Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЭкономикаЭкономикаНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости МостовщиныМолодёжьМолодёжь

Юны фінансіст з Рагозніцы

Юны фінансіст з Рагозніцы16 декабря 2019 — 15:47

Быць фінансава граматным вельмі важна для сучаснага чалавека. Практычна кожны з нас сутыкаецца з фінансамі і падчас не ведае ці не разумее, як іх правільна выкарыстаць.

Дзеці ў школе набываюць новыя веды па матэматыцы, гісторыі, геаграфіі, і , напэўна, адзіны ўрок, які яны не вывучаюць, але які вельмі важны для іх будучага: як з розумам распараджацца грашовымі сродкамі? Што мы ведаем аб грошах? Як іх зарабляюць? Як адказна патраціць? На гэтыя пытанні хутка даць адказ зможа вучань нашага класа, які,здаецца, ведае аб грошах усё.

13 снежня 2019 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь сабраў самых фінансава граматных людзей Беларусі.  Вельмі прыемна, што сярод іх і навучэнец ХІ класа ДУА “Рагозніцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Варац Уладзіслаў. Ён  у ліку трох пераможцаў абласнога этапу прадстаўляў Гродзенскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці. На працягу гадзіны фіналісты рашалі фінансавыя задачы, адказвалі на пытанні.  Алімпіядныя заданні былі прадстаўлены ў форме тэстаў і ўключалі займальныя рэбусы па розных тэмах: асабістыя фінансы, лічбавы банкінг, дзейнасць Нацыянальнага банка, страхаванне, налогі, інвестыцыі і інш. Старшакласнікі папоўнілі свой багаж  фінансавых ведаў, якія спатрэбяцца ім у дарослым жыцці незалежна ад абранай прафесіі. Яркія ўражанні ў навучэнцаў і педагогаў пакінула экскурсія ў музей грошай, арганізаваная падчас правядзення спаборніцтва.  

Па выніках алімпіяды Уладзіслаў узнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені і фотаапаратам. Акрамя таго, кожны фіналіст атрымаў у падарунак ад ЗАТ “БСБ Банк” картачку з грашовымі сродкамі, якімі вучні распарадзяцца  ўжо як фінансава граматныя людзі. Заслужанай перамозе  папярэднічала сур’ёзная і крапатлівая  падрыхтоўка: вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу, нарматыўных дакументаў, рашэнне фінансавых задач. Дапамагала ў падрыхтоўцы да алімпіяды і каардынавала ўсю работу настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Наталія Іванаўна Сарока. З яе слоў, рыхтавацца з Уладзіславам да такога важнага  мерапрыемства, у якім ён удзельнічаў упершыню, было вялікім задавальненнем. Перамога ў школьным этапе натхніла на сур’ёзную далейшую працу. Давялося глыбока ўнікнуць у сэнс банкаўскай сістэмы і эканамічных працэсаў.

Станоўчымі эмоцыямі пасля алімпіяды падзяліўся Уладзіслаў з педагогамі і навучэнцамі школы: “Для мяне было вялікім гонарам прадстаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім этапе. Алімпіяда пакінула яркія ўражанні. На працягу некалькіх месяцаў я мэтанакіравана займаўся, таму прапанаваныя заданні асабліва цяжкасцей не выклікалі. Больш складаным для мяне было творчае заданне, дзе неабходна было паразважаць над пытаннем: “Чаму давер да нацыянальнай валюты важны для дзяржавы і для самога насельніцтва?” Перамогу не чакаў, але верыў у свае сілы. Вялікі дзякуй хочацца сказаць усім, хто дапамагаў мне рыхтавацца да алімпіяды, верыў у мяне”.

Перамога Уладзіслава не была выпадковасцю, таму што ён вызначаецца мэтанакіраванасцю, адказнасцю, сур’ёзным падыходам да любой справы. Рыхтуючыся да алімпіяды, юнак зразумеў, што паспяховым дарослым стаць немагчыма, калі, будучы школьнікам, не пачаць павышаць сваю фінансавую граматнасць.

Уладзіслаў – гэта адзін з лепшых вучняў нашай школы. На працягу некалькіх гадоў ён з’яўляўся пераможцам раённага этапу рэспубліканскіх алімпіяд па рускай мове, нямецкай мове, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці класа і школы, праяўляе лідарскія якасці, член валанцёрскага атрада “Сузор’е”.

Віншуем Уладзіслава з заслужанай перамогай, са званнем лепшага з лепшых па фінансавай граматнасці!

                                                                      Вольга Панкевіч,

настаўнік, які выконвае функцыі класнага кіраўніка ХІ класа ДУА “Рагозніцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио