Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодёжьМолодёжь

Яна вядзе па дарозе ведаў

Яна вядзе па дарозе ведаў05 мая 2017 — 11:31

Кажуць, што тэатр пачынаецца з вешалкі. Мусіць, так. А з чаго пачынаецца школа? Я думаю, што з любові настаўніка да дзяцей і сваёй справы. Чалавек, пра якога я хачу вам расказаць, сумяшчае ў сабе ўсё лепшае, што характэрна для сейбітаў разумнага і добрага.

 

Гэта настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ірына Паўлаўна Цяслоўская (на здымку). Працуе яна у Правамастоўскай сярэдняй школе. Галоўнае, што характарызуе яе, — гэта любоў да сваёй працы.


Нарадзілася наша субяседніца ў аграгарадку Вялікая Рагозніца, старанна вучылася і праводзіла свой вольны час весела і актыўна.
— Я – настаўнік. Як гэта ні дзіўна, бо ў дзяцінстве я не садзіла лялек перад сабой і не вучыла іх чытаць. У школе я не імкнулася камандаваць сваімі аднакласнікамі. Ва ўніверсітэце я не збіралася працаваць па спецыяльнасці. Але ў лёсу былі іншыя планы на мяне, — расказала Ірына Паўлаўна. — Прыйшоўшы працаваць у школу, я не збіралася тут затрымацца надоўга, але, на маё вялікае здзіўленне, я зразумела, што гэта маё месца.


Шмат увагі надае І. П. Цяслоўская не толькі працэсу перадачы ведаў вучням, але і ўзаемаадносінам паміж настаўнікамі, падтрымцы добрага мікраклімату ў школьным калектыве. Яна за кароткі час змагла падабраць ключык да кожнага з педагогаў. Разумею, што ўсё гэта даецца ёй не так проста, не прыходзіць па волі чароўнай палачкі. Аб чалавечых якасцях Ірыны Паўлаўны можна гаварыць шмат. Яна аддаецца справе цалкам, не шкадуючы ўласнага часу. Да гэтага настаўніка заўсёды прыемна зайсці.

Уважліва выслухае, дасць адказ на самае надзённае пытанне, дапаможа прыняць правільнае рашэнне, знайсці выйсце са складаных сітуацый і заўсёды прыйдзе на дапамогу. Яе шчырасць і любоў перадаецца і вучням, натхняе іх на добрыя справы, усяляе надзею на рэалізацыю творчага патэнцыялу.


Ірына Паўлаўна не толькі педагог, але і псіхолаг, і, калі хочаце, у пэўныя хвіліны — псіхатэрапеўт. Нехта з вядомых сказаў, што “ёсць людзі сонечнай душы”, то гэта менавіта пра яе.


Ірына Паўлаўна Цяслоўская — актыўная ўдзельніца творчых і інтэлектуальных конкурсаў, яе працы не раз атрымлівалі высокую ацэнку і адзначаліся дыпломамі. Таксама яна прымала ўдзел у раённым конкурсе маладых спецыялістаў.


Настаўнік — гэта заўсёды актыўная і творчая асоба, якая вядзе вучняў за сабой, стараецца быць для іх прыкладам. Менавіта такім педагогам з’яўляецца Ірына Паўлаўна.


А. МАКАР

Фота с асабістага архіва
І. Цяслоўскай


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио