Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

З паштовай службай на ўсё жыццё

З паштовай службай на ўсё жыццё27 сентября 2011 — 10:00

  З 1996 года Тамара Мікалаеўна Гайдаш  працуе інструктарам па падпісцы раённага вузла паштовай сувязі і знаходзіцца ў самым цесным кантакце з намі, мясцовымі журналістамі. Ад яе работы залежыць наш і тыражы многіх іншых перыядычных выданняў. Даведаўшыся, што партрэт нашага добрага і надзейнага памочніка і сябра занесены на раённую Дошку гонару, мы шчыра парадаваліся за Тамару Мікалаеўну. Рады за яе і работнікі паштовай сувязі раёна.

  Нарадзілася і вырасла Тамара ў Міжаве. На чацвёркі і пяцёркі закончыла  сярэднюю школу ў Песках. Многія  вясковыя дзяўчаты тады марылі аб прафесіі настаўніка ці ўрача, для іх яны  былі самымі паважанымі і запатрабаванымі. Тамара — не з’яўлялася выключэннем, пасля заканчэння школы паехала паступаць у Гродзенскі медыцынскі інстытут. Спроба  пакарыць інстытут аказалася няўдачнай, вельмі многа  ў той год было жадаючых стаць урачамі.

Тамара засталася ў  Гродне працаваць на прадзільна-нітачным камбінаце.  Шумны горад не вельмі спадабаўся дзяўчыне. Дзяўчына  праз некаторы час вярнулася ў Міжава. І тут  у яе жыццё   ўмяшаўся яго вялікасць выпадак, які павярнуў жыццёвую дарогу ў іншым накірунку. Як высветлілася пазней, гэты напрамак аказаўся для Тамары Мікалаеўны ўдалым.

Тамара вярнулася з Гродна і шукала работу.   А тут сяброўка Валянціна падказала, што  ў аддзяленне сувязі «Масты-2» патрабуецца работнік. Было гэта ў далёкім ужо  цяпер 1978 годзе. Тамару прынялі  аператарам на сарціроўку, праўда, часова, на замену дэкрэтнага водпуску. Як паказвае жыццёвая практыка, усё часовае з цягам часу становіцца пастаянным.

 З таго часу Тамара Мікалаеўна  прайшла і засвоіла многія паштовыя спецыяльнасці.  Сёння з поштай яе звязвае многае: у раённым вузле паштовай сувязі  некаторы час працавала дачка Алена, зяць Ігар Іосіфавіч  Павайба зараз узначальвае раённы вузел паштовай сувязі. У свой час Тамара Мікалаеўна Гайдаш, як і многія сувязісты, трохпакаёвую кватэру атрымала таксама ад работы. 

  —Цяпер  і дома сустракаеш калег, міжволі пачынаеш думаць аб рабоце, пра падпіску, тыражы,— смяецца Тамара Мікалаеўна.—Нікуды не падзецца ад пошты. Сённяшняя паштовая сувязь перацярпела значныя змены, крочачы ў нагу з навукова-тэхнічным прагрэсам. Нават вясковае аддзяленне сувязі, не гаворачы пра гарадскія, прадастаўляе насельніцтву поўны спектр паслуг, выхад у Інтэрнэт даўно ўжо не з’яўляецца навіной і для вяскоўцаў.           А яшчэ нядаўна, калі першыя камп’ютэры  на сяле з’явіліся менавіта на пошце, колькі радасных хвілін яны даставілі дзецям. Нашы старэйшыя работнікі, ды і я сама спачатку баяліся, што не здолеем навучыцца працаваць з гэтай дужа разумнай тэхнікай. А  цяпер— забяры ад нас камп’ютэр, многія заплачуць ад роспачы. Чалавек хутка прывыкае да навінак прагрэсу. А ў нас, большасці старэйшых паштовых работнікаў, засталася настальгія па добрых даўніх папяровых пісьмах,  каляровых святочных паштоўках, якіх мы з нецярпеннем чакалі ад хлопцаў з арміі, ад сябровак, якія ад’ехалі з роднай вёскі,— разважае  Т.М. Гайдаш.

  Але не толькі работай адной жыве жанчына. Сёння Тамара Мікалаеўна радуецца поспехам  пакуль што адзінай унучкі Кацярыны,  якая ўжо вучыцца ў другім класе. Марыць яна прыняць у сям’ю і  нявестку і дачакацца ўнукаў ад сына   Андрэя. Пра гэта думае кожная жанчына бо, напэўна, з гэтага і складаецца простае  чалавечае шчасце...

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

На здымку: Тамара Мікалаеўна ГАЙДАШ.

Фота І. ПАВАЙБЫ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио