Кніга з даўніх часоў – ад клінапісных плітак Месапатаміі і папірусных світкаў Старажытнага Егіпта – з’яўляецца важнейшым сродкам накаплення, захоўвання і распаўсюджвання інфармацыі.
А ці захаваецца традыцыйная роля кнігі ў наш час, час асабліва хуткага развіцця навукі і тэхнікі, ва ўмовах сучаснага навукова-тэхнічнага прагрэсу?
Гадоў 15 назад уявіць наша жыццё без кнігі было проста немагчыма. Цяпер, каб знайсці патрэбную інфармацыю, дастаткова “скачаць” з камп’ютара (гэта намнога прасцей), чым траціць час і шукаць яе ў кнігах.
А як жа мастацкая літаратура? Праграмныя творы ўсё ж такі навучэнцы чытаюць, а праблема самастойнага чытання мастацкай літаратуры па-ранейшаму застаецца. Над вырашэннем гэтай праблемы працуюць настаўнікі нашай школы.
Па-першае, гэта ўрокі літаратуры, зместам якіх з’яўляюцца мастацкія творы і работа над імі.
Па-другое, мастацкая літаратура як сродак выхавання выкарыстоўваецца ў пазакласнай рабоце, таму што розныя формы мерапрыемстваў дазваляюць вызваць цікавасць у навучэнцаў да мастацкага слова. З гэтай мэтай прапануюцца творы, якія лічацца шэдэўрамі сусветнага мастацтва, якія дапамагаюць выхоўваць агульначалавечыя якасці.
Таму можна сцвярджаць, што і сёння ёсць вучні, якія любяць чытаць, цікавяцца кнігай. Для гэтага ім не абавязкова купляць кнігу ці знаёміцца са зместам у інтэрнэце.
З даўніх часоў існуюць сапраўдныя “скарбніцы” – бібліятэкі, якія дапамагаюць правесці вольны час з карысцю – за чытаннем кніг.
У нашай установе адукацыі бібліятэка з’яўляецца інфармацыйным цэнтрам для настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў. Бібліятэкар Наталля Мікалаеўна Гайдаш выкарыстоўвае розныя формы і метады ў рабоце з чытачамі, у тым ліку так называемыя нетрадыцыйныя выставы: выстава-роздум, выстава “Літаратурны герой”, выстава-фантазія, выстава-віктарына, выстава-падарожжа і іншыя. Да іх правядзення Наталля Мікалаеўна падыходзіць комплексна, праводзіць вялікую падрыхтоўчую работу.
Хачу адзначыць цікавыя нетрадыцыйныя выставы, якія былі праведзены ў нашай школе.
Гэта выстава-настрой, пры правядзенні якой удзельнікам прапанавалася самім падабраць кнігі і выказаць думкі пра свой выбар. Раздзелы гэтай выставы: “Героі выхаваныя”, “Героі адказныя”, “Героі смелыя”, “Героі вясёлыя”.
Такім чынам, нетрадыцыйныя выставы даюць магчымасць творча і нестандартна падыходзіць да рэалізацыі задуманага.
Выстава-памяць, выстава-заклік, выстава-прысвячэнне вызвалі цікавасць у чытачоў, і можна спадзявацца, што нашы навучэнцы будуць сябраваць з кнігай і з задавальненнем чытаць мастацкую літаратуру, бо менавіта яна, мастацкая літаратура, выхоўвае лепшыя чалавечыя якасці, вучыць любіць роднае слова, родны край, родную зямлю.
С. Авечка,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА “Курылавіцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад