычна завязаны на экспарце ў Расію, — гэта харчовая і хімічная прамысловасць, машынабудаванне. Значную частку нашага экспартнага патэнцыялу складаюць менавіта прадукты харчавання. Іх высокая якасць і натуральнасць дазваляе дастойна канкурыраваць з сусветнымі аналагамі. Таксама на расійскім рынку карыстаецца попытам гродзенская мэбля, будматэрыялы, азотныя ўгнаенні, поліэфіры, сельскагаспадарчая тэхніка. Гэта тыя сферы, дзе будуць развівацца інавацыі, у тым ліку ва ўмовах Саюзнай дзяржавы.

І на найбліжэйшы форум ёсць пэўныя дамовы. Так, у яго рамках плануецца падпісанне міжрэгіянальных дакументаў з Пензенскай, Пскоўскай, Уладзімірскай абласцямі, Рэспублікамі Карэлія, Тыва, Комі. У графіку двухбаковых сустрэч маюць адбыцца перагаворы з губернатарамі Краснадарскага краю і Растоўскай вобласці.

— Ці ёсць намер у гродзенцаў прадставіць на форуме дасягненні рэгіёна ў выставачных варыянтах, напрыклад, культурны, турыстычны патэнцыял?

— У рэгіёна багатая культурная спадчына і высокі турыстычны патэнцыял. На Форуме прадставім усё самае адметнае. У першую чаргу гэта нашы старадаўнія рамёствы, якія існавалі і існуюць на тэрыторыі Прынёмання. Прадставім таксама элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны і вырабы народнай творчасці. Нашы знакамітыя майстры правядуць майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў. Тут можна згадаць і практыку саломапляцення, і беларускае мастацтва выцінанкі, і розныя віды ткацтва. Напрыклад, сваю творчасць прадставіць вядомы майстар габеленаў Алена Шунейка. Пакажам і тэхнікі роспісу велікодных яек, якія існуюць толькі ў нашым рэгіёне. Пазнаёмім з багатым турыстычным патэнцыялам — цікавымі маршрутамі і славутасцямі Гродзеншчыны. У гэтай галіне нямала новых кірункаў, якія павінны зацікавіць як беларусаў, так і нашых расійскіх гасцей.

Сустракаць гасцей і ўдзельнікаў форуму будуць найлепшыя аматарскія калектывы мастацкай творчасці рэгіёна.

— Кожны форум мае сваю адметнасць. Гэтым разам важнае месца будзе адведзена праекту «Цягнік Памяці». Як у ім будзе прадстаўлены Гродзенскі рэгіён?

— Праект «Цягнік Памяці» ўнікальны. Гэта яшчэ адно звяно, якое звязвае Беларусь і Расію, розныя рэгіёны дзвюх краін. Сімвалічна, што дадзены праект стартуе напярэдадні форуму і яго маршрут пройдзе і па Віцебшчыне — месцы правядзення Форуму рэгіёнаў. Адметна, што, акрамя школьнікаў Беларусі і Расіі, у праекце прымуць удзел іх аднагодкі з іншых краін — Казахстана, Арменіі, Азербайджана, Таджыкістана, Узбекістана. Ад Беларусі дэлегаваны 55 чалавек, з іх восем — прадстаўнікі Гродзенскай вобласці. Яны заваявалі пуцёўку на дадзены праект па выніках рэспубліканскага конкурсу «Я — патрыёт сваёй краіны». Упэўнены, што ўдзельнікі праекта «Цягнік Памяці» атрымаюць шмат ведаў, прыемных эмоцый, даведаюцца аб гераічным мінулым сваіх прадзедаў, якія перамаглі фашызм, убачаць сучаснае жыццё беларускіх і расійскіх гарадоў. Думаю, што карыснымі для школьнікаў стануць і сустрэчы з прадстаўнікамі Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Віцебску.

— Дзякуй за гутарку.

Звязда

Маргарыта Ушкевіч

Фота прэс-службы Гродзенскага аблвыканкама


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио