У гэтым цвёрда былі перакананы нашы бабулі і дзядулі. У сялянскіх хлявах тады разам мірна ўжываліся каровы, свінні і авечкі. З ранняй вясны да позняй восені вялікія атары мірна пасвіліся на вясковых лугах. Бараніну ўжывалі ў ежу. Воўну пралі доўгімі зімовымі вечарамі, а пазней з нітак жанчыны вязалі пруткамі цёплыя кофты, шкарпэткі, ткалі на кроснах прыгожыя дываны, посцілкі. З воўны яшчэ выраблялі валенкі. З апрацаваных авечых шкур шылі кажухі. Зімы тады былі суровыя, цёплыя валенкі і кажухі для вяскоўца былі жыццёвай неабходнасцю. У доме меўся не адзін, а некалькі кажухоў і некалькі пар валенак.
Авечкагадоўляй у свой час займаўся ў нашым раёне калгас «Новы шлях», бывала, што калгасная атара налічвала каля дзесяці тысяч авечкаў і бараноў.Сёння ўклад жыцця вяскоўца ўпрытык наблізіўся да гарадскога. Вясковыя жанчыны, як і гараджанкі, апранаюць ужо не кажухі, а модныя дубленкі, якія без праблем можна купіць на рынку, на ногі абуваюць не валенкі, а зручныя і прыгожыя боты. А хто займаецца рукадзеллем, ніткі для вязання на любы густ таксама купляе ў магазіне.
У сувязі з гэтым авечкі на вясковым падворку сёння становяцца амаль што экзатычнай жывёлінай. Па стану на першага студзеня бягучага года ў вёсках, што на тэрыторыі Мастоўскага сельскага Савета, аднаго з буйнейшых у раёне, у прыватным сектары ўтрымліваліся ўсяго 73 авечкі: 12 у Цельмуках, 21 у Дашкаўцах, тры у Малькавічах , адна у Мастах Правых і 36 у Дзенькаўцах. Гэтую статыстыку паведаміла кіраўнік спраў Мастоўскага сельвыканкама Валянціна Пятроўна Філіпава.
У Дзенькаўцах жывуць Пётр Паўлавіч і Валянціна Іванаўна Пачабуты. У іх сям’і да гэтага часу захаваўся сялянскі ўклад жыцця ў класічным яго разуменні. Праўда, хату яны пабудавалі не з дрэва, як гэта было прынята ў вяскоўцаў у тыя часы, а шыкоўны двухпавярховы цагляны асабняк, дзе знайшлося месца для кожнага члена іх вялікай сям’і. У Пачабутаў чацвёра сыноў і дзве дачкі, падрастаюць чацвёра ўнукаў.
Да выхаду на пенсію гаспадыня працавала ў мясцовым калгасе цялятніцай. Цяпер Валянціна Іванаўна, вядома ж, з дапамогай мужа і дзяцей упраўляецца з ўласнай немалой гаспадаркай, дзе маюцца карова, куры, сабака, тры прыгожыя каты, шэсць вулляў з пчоламі і трыццаць шэсць, а можа, ужо на сёння і болей авечак, бо дарослыя жывёлы якраз у гэтую пару прыводзяць ягнят. У час нашага візіту гаспадары якраз кармілі малаком з бутэлькі з соскай двух малых ягнятак. Малыя асірацелі на трэці дзень пасля нараджэння, і толькі дзякуючы намаганням з боку гаспадароў выжылі і пасля кармлення весела бегалі на падворку. Пётр Паўлавіч да гэтага часу яшчэ працуе на ААТ «Мастоўдрэў».
Валянціна Іванаўна родам з Украіны. Пётр Паўлавіч нарадзіўся і вырас у Турэйску, што ў суседнім Шчучынскім раёне. Лёс распарадзіўся так, што месцам іх жыхарства сталі Дзенькаўцы.
-- Мы з мужам абое паходзім з сялян. Вясковыя карані глыбока прараслі ў нашых сэрцах, таму мы ніколі не марылі аб гарадскім жыцці, прызнаецца сёння Валянціна Іванаўна. Авечак мы пачалі разводзіць гадоў пятнаццаць назад па просьбе дзяцей. Сёння я ўжо дакладна і не памятаю, каму з нас першаму прыйшліся даспадобы гэтыя кудлатыя жывёліны. Цяпер у нас авечкі з белай, шэрай, рыжай і чорнай воўнай. З адной авечкі мы настрыгаем каля двух кілаграмаў воўны і аддаем у Зэльву на перапрацоўку, адкуль забіраем ніткі. Яшчэ з воўны вырабляем цёплыя коўдры. А мяса круглы год выкарыстоўваем для сваіх патрэб, сям’я ў нас вялікая, бараніны спажываецца многа. З яе я навучылася гатаваць смачныя шашлыкі, рулеты і катлеты. Бывае, што авечак на мяса ў нас купляюць прыезджыя з поўдня. За адну авечку плацяць каля мільёна рублёў. Бывае, што адразу ж яшчэ з цёплага мяса пачынаюць гатаваць шашлыкі.
Шкада толькі, што сёння ніхто не перапрацоўвае авечыя шкуры, іх мы проста закопваем у зямлю. Авечак утрымліваць даволі проста, яны непатрабавальныя ў ядзе. З ранняй вясны і да позняй восені самастойна пасуцца на лузе, працягвае расказ Валянціна Іванаўна Пачабут.
Назіраю за гэтымі руплівымі і працавітымі вяскоўцамі і яшчэ раз пераконваюся, што чалавек, які моцна каранямі прырос да зямлі, ніколі не прападзе. Ён здольны пракарміць і зрабіць шчаслівым не толькі сябе, але і сваіх дзяцей, унукаў.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧФота С. ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад