Юная спявачка Юлія Віннік, вучаніца пятага класа Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў, якая займаецца вакалам у Галіны Іосіфаўны Мішурынай, паспяхова прайшла ўсе тры адборачныя туры агульнарэспубліканскага дзіцячага тэлевізійнага конкурсу “Таленты краіны”.
Маштабны конкурс праходзіць пры садзейнічанні спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Агульнанацыянальнага тэлебачання. Самыя здольныя і таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі з усёй Беларусі дэманструюць свае таленты ў вакальным, арыгінальным, харэаграфічным і інструментальным жанрах.
Гэта ўжо другі сезон тэлепраекта “Таленты краіны”. У першым сезоне ўдзел у кастынгу у тэлепраекце прымала яшчэ адна вучаніца Г.І. Мішурынай Яна Шчука. У другім сезоне “Таленты краіны” паспяхова штурмуе Юлія Віннік. Юная спявачка прадэманстравала свае выдатныя вакальныя здольнасці ў акадэмічных спевах, выканаўшы арыю Снягурачкі з аднайменнай оперы М. Рымскага-Корсакава і песню Л.Захлеўнага “Мілавіца”, і пакарыла журы.
Юлія Віннік вакалам займацца пачала параўнальна позна, але талент, дадзены ад Бога, і вялікая працаздольнасць прынеслі станоўчыя вынікі. Юлія -- удзельніца і пераможца многіх музычных конкурсаў самага рознага ўзроўню. А марыць дзяўчынка стаць опернай спявачкай.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад