Усе людзі: і дзеці, і дарослыя – мараць аб тым, каб іх любілі, каб аб іх клапаціліся, рабілі падарункі. Кожны чалавек можа ажыццявіць чыю-небудзь маленькую мару і падарыць адчуванне свята тым, хто па розных прычынах жыве не побач са сваімі роднымі, а гэта дзеці з дамоў сямейнага тыпу, з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Мастоўскага раёна, якія, нягледзячы на цяжкі лёс, вераць у добрую казку і чараўніцтва. Вераць у цуд і дзеці, якія наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзе мы частыя госці. Цуд для абяздоленых дзяцей ствараюць неабыякавыя людзі, гатовыя шчодра падзяліцца душэўным цяплом, любоўю і клопатам.
Мы, гімназісты і настаўнікі, заўжды вельмі рады шчодра падзяліцца целынёй сваіх сэрцаў з усімі дзецьмі. У рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” мы сабраліся ўсе разам, каб зрабіць прыгожых анёлаў. І час чараўніцтва, выканання жаданняў і, вядома ж, час дабрыні настаў! У нашай творчай майстэрні было так цёпла, так душэўна! Кожны ўлажыў у гэту справу часцінку свайго сэрца, сваёй душы. І ў нас атрымаліся цудоўныя анёлачкі. Гэты цуд мы падорым дзецям.
Спадзяёмся, што зробленыя з чыстай душой анёлы будуць ахоўваць дзяцей ад няшчасцяў. Для нас вельмі важна, каб кожны хлопчык і кожная дзяўчынка ў поўнай меры адчулі радасць ад свята, паверылі ў цуд, бо, калі па-сапраўднаму верыць у цуд, у сваю мару, яны абавязкова збудуцца.
Вельмі хутка мы прыйдзем з падарункамі да тых, хто нас чакае, хто верыць у чараўніцтва, у казку і ў добрых і шчырых людзей. Мы ад чыстага сэрца жадаем зрабіць прыемнае дзецям. Менавіта напярэдадні чароўнага свята мы хочам, каб яны адчулі, што яны не адны, што побач ёсць тыя, хто гатовы падзяліцца з імі цяплом, дабром і любоўю.
Алена САЛАМАХА,
музычны кіраўнік гімназіі №1 г. Масты
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад