Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Як з’явіўся горад Масты

Як з’явіўся горад Масты05 августа 2016 — 10:00

 Кожны жыхар Мастоў ведае, што горад наш старажытны. І гэта сапраўды так. Першы ўспамін аб Мастах датуецца 1486 годам. На той час гэта было ўжо мястэчка з насельніцтвам  у некалькі соцень чалавек. У ім былі карчмы і гандлёвая дарога, якая злучала дзве сталіцы: Кракаў  і Вільню. Была мытня, дзе бралі збор за правоз тавараў.

    А ці ведаеце вы, што ўся шматвекавая гісторыя горада Масты адбывалася зусім не на тым месцы, на якім ён стаіць сёння? Старажытны горад знаходзіўся за шэсць кіламетраў вышэй па Нёману, а дакладней на месцы, дзе зараз знаходзяцца вёскі Правыя і Левыя Масты. Аб гэтым сведчаць шматлікія дакументы і карты таго часу.

  Можна лічыць, што горад Масты пачаў утварацца на тым месцы, на якім ён знаходзіцца сёння, толькі з 1927 года, калі прадпрымальнікі браты Вацлаў і Ігнат Канапацкія пабудавалі фанерны завод  (да гэтага на месцы  сённяшняга горада быў лес. Толькі на левым беразе ад завода знаходзілася вёска Зяльвяне, а на правым ­­ Занеманск).

 Завод знаходзіўся ў вельмі зручным месцы: па Нёмане плылі плыты, побач праходзіла чыгунка. А галоўнае, тут была рабочая сіла – на заводзе працавалі сяляне з навакольных вёсак: Зяльвян, Занеманска, Дубна, Заполля, Ляды, Вялікіх і Малых Сцяпанішкаў.

З узнікненнем завода рабочым выдзяляліся ўчасткі,  і яны маглі будаваць  жыллё побач. З’яўляліся і адміністрацыйныя пабудовы. Старэйшы брат Ігнат Канапацкі  арганізаваў пры фабрыцы пяцігадовую школу, забяспечыў працаўнікам медыцынскае абслугоўванне, а таксама арганізаваў аптэку. Вакол завода пачаў утварацца новы рабочы пасёлак. Спачатку ён называўся Фабрычным, потым Масты фабрычныя, Масты новыя, а з 1940 года – рабочы пасёлак Масты. Паселішча ўсё больш разрасталася, і ў 1950 годзе пасёлак стаў горадам. Вёска Зяльвяне стала левабярэжнай часткай Мастоў, а  вёска Занеманск – вуліцай Занеманскай. Так Масты перамясціліся ніжэй па Нёмане за шэсць кіламетраў, а старажытныя Масты сталі вёскамі Правыя і Левыя  Масты.  Так і з’явіўся горад, які мы ведаем сёння.  

 Таямніцы  сядзібы Азнабішыных    У дзяцінстве мы з сябрамі вельмі любілі гуляць каля старой сядзібы ў вёсцы Правыя Масты. Яна так захапляла нас! Такая яна была неверагодная і таямнічая! Заўсёды марылі трапіць у сярэдзіну, зазірнуць туды хоць адным вокам. А як бурна мы ўяўлялі сабе падзеі, якія адбываліся там у мінулым! Нам здавалася, што там жыла якая­небудзь знакамітая княжацкая сям’я, якая часта давала пышныя балі. Дзяўчаты і хлопцы ў прыгожай вопратцы танцавалі паланезы да самага ранку... 

Даведацца пра сядзібу мы спрабавалі ў сваіх бацькоў, але ў адказ атрымлівалі толькі пацісканне плячыма і задуменны позірк.

Дзяцінства скончылася, а цікавасць да будынка нікуды не знікла. І вось я вырашыла раскрыць таямніцы. Аказалася, што звестак пра сядзібу захавалася вельмі мала. Але мне пашанцавала даведацца, што працаўнікі музея Правамастоўскай сярэдняй школы, а таксама спецшколы­інтэрнат, якая некаторы час валодала сядзібай, займаліся зборам звестак на працягу доўгага часу. 

 Калі паглядзець на старажытныя карты, то становіцца зразумела, што гістарычны горад  Масты знаходзіўся на шэсць кіламетраў вышэй па Нёмане, а дакладней, на месцы, дзе зараз знаходзяцца вёскі Правыя і Левыя Масты. Таму смела можна сказаць, што сядзіба знаходзілася  ў буйным мястэчку Масты.

Хто пабудаваў маёнтак і быў яго першым гаспадаром, невядома, але мне пашанцавала даведацца, як раней ён выглядаў: у сярэдзіне  было шмат пакояў, у ліку якіх і ванны пакой. Былі яшчэ пакоі для асабістай гігіены на першым паверсе. Памяшканне асвятлялі керасінавыя лямпы і свечкі. Вакол маёнтка раскінулася ліпавая алея.

На пляцоўцы перад цэнтральным уваходам знаходзіліся кветнікі. А галоўнае, што мяне ўразіла, што сярод кветак быў фантан! Калі прыязджалі госці, гаспадары ўключалі яго. А яшчэ кажуць, што перад маёнткам быў басейн, вада для якога сцякала са страхі ў бочкі. На жаль, да сённяшніх дзён ні фантан, ні басейн не захаваліся.

З тыльнага боку былі прыступкі, якія вялі да Нёмана. Яны засталіся і сёння. Унізе, каля самай ракі, былі  альтанкі для адпачынку. Там жа была крыніца. Вадой з яе карысталіся не только гаспадары, але  ўсе жыхары мястэчка.

З левага і правага бакоў будынка  былі ўваходы для гаспадарчага прызначэння. Побач з маёнткам стаяў невялікі дом – барак, дзе жылі батракі. Яшчэ была маленькая часоўня.

  Першым вядомым гаспадаром сядзібы быў памешчык Азнабішын. Пасля  паўстання Тадэвуша Касцюшкі  ў 1794 годзе Кацярына ІІ зацвердзіла  ўказ: чыноўнікаў мясцовага пахо­джання вызваліць ад пасад і на іх месца прызначыць «расейскіх». Так Азнабішын атрымаў сядзібу разам з сялянамі. Вядома, што пазней, з 1845 года, маёнткам валодала Францішка Валенінава, па мужу Мураўёва, сапраўдная стацкая саветніца. Тады да маёнтка належыла 7340 дзесяцін зямлі.

У пачатку ХХ стагоддзя маёнтак купіў пан Лавіцкі. Ён быў прыхільнікам паўстанцаў 1863 г. Тут яны знаходзілі сабе прыстанішча. Лавіцкі жыў не вельмі багата. У 20­х гадах мінулага стагоддзя яго фальварак канфіскавалі за тое, што не плаціў падаткаў. Старажылы ўспамінаюць, што пасля Лавіцкіх гаспадаром стаў пан Межаеўскі. Пазней, прыблізна да 1938 года, у маёнтку жыў разам са сваёй сям’ёй Ігнат Канапацкі, адзін з заснавальнікаў дрэваапрацоўчага завода.

Былі ў маёнтку балі ці не, мне даведацца не ўдалося, але гукі музыкі гэтыя сцены чулі: з 1938 па 1941 гады ў адным з пакояў маёнтка, які на той час пуставаў, арганізоўваліся вечары адпачынку для моладзі. Тут бавілі час не толькі хлопцы і дзяўчаты з Правых Мастоў, але і з суседніх вёсак.  У гады Вялікай Айчынай вайны тут жылі нямецкія салдаты. Яны стварылі стрэльбішча з правага боку ад маёнтка. Напрыканцы 1945 года  ў былым маёнтку размясціўся Дом­інтэрнат для дзяцей­сірот, чые бацькі загінулі ў гады вайны.

У 1960 годзе дзіцячы дом рэарганізавалі ў агульнаадукацыйную школу­інтэрнат на 120 выхаванцаў. Побач з маёнткам пабудавалі  сталовую, кацельню і іншыя гаспадарчыя пабудовы. У 2007 годзе Правамастоўская спецшкола­інтэрнат была рэарганізавана. Памяшканне пуставала. Сёння тут месціцца дамавы храм іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых Радасць”.

 Вось такі цікавы шлях прайшоў маёнтак у Правых Мастах: ад памешчыцкай сядзібы да дамавога праваслаўнага храма.

Сённяшні дзень  Правых Мастоў

У Правых Мастах пражываюць  1122  чалавекі. Але сёння Правыя Масты – гэта ўжо не мястэчка і не вёска, а паселішча новага тыпу ­ аграгарадок. Дзякуючы Дзяржаўнай праграме па адраджэнню і развіццю сяла, Масты Правыя былі адноўлены, зроблена шмат для паляпшэння ўмоў жыцця. Пабудавалі цэлы мікрараён, дзе жывуць сем’і працаўнікоў МРУСП “Мастаўчанка”.  Сацыяльная сфера прадстаўлена агульнаадукацыйнай школай, якую адрамантавалі  згодна з Праграмай, і дзіцячым садам. Правесці вольны час можна ў эколага­біялагічным цэнтры дзяцей і юнацтва, а таксама ў цэнтры адпачынку і культуры, бібліятэцы. Там арганізаваны розныя гурткі для дзяцей і моладзі, а таксама аб’яднанні для дарослых. Кожны можа знайсці сабе занятак на свой густ. Не ў горшым стане знаходзіццца сфера абслугоўвання: ёсць два магазіны, адзін з якіх прыватны, і бар “Прыдарожны”. Працуе комплексны прыёмны пункт. Ёсць лазня, пошта і аддзяленне АСБ “Беларусбанк”. Працуе Курылавіцкі дом­інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Дзейнічае касцёл святога Яна Хрысціцеля.

Я вельмі ганаруся сваёй малой радзімай, яе мінулым і сённяшнім днём.

Л. САВІЦКАЯ, студэнтка ГрДУ ім. Я. Купалы

На здымках: школа, амбулаторыя, эколага­біялагічны цэнтр, царква.Фота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио