З 1996 года Тамара Мікалаеўна Гайдаш працуе інструктарам па падпісцы раённага вузла паштовай сувязі і знаходзіцца ў самым цесным кантакце з намі, мясцовымі журналістамі. Ад яе работы залежыць наш і тыражы многіх іншых перыядычных выданняў. Даведаўшыся, што партрэт нашага добрага і надзейнага памочніка і сябра занесены на раённую Дошку гонару, мы шчыра парадаваліся за Тамару Мікалаеўну. Рады за яе і работнікі паштовай сувязі раёна.
Нарадзілася і вырасла Тамара ў Міжаве. На чацвёркі і пяцёркі закончыла сярэднюю школу ў Песках. Многія вясковыя дзяўчаты тады марылі аб прафесіі настаўніка ці ўрача, для іх яны былі самымі паважанымі і запатрабаванымі. Тамара — не з’яўлялася выключэннем, пасля заканчэння школы паехала паступаць у Гродзенскі медыцынскі інстытут. Спроба пакарыць інстытут аказалася няўдачнай, вельмі многа ў той год было жадаючых стаць урачамі.
Тамара засталася ў Гродне працаваць на прадзільна-нітачным камбінаце. Шумны горад не вельмі спадабаўся дзяўчыне. Дзяўчына праз некаторы час вярнулася ў Міжава. І тут у яе жыццё ўмяшаўся яго вялікасць выпадак, які павярнуў жыццёвую дарогу ў іншым накірунку. Як высветлілася пазней, гэты напрамак аказаўся для Тамары Мікалаеўны ўдалым.
Тамара вярнулася з Гродна і шукала работу. А тут сяброўка Валянціна падказала, што ў аддзяленне сувязі «Масты-2» патрабуецца работнік. Было гэта ў далёкім ужо цяпер 1978 годзе. Тамару прынялі аператарам на сарціроўку, праўда, часова, на замену дэкрэтнага водпуску. Як паказвае жыццёвая практыка, усё часовае з цягам часу становіцца пастаянным.
З таго часу Тамара Мікалаеўна прайшла і засвоіла многія паштовыя спецыяльнасці. Сёння з поштай яе звязвае многае: у раённым вузле паштовай сувязі некаторы час працавала дачка Алена, зяць Ігар Іосіфавіч Павайба зараз узначальвае раённы вузел паштовай сувязі. У свой час Тамара Мікалаеўна Гайдаш, як і многія сувязісты, трохпакаёвую кватэру атрымала таксама ад работы.
—Цяпер і дома сустракаеш калег, міжволі пачынаеш думаць аб рабоце, пра падпіску, тыражы,— смяецца Тамара Мікалаеўна.—Нікуды не падзецца ад пошты. Сённяшняя паштовая сувязь перацярпела значныя змены, крочачы ў нагу з навукова-тэхнічным прагрэсам. Нават вясковае аддзяленне сувязі, не гаворачы пра гарадскія, прадастаўляе насельніцтву поўны спектр паслуг, выхад у Інтэрнэт даўно ўжо не з’яўляецца навіной і для вяскоўцаў. А яшчэ нядаўна, калі першыя камп’ютэры на сяле з’явіліся менавіта на пошце, колькі радасных хвілін яны даставілі дзецям. Нашы старэйшыя работнікі, ды і я сама спачатку баяліся, што не здолеем навучыцца працаваць з гэтай дужа разумнай тэхнікай. А цяпер— забяры ад нас камп’ютэр, многія заплачуць ад роспачы. Чалавек хутка прывыкае да навінак прагрэсу. А ў нас, большасці старэйшых паштовых работнікаў, засталася настальгія па добрых даўніх папяровых пісьмах, каляровых святочных паштоўках, якіх мы з нецярпеннем чакалі ад хлопцаў з арміі, ад сябровак, якія ад’ехалі з роднай вёскі,— разважае Т.М. Гайдаш.
Але не толькі работай адной жыве жанчына. Сёння Тамара Мікалаеўна радуецца поспехам пакуль што адзінай унучкі Кацярыны, якая ўжо вучыцца ў другім класе. Марыць яна прыняць у сям’ю і нявестку і дачакацца ўнукаў ад сына Андрэя. Пра гэта думае кожная жанчына бо, напэўна, з гэтага і складаецца простае чалавечае шчасце...
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
На здымку: Тамара Мікалаеўна ГАЙДАШ.
Фота І. ПАВАЙБЫ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад