На сённяшні дзень на тэрыторыі Гудзевіцкага сельскага Савета застаўся ў жывых толькі адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны Часлаў Сцяпанавіч Грыгуць, які 15 жніўня адзначае свой 95 год нараджэння. Зараз ён жыве ў сваёй дачкі ў горадзе Мінску, але гэта не перашкаджае нам помніць пра гэтага чалавека і шанаваць яго.
Часлаў Сцяпанавіч Грыгуць нарадзіўся ў
в. Ганасаўцы Ваўкавыскага раёна ў 1923 годзе ў сялянскай сям’і. Гэта мясцовасць лічылася акупіраваннай тэрыторыяй, калі пачалася вайна. У 1943
годзе яго забралі на прымусовыя работы ў Германію. Як успамінае сам Часлаў Сцяпанавіч, былі спробы ўцёкаў, якія скончыліся тым, што яго і іншых забралі ў канцлагер пад Сувалкі ў мястэчка Рацкі (сучасная Польшча). Падчас вайны шмат выпрабаванняў выпала на долю гэтага чалавека: праца ў каменяломнях, прыгнёт у нямецкіх гаспадароў, пабегі і арышты, здзекі, турма... На фронт Часлаў Сцяпанавіч трапіў перад самай перамогай. Потым вярнуўся ў родныя мясціны. У 1952 годзе ажаніўся з дзяўчынай са Злобаўшчыны і жыў разам з ёй і сваёй маці ў старой хаце, якую пабудавалі пасля вайны. Пазней паставілі новую хату ў в. Міткавічы. Тут гадаваліся яго дзеці: Крысціна, Гена і Франак. Працаваў у мясцовай гаспадарцы, добрасумленна адносіўся да сваіх абавязкаў. Усе астатнія гады Часлаў Сцяпанавіч пражыў у гэтай мясцовасці, славіўся сваім уменнем іграць на гармоніку, перадаваў свой вопыт малодшаму пакаленню. Да гэтага часу ён захаваў светлы розум, мае бадзёры настрой і заўсёды з усмешкай на твары сустракае кожнага знаёмага, мае аўтарытэт сярод землякоў.
У гэты святочны дзень мы жадаем Чаславу Сцяпанавічу моцнага здароўя, дабрабыту, яшчэ многія гады радаваць сваіх родных і блізкіх.
В. ПАЛОЙКА,
дырэктар УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурнакраязнаўчы музей”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад