17 і 18 чэрвеня ў старажытным Навагрудку адбудзецца культурна-спартыўны фестываль “Вытокі. Крок да Алімпу”. У Год гістарычнай памяці акцэнт свята будзе зроблены на культурнай спадчыне беларусаў.
Акрамя таго, што кожны жадаючы зможа стаць удзельнікам спартыўнага квэста і паспрабаваць свае сілы ў розных відах спорту, госці фестывалю будуць мець магчымасць пазнаёміцца са знакавымі мясцінамі Навагрудка і яго багатай гісторыяй. Быць у Навагрудку і не наведаць мясцовы замак, дом-музей Адама Міцкевіча, міні-музей макетаў “Страчаная спадчына” – гэта проста немагчыма!
Яшчэ адна фестывальная пляцоўка, абавязковая для наведвання, гэта Горад майстроў, дзе свае вырабы прадставяць рамеснікі з усёй Гродзеншчыны. Ужо рыхтуюцца здзіўляць гасцей Навагрудка і мастоўскія майстры.
Так, майстар па пляценні з травы Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў Вольга Вайтовіч гатова ўсіх зацікаўленых навучыць гэтаму немудрагелістаму рамяству. Праўда, каб дасягнуць такой дасканаласці і акуратнасці, як у Вольгі, патрэбна не адна гадзіна майстар-класа, а дні, тыдні і месяцы стараннай працы.
Аднак вялікае заўсёды пачынаецца з малога, упэўнена майстар. Яе плеценыя з травы вырабы захоўваюць не толькі цеплыню ўмелых жаночых рук, але і водар лета, якое так хутка заканчваецца. Набыць іх на выставе-кірмашы ў Навагрудку зможа любы жадаючы і такім чынам захаваць у сваім доме – так-так, кавалачак лета…
Стараннасць, уседлівасць і працавітасць неабходны і ў ткацтве. Асаблівым майстэрствам трэба валодаць, каб навучыцца ткаць падвойныя дываны, як гэта робяць майстрыхі Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея. Яны таксама гатовы падзяліцца з гасцямі фестывалю сакрэтамі свайго рамяства. Тут жа можна будзе набыць і саматканыя вырабы – у трэндзе зараз натуральныя і самабытныя рэчы з элементамі аўтэнтычнасці.
Таксама раённы цэнтр рамёстваў прадставіць у Навагрудку саламяныя вырабы, якія, нягледзячы на знешнюю далікатнасць і пяшчоту, валодаюць асаблівай сілай прыроды і зямлі. Нашы продкі верылі, што яна перадаецца не толькі сцяблу і калоссям новага ўраджаю збажыны, але і ўсім, хто так ці інакш судакранаецца з імі.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад