Мы публікуем успаміны пра сваю дывізію, пра баі ў ліпені 1944 года, вызваленне Прынёманскага краю і нашай Мастоўшчыны палкоўніка ў адстаўцы Івана Міхайлавіча Падабеда. Іван Міхайлавіч неаднаразова бываў у Мастах, з”яўляўся ганаровым грамадзянінам нашага горада, выступаў з успамінамі.Сустракаліся з ім і мы. Вось што ён расказаў пра той час:
— 348-я стралковая Бабруйская дывізія, якая ўваходзіла ў састаў трэцяй арміі генерал-палкоўніка А. Гарбатава, разам з іншымі злучэннямі вызваляла Мінск ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Далейшы баявы шлях дывізіі пралягаў праз Навагрудак. 9 ліпеня мы фарсіравалі на дапаможных сродках Нёман і захапілі плацдарм на яго заходнім беразе ў раёне Агародні. Тут асабліва вызначыліся воіны стралковых палкоў, якімі камандавалі падпалкоўнікі С. Чэрнаўцаў і І. Далматаў.
... У 5 гадзін 30 мінут загаварыла наша артылерыя. Толькі дзесяць хвілін працягваўся агнявы налёт, але ён быў выключна моцны. Узляталі ў паветра варожыя кулямётныя гнёзды, рушыліся бліндажы і траншэі. У гэты час стралковы батальён маёра Арлашкіна на дапаможных сродках фарсіраваў Нёман і ўшчыльную падышоў да нямецкіх траншэй. Прагучаў сігнал атакі. Пехацінцы ўварваліся ў траншэі ворага. Завязаўся рукапашны бой. Метр за метрам пашыраўся захоплены намі плацдарм на заходнім беразе ракі.
Апамятаўшыся, немцы сталі аказваць супраціўленне і хацелі выкінуць нас з гэтага плацдарма. Яны падцягнулі артылерыю, танкі, бронетранспарцёры і перайшлі ў контратаку. Тут вызначыліся байцы старшага сяржанта Уразгаліева. Вось як аб іх было расказана ў нашай армейскай газеце «Баявы сцяг».
«... З-за ўзгорка паказаліся варожыя танкі. За імі ў рост ішла нямецкая пяхота. Контратака. Байцы старшага сяржанта Уразгаліева падрыхтаваліся да сустрэчы. Немцы адкрылі шалёны агонь з кулямётаў і і гармат. Снарады рваліся непадалёку. Калі фашысты падышлі блізка, на іх абрушыўся трапны агонь. Гэта страляў ручны кулямёт Саламан-дзіна. Ён амаль ва ўпор расстрэльваў насядаўшых немцаў. Мужна паводзіў сябе ў баі і старшы сержант Уразгаліеў. Да акопа, дзе ён заняў агнявую пазіцыю, падпаўзла група немцаў. Уразгаліеў закідаў іх гранатамі. У гэты час нашы артылерысты падбілі два варожыя танкі. Старшы сержант Уразгаліеў асабіста знішчыў 13 фрыцаў. Байцы Смірноў і Саламандзін знішчылі па 6 гітлераўцаў. Адваяваны рубеж воіны Уразгаліева моцна трымалі ў сваіх руках».
Не менш мужна змагаліся з ворагам і іншыя воіны падраздзяленняў нашага палка, якімі камандавалі маёры Глазуноў, Арлашкін, капітан Ушакоў.Праз некалькі гадзін, зламаўшы су-праціўленне немцаў, мы рухаліся наперад. Фарсіраваўшы невялікія рэчкі і заняўшы Малькавічы, Асаўляне і іншыя населеныя пункты, падраздзяленні палка падышлі да Мастоў.
На подступах да горада немцы аказалі нам супраціўленне. Камадзір палка І. Далматаў даў загад заняць абарону, папоўніць роты і батальёны боепрыпасамі, падцягнуць артылерыю і мінамёты, накарміць байцоў і падрыхтавацца да наступлення на горад.
На світанні батальёны пайшлі ў атаку. Праціўнік адкрыў шалёны агонь з усіх відаў зброі і прыціснуў нашых байцоў да зямлі. Памятаю як зараз: агонь быў такі моцны, што нельга было ўзняць галавы. Але час не чакаў. У першыя рады наступаючых падпаўзлі намеснік камандзіра батальёна па палітчастцы капітан М. Сонаў, начальнік штаба капітан Б. Ражкуеў, камандзіры рот, старшыя лейтэнанты Дудзенкоў і Сарокін. З крыкамі «За радзіму! Уперад на ворага!» яны паднялі байцоў у атаку. Так працягвалася некалькі разоў, пакуль супраціўленне немцаў не было зломлена. 13 ліпеня 1944 года горад Масты быў вызвалены. У баях за горад вызначыліся многія байцы і камандзіры, асабліва кулямётчыкі капітана Н. Ермакова. Вось некалькі баявых эпізодаў, пра якія хочацца расказаць.
Так, бывалы кулямётчык Васіль Сляпчэнка з дазволу капітана Н. Ермакова кароткімі перабежкамі кінуўся ўперад. Неўзабаве ён падабраўся да размяшчэння праціўніка на 50 метраў і адкрыў агонь. Адважны воін са свайго «максіма» знішчыў варожы кулямёт і больш дзесятка гітлераўцаў і тым самым дапамог руху наперад нашым байцам. За перыяд баёў з 9 па 13 ліпеня старшы сержант В. Сляпчэнка знішчыў 100 немцаў, многа варожых агнявых кропак. За гераізм і мужнасць, праяўленыя пры вызваленні Мастоўшчыны, ён быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.У восьмай роце служылі бацька і сын Капусціны. Бацька Сямён Навумавіч камандаваў аддзяленнем , а яго сын быў у ім наводчыкам кулямёта. Яны мужна паводзілі сябе ў кожным баі.
Аддзяленне наступала на «вышыню». Сямён Капусцін раптам убачыў на дарозе нямецкую машыну. Камандзір аддзялення загадаў кулямётчыку непрыкметна падпаўзці да яе. Віктар у дакладнасці выканаў загад. Ён знішчыў да дзесятка немцаў, падпаліў машыну і захапіў спраўны матацыкл.
Падраздзяленню старшага лейтэнанта А. Мялягіна было загадана перарэзаць дарогу Шчучын -- Ваўкавыск у раёне Песак. Прайшоўшы некалькі кіламетраў, рота выйшла на шашу. У гэты момант паказалася варожая калона. Нашы байцы дружна атакавалі ворага. Яны разграмілі варожы абоз і захапілі 60 фурманак з грузам. Байцы Дзянісаў і Кучаравенка захапілі машыну.
У гэтым баі вызначыліся старшы сержант П. Немкаў і яфрэйтар М. Масленнікаў, за што былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай зоркі.
На здымках: (левая калонка зверху ўніз) ветэраны 348-й дывізіі Л. АГРАНАТ, М. ЗАЙЦАВА, А. СКУРДЗІН, М. ДУБІНІНА, Дзм. АЎЧЫННІКАЎ;(на здымку уверсе) ветэраны 1172-га стралковага палка, які вызваляў наш горад;(на здымку ніжэй) ветэраны дывізіі сумесна з яе камандзірам генерал-маёрам М. ГРЭКАВЫМ разам з вучнямі СШ №3 г. Масты.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад