Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

З добрай усмешкай і адкрытай душой...

З добрай усмешкай і адкрытай душой...15 апреля 2013 — 10:00

Жыццё мудрае… Яно абавязкова знаёміць нас з людзьмі, невычэрпная шчодрасць душы якіх робіць нашы будні змястоўнымі і непаўторнымі.Такое знаёмства адбылося ў мяне больш за дзесяць гадоў таму, калі, выконваючы рэдакцыйнае заданне,  упершыню пераступіла парог аддзела кадраў ААТ “Мастоўдрэў”. Добразычлівая прыветлівая ўсмешка і незвычайна цёплы голас інжынера па падрыхтоўцы кадраў Алы Уладзіміраўны Бароўскай далі зразумець, што ўсё будзе добра і можна разлічваць на разуменне і дапамогу.Неверагодная працаздольнасць, нейкая асаблівая энергетыка душы, прастата і чалавечнасць – менавіта гэтыя вартасці падкрэсліваюць усе, хто добра ведае Алу Уладзіміраўну.

— Добры дзень, дзяўчаткі. Алачка, мне трэба на хвіліначку да цябе, — ля дзвярэй нясмела прыпыняецца пажылая жанчына.— Некаму зноў патрэбна дапамагчы,  выбачайце, калі ласка,— літаральна зрываецца з месца мая субяседніца і на некаторы час знікае з кабінета. У размову ўступаюць яе калегі.

— І вось так пастаянна. Чарадой да яе ідуць людзі, каб пагутарыць, параіцца, папрасіць падтрымкі. А Ала Уладзіміраўна, маючы добры і спагадлівы характар, дапамагае ўсім: і маладым спецыялістам, і тым, хто на прадпрыемстве адпрацаваў усё жыццё.  З кожным яна знойдзе агульную мову і ўзаемаразуменне, — адзначае Інэса Уладзіміраўна Жарабіла.

— 35 гадоў аддала калектыву дрэваапрацоўшчыкаў і сама Ала Уладзіміраўна. Нездарма ж на раённым конкурсе “Жанчына года” яна была адзначана ў намінацыі “За вернасць прафесіі”, — канстатуе начальнік аддзела кадраў  ААТ “Мастоўдрэў” Вольга Юр’еўна Прэйс. – Гэта адказны і кваліфікаваны работнік. З яе дапамогай рашаюцца самыя складаныя і важныя кадравыя задачы. Яе ведаюць, паважаюць, з яе меркаваннямі лічацца. Неаднойчы А. У. Бароўская заахвочвалася прэміямі і падзячнымі пісьмамі. Занесена на Дошку гонару нашага прадпрыемства.

У далёкім 1977 годзе маладой дзяўчынай Ала Уладзіміраўна прыйшла на прадпрыемства. Спачатку была зборшчыкам дэталей і вырабаў з драўніны, пасля асвоіла лушчыльны станок. Працавала і завочна вучылася ў Мінскім політэхнічным тэхнікуме. А праз некаторы час была пераведзена ў аддзел кадраў, аб чым ні разу не пашкадавала.

— Працаваць з людзьмі і складана, і цікава адначасова, — дзеліцца думкамі Ала Уладзіміраўна. – Трэба ўмець выслухаць чалавека, унікнуць у яго праблему, зрабіць вы-сновы, знайсці правільны выхад. Заўсёды адчуваю радасць, душэўны ўздым, калі мае парады камусьці спатрэбіліся. А сама з  удзячнасцю ўспамінаю тых людзей, якія пакінулі на маім жыццёвым шляху добрыя сляды. Трэба сказаць, мне шанцавала на чалавечыя дабрыню, чуласць і спагаду.

Асноўны ўчастак работы А.У. Бароўскай – фанерны цэх. Амаль пра кожнага з яго работнікаў яна можа расказваць, нават не заглядваючы ў індывідуальную картку.— Ды Ала Уладзіміраўна ў нас сама крыніца інфармацыі, — жартуюць жанчыны-калегі і ўжо ўсур’ёз дадаюць:— А яшчэ яна мудрая дарадчыца, надзейная сяброўка, клапатлівая маці і бабуля, дбайная гаспадыня.

— Безумоўна, дом, безумоўна, сям’я, — твар нашай субяседніцы таксама асвятляе добрая ўсмешка. – Я люблю сваіх дачок – Алу і Алесю, паважаю іх абраннікаў, маіх зяцёў. Ала працуе дэфектолагам-лагапедам у Правамастоўскім дзіцячым садзе, Алеся – інжынерам-праграмістам на ААТ “Мастоўдрэў”. Вельмі люблю ўнукаў – Эліну, Ванечку, Грышку і Дашку. Люблю свой дом, сваю вялікую гаспадарку, а яшчэ – рэчку, азёры, дубраву, лес у ваколіцах Навінкі, дзе мы жывем…

— А мы прыязджаем туды на адпачынак, — дадаюць калегі. – Сваім невялікім дружным калектывам мы любім адпачываць на прыродзе. І гэта не толькі напаўняе нас энергіяй і бадзёрасцю, але і яшчэ больш з’яд-ноўвае. Без перабольшвання, мы як адна сям’я, дзе цябе ўспрымаюць такім, які ты ёсць, дзе можна падзяліцца радасцю і трывогамі, заўсёды разлічваць на параду і падтрымку.

Безумоўна, у гэтым немалая заслуга і Алы Уладзіміраўны Бароўскай. Нездарма ж яе дэвіз па жыцці: “Свята таму, што мы ёсць, што жывем на гэтым свеце, што камусьці патрэбны ...»

Н. ШЭЎЧЫКФота з сямейнага архіва А.У. Бароўскай


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио