На працягу двух гадоў пражываючыя Мастоўскага сацыяльнага пансіяната “Прынёманне” праяўляюць свае творчыя здольнасці праз удзел у клубным аматарскім аб’яднанні “Адпачынак”.
А пачыналася ўсё з сумесных мерапрыемстваў Правамастоўскага цэнтра вольнага часу і культуры і Мастоўскага сацыяльнага пансіяната “Прынёманне” (да нядаўняга часу – Курылавіцкага дома-інтэрната для пажылых і інвалідаў).
– Спачатку нашы пражываючыя былі проста гледачамі, а потым Тамара Кучарава, якая кіруе цэнтрам вольнага часу і культуры, прапанавала зрабіць сумесны нумар. Усім спадабалася. Аказалася, што сярод атрымальнікаў паслуг нашага пансіяната шмат таленавітых людзей – адны добра спяваюць і нядрэнна танцуюць, другія цудоўна выступаюць у ролі вядучых, трэція праяўляюць тэатральныя здольнасці. Так нарадзілася ідэя стварыць клуб “Адпачынак”, які стаў нашай “палачкай-ратавалачкай” у час падрыхтоўкі святочных мерапрыемстваў ці віншавання імяніннікаў, – расказвае дырэктар пансіяната Марына Заяц.
З задавальненнем наведваюць клуб, рыхтуюць нумары да святочных канцэртаў і самі вядуць іх Канстанцін Іванавіч Залеўскі, Сяргей Мікалаевіч Гобец, Сяргей Генадзьевіч Міцюкоў і Яраслаў Паўлавіч Рымша. Разам з імі на сцэну выходзяць Тамара Кучарава, Святлана Карпук, Ірына Дубатоўка і акампаніятар Надзея Невалеўская.
– Кожную сераду у нас праходзяць рэпетыцыі, і нашы артысты ўжо ведаюць, што пасля абеда трэба збірацца ў холе пансіяната. Вельмі адказна яны ставяцца і да падрыхтоўкі нумароў, і да саміх канцэртаў, перажываюць, каб нікога не падвесці. Зараз мы напрацоўваем рэпертуар: развучваем новыя творы, паўтараем ранейшыя. Вельмі ўдзячны за падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі нашых творчых праектаў дырэктару пансіяната Марыне Заяц, – адзначае Тамара Васільеўна.
І гледачам, і самім артыстам вельмі спадабалася пазнавальна-забаўляльная праграма “Настрой у гарошак”, з якой “Адпачынак” нават удзельнічаў у абласным аглядзе-конкурсе. Тут можна было і кракавяк ды падыспань станцаваць, і паспрабаваць свае сілы ў паказе мод, і сваю любімую песню заспяваць пад гітару ці баян.
А 8 Сакавіка бягучага года стала запамінальным для Генадзя Баклагі і Анатоля Садоўскага, якія дэбютавалі ў ролі вядучых свята. Аднак, як аказалася, гэта не адзіныя іх таленты. Абодва маюць прыгожыя галасы і добра спяваюць.
– Упрошваць хлопцаў доўга не прыйшлося, так што можна гаварыць аб нараджэнні новага вакальнага калектыву, дзе будуць спяваць Генадзь, Анатоль, Святлана, Ірына і я. Рэпертуар мы ўжо развучваем, справа – за прыгожай назвай, якую падбіраем сумесна, – падзялілася Тамара Васільеўна прыемнай навіной.
Дарэчы, творы для выканання работнікі культуры і пражываючыя пансіяната таксама падбіраюць разам – трэба, каб песня “зачапіла”, лягла, як кажуць, на душу.
– Нашы дзяўчаты не даюць нам сумаваць. А мы стараемся іх не падвесці. За гэтыя гады, што дзейнічае клуб “Адпачынак”, мы ўжо сталі як родныя. Прыязджайце да нас 1 кастрычніка. Да Дня пажылых людзей мы рыхтуем канцэртную праграму. Спадзяёмся, што будзе па-хатняму цёпла і цікава, – атрымалі мы запрашэнне ад артыстаў пансіяната.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад