“Распаўсюджвальнікаў тавараў просьба не турбаваць” аб’явы такога кшталту мне давялося чытаць на дзвярах сталічных офісаў гадоў дзесяць-дванаццаць таму. Зараз гэтая хваля назойлівага сэрвісу дакацілася і да нас, пагражаючы набыць маштабы “эпідэміі”.
Амаль штодня, асабліва актывізуючыся напярэдадні святаў, ва ўстанову заходзяць карабейнікі ці распаўсюджвальнікі самых розных тавараў. Яшчэ іх называюць кніганошамі, па-інтэлігентнаму – менеджарамі па продажы, а калі-нікалі і спекулянтамі. У асноўным, гэта маладыя хлопцы і дзяўчаты, студэнты і навучэнцы, якія такім чынам спрабуюць падзарабіць. З дастаўкай на працоўныя месцы яны прапануюць касметыку і парфумерыю, гаспадарчыя прылады і кухонны інвентар, кнігі, сувеніры і шмат чаго яшчэ, што то і справа з’яўляецца з вялізнай дарожнай сумкі. І прадаць свой “самы лепшы тавар па прывабнай цане” ім трэба абавязкова, бо ад гэтага, у канчатковым выніку, залежыць іх заробак.
“Ды я не прапаную вам нічога купляць, я толькі рэкламую і вывучаю попыт”, “Ва ўсіх астатніх крамах па 400, а ў нас, па акцыі, за 200”, “Бярыце, гэта апошняя, у суседнім офісе такіх аж пяць(!) штук забралі”, “Бярыце сёння, бо заўтра акцыя ўжо завершыцца”, на якія толькі хітрыкі не ідуць рабяты, дэманструючы камунікабельнасць і ўменне знайсці агульную мову нават з самымі пераборлівымі кліентамі, добрае веданне псіхалогіі і “залатых” правілаў гандлю. Усё ў іх самае якаснае, таннае, прыгожае, простае ў выкарыстанні, зручнае ў захоўванні, практычна ў адзіным экзэмпляры, а самае галоўнае – проста жыццёва неабходнае.
І іх дасканалы разлік амаль заўсёды дасягае пастаўленай мэты: жанчыны, якія яшчэ некалькі хвілін таму і слухаць нічога не хацелі, набываюць суперсучасныя патэльні, якія не прыгараюць, а вось да іх – усё, нажы, што за гэтыя грошы павінны рэзаць самі, і іншую “вельмі патрэбную ў гаспадарцы” драбязу. Прычым, выкладваюць за ўсё гэта прыстойныя сумы, здараецца, апошнія, адкладзеныя да чарговай зарплаты ці пазычаныя ў суседкі па кабінету.
Неяк адна мая знаёмая таксама спакусілася на “неабходную” рэч па “прывабнай” цане. А назаўтра ў суседнім гаспадарчым магазіне ўбачыла такую ж, толькі ў два разы танней. З тых пор іначай як спекулянтамі яна распаўсюджвальнікаў не называе. І нічога ў іх не купляе, акрамя, мабыць, кніг. Казкі – для малодшай дачкі, даведнікі і дапаможнікі – для старэйшай, сабе – усемагчымыя кулінарныя рэцэпты, мужу – энцыклапедыі. Значна папоўнілі свае хатнія бібліятэчкі і другія мае знаёмыя. А яны ўсё носяць і носяць...
-- Добры дзень, а мы да вас з новай прадукцыяй. Прапануем падарункі да 8-га Сакавіка. Эксклюзіў, такога вы не знойдзеце ні ў адной краме. Бярыце, прапанова абмежавана, чуецца зноў у суседнім кабінеце.“Сапраўды, трэба падарункі родным рыхтаваць”, праносіцца ў галаве думка, і праз імгненне ты, адклаўшы свае самыя пільныя справы, ужо ідзеш на галасы калег, якія ацэньваюць новыя тавары з дастаўкай на працоўнае месца...
Пэўна, прыйшоў час і нам папярэджваць прыход надакучлівых бізнесменаў аб’явай: “Просьба не турбаваць!”
Н.СВЯТЛОВА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад