Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньБлоги наших журналистовНаталья ШевчикГод качестваГод мира и созидания

Юбілей на дзве “пяцёркі”: 2 лютага 55 гадоў споўнілася Гудзевіцкаму дзяржаўнаму літаратурна-краязнаўчаму музею

Юбілей на дзве “пяцёркі”: 2 лютага 55 гадоў споўнілася Гудзевіцкаму  дзяржаўнаму літаратурна-краязнаўчаму музею03 февраля 2023 — 14:56

2 лютага 2023 года Гудзевіцкаму дзяржаўнаму літаратурна-краязнаўчаму музею споўнілася 55 гадоў. Па мерках чалавечага жыцця – гэта ўзрост мудрасці і сталасці, калі шмат ужо перажыта, але многае яшчэ наперадзе. А ў рэаліях культурна-гістарычнай спадчыны краіны юбілей “дзвюх пяцёрак” – імгненне, але яркае і слаўнае, са сваімі традыцыямі і каштоўнасцямі.

Каб перагарнуць старонкі музейнага жыцця, успомніць былое і даведацца, чым жыве ўстанова сёння, у выставачнай зале музея сабраліся старшакласнікі Гудзевіцкай школы, настаўнікі, мясцовыя жыхары, колішнія работнікі  і ганаровыя госці. Сярод апошніх – загадчык сектара культуры райвыканкама Анастасія Палуйчык, старшыня Гудзевіцкага сельскага Савета, былы кіраўнік музея Вікторыя Палойка, захавальніца “сакрэтаў” ткацтва падвойных дываноў, верная спадарожніца і надзейная апора стваральніка музея, яго жонка Вера Белакоз, паэт Мікалай Іваноўскі, Кацярына Басінская, якая ўзначальвала музей у 2011 – 2018 гадах.

Са сцен выставачнай залы, дзе да юбілейнай даты аформлена выстаўка па старонках друкаваных СМІ (дарэчы, большасць матэрыялаў – з раённай газеты “Зара над Нёманам”!), з асабістых архіваў супрацоўнікаў і мясцовых жыхароў, пазіраюць зацікаўленыя вочы тых, хто на працягу 55 гадоў нястомна вывучаў, збіраў і захоўваў спадчыну, прывіваў маладому пакаленню жаданне вывучаць гісторыю сваёй малой радзімы ў кантэксце развіцця краіны.

– Менавіта 2 лютага 1968 года была адчынена першая экспазіцыя тады яшчэ школьнага музея, ідэя стварэння якога належыць настаўніку беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы, энтузіясту Алесю Мікалаевічу Белакозу, –, расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея Лілія Рэйшэль, паступова пагружаючы прысутных у далёкае мінулае. – А калі ў 1981 годзе была пабудавана новая двухпавярховая школа, будынак былой установы адукацыі аддалі пад музей. Чатыры экспазіцыйныя залы ў ім адчынілі свае дзверы для наведвальнікаў у маі 1984 года. А вось у 1980 годзе, дзякуючы дапамозе колішняга старшыні калгаса Міхаіла Сцяпанавіча Пронькі, музей папоўніўся сваім унікальным экспанатам – хаткай. Яе перавезлі з вёскі Семярэнкі. Першая экскурсія ў ёй была праведзена ў 1981 годзе. Дарэчы, мясцовая гаспадарка, як і 55 гадоў таму, так і зараз аказвае значную падтрымку музею, за што мы вельмі ўдзячны.

Знакавым у гісторыі ўстановы стаў 1990 год, калі загадам Гродзенскага ўпраўлення культуры музей набыў статус дзяржаўнага. Тады ж яму быў перададзены другі школьны будынак, дзе ў гэтым жа годзе былі аформлены залы “Народная медыцына”, “Лён і ткацтва”.

– Па першым часе, калі пры музеі быў створаны гурток ткацтва, вучні на невялікіх ручных кроснах ткалі закладкі, гальштукі і паясы, якія адпраўлялі беларускім паэтам і пісьменнікам з замовай прыслаць рукапіс свайго твора ці выказванне аб роднай мове, – успамінае той час Вера Ігнатаўна Белакоз, якая і вучыла мясцовых дзяўчынак і хлопчыкаў гэтаму рамяству. – Пазней на работу былі прыняты мясцовыя жанчыны. Першымі ткачыхамі былі Соф’я Аляксандраўна Улановіч, Ганна Рыгораўна Саўка, Валянціна Міхайлаўна Кібік, Ніна Міхайлаўна Рыбалка, Ніна Уладзіміраўна Лявусік.

Сама Вера Ігнатаўна ў развіцці свайго майстэрства пайшла далей і пераняла  тэхніку падвойнага ткацтва дываноў. У 1991 годзе ў зале практычнага ткацтва музея ёю быў вытканы першы падвойны дыванок, а праз два дзесяцігоддзі традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў вёскі Гудзевічы была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а Веры Ігнатаўне прысвоена званне “народны майстар”. Праз некалькі гадоў майстрыха атрымала яшчэ адно высокае прызнанне сваіх заслуг, стаўшы лаўрэатам прэміі імя А. Дубко ў галіне культуры і мастацтва.

Дарэчы, сёлета гэтай жа прэміі быў удастоены і яшчэ адзін наш зямляк, паэт Мікалай Іваноўскі.

– Вельмі прыемна мне пабываць у гэтых залах, дзе “бачу” сляды майго дзеда Мікалая Хведаравіча Іваноўскага, маіх маці і бацькі Ніны Іванаўны і Пятра Мікалаевіча, маіх братоў і сясцёр. Усё гэта кранае душу і акрыляе, у тым ліку і на творчасць, – падзяліўся Мікалай Пятровіч уражаннямі і адарыў трапнымі вершаванымі радкамі на гэты конт.

Трэба дадаць, што музей запатрабаваны ў наведвальнікаў. На працягу 2022 года з яго экспазіцыямі пазнаёміліся 5 133 экскурсанты. Тут праведзена 214 экскурсій і 56 мерапрыемстваў, якія ўключаюць анімацыйную гульнёвую праграму “У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі” і ладзяцца сумесна з Гудзевіцкім цэнтрам вольнага часу і культуры. Свой музычны падарунак культработнікі падарылі і падчас святочнай сустрэчы.

Словы віншаванняў у адрас юбіляра – Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчана музея – і зладжанага творчага калектыву, які плённа тут працуе зараз, адрасавалі і іншыя госці мерапрыемства. Вось што падкрэсліла загадчык сектара культуры райвыканкама Анастасія Палуйчык:

– Прыемна, калі людзі ўкладваюць душу ў тую справу, якой даражаць. А вы ў сваю працу ўкладваеце не толькі душу, але і кавалачак свайго бязмежнага сэрца, сваю любоў да родных мясцін, да Беларусі. І гэта прыносіць добры плён. Вам насамрэч ёсць чым ганарыцца. Дзякуй за ваш энтузіязм і нераўнадушша. Няхай і далей гучыць слава Гудзевіцкага музея за межамі нашага раёна, вобласці і рэспублікі.

Мы спадзяёмся, што, захоўваючы ўсё тое лепшае напрацаванае за мінулыя гады, музей па-ранейшаму застанецца культурным цэнтрам Гудзевічаў і ўсёй Мастоўшчыны, застанецца цэнтрам беларускасці, месцам, дзе можна вывучаць гісторыю краіны. А тыя мерапрыемствы, што ладзяцца ў гэтых сценах, будуць і далей служыць справе адраджэння і захавання традыцый беларусаў, нашай нацыянальнай спадчыны.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио