Гавораць, што не бывае нічога страшней за пажар. Зінаіда Максімаўна Качароўская не так даўно перажыла пажар у сваім доме. У тую страшную ноч згарэла ўсё датла, пажылая жанчына засталася ў адной сарочцы. Пасля перажытага страху і стрэсу адмовілі ногі. Урачам удалося паставіць яе на ногі.
Пасля чорных у жыцці, як правіла, наступаюць светлыя палосы. Сёлета Зінаіда Максімаўна адзначыла 80-гадовы юбілей, дачакалася ў водпуск з арміі чацвёртага ўнука Аляксандра. А ўсяго ў гэтай малажавай, нягледзячы на ўзрост, бабулі пяцёра ўнукаў. “Усе хлопцы —малайцы”,— смяецца шчаслівая Зінаіда Максімаўна.
Яе аптымізму можна пазайздросціць і павучыцца жыццялюбству. Былы настаўнік-філолаг Правамастоўскай школы-інтэрната Зінаіда Максімаўна Качароўская да гэтага часу захавала любоў да добрай кнігі, любіць чытаць перыядычныя выданні, у тым ліку і “Зару над Нёманам”. Апошнім часам сама заахвоцілася пісаць і нават атрымала перамогу ў творчым конкурсе апавяданняў чытачоў, які праводзіўся выданнем “Друг пенсионера”. У сваім эсэ мастаўчанка па-філасофску разважала пра яднанне чалавека з прыродай, у якой можна знайсці падтрымку і супакой у самыя цяжкія моманты жыцця.
Аптымізму і жыццёвай энергіі Зінаіда Максімаўна набіраецца ў сваіх аднадумцаў—членаў аматарскага клуба “Аптыміст”, якія арганізавалі былыя настаўнікі, і пасяджэнні якога з задавальненнем наведвае Зінаіда Максімаўна. У свае восемдзесят яна практычна не затрымліваецца дома. А вечарамі, калі надараецца вольная хвіліна і прыходзіць творчае натхненне, кладуцца на паперу радкі:
И спрос с меня, как с молодой, Весёлой бабушки, седой. Вот и завидуют мне все, Что выжила в большой беде.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
На здымку: З. М. КАЧАРОЎСКАЯ з унукам Аляксандрам.
Фота С. ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад