Мастоўская каманда “Фінансісты” стала пераможцай турніру па інтэлектуальных гульнях “Беражы сябе, беражы свае грошы”.
Грошы - неад’емная частка жыццядзейнасці чалавека. З імі лёгка ўладкаваць жыллё, аплаціць адпачынак, вывучыць замежныя мовы, абзавесціся аўтамабілем ці завесці хатнюю жывёлу і рэалізаваць любую мару. Важна шанаваць іх, разумець, як яны здабываюцца і на што выдаткоўваюцца. Але галоўнае, вучыцца іх граматна размяркоўваць і памнажаць. Прывіваць паважлівае стаўленне да матэрыяльных каштоўнасцяў варта з самага дзяцінства. Фінансавая граматнасць школьнікаў – гэта тое, што зробіць іх упэўненымі, сур’ёзнымі і прадпрымальнымі ў будучым.
Міжнародны тыдзень фінансавай граматнасці (Global Money Week) – гэта штогадовая агульнасусветная кампанія павышэння дасведчанасці дзяцей і моладзі аб фінансах. Пачатак Global Money Week быў пакладзены ў 2012 годзе, і з тых часоў яе ўдзельнікамі сталі больш за 170 краін і тэрыторый па ўсім свеце. Рэспубліка Беларусь з 2013 года далучылася да ліку партнёраў гэтага міжнароднага руху і кожны год удзельнічае ў важнай адукацыйнай ініцыятыве. У гэтым годзе слоган міжнароднага тыдня фінансавай граматнасці – “Беражы сябе і свае грошы”.
У рамках Тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі з 22 па 28 сакавіка ва ўстановах адукацыі Мастоўскага раёна былі арганізаваны мерапрыемствы, закліканыя пазнаёміць дзяцей і падлеткаў з правіламі фінансавых паводзін, даць карысныя парады аб тым, як разумна зберагаць грошы, пашырыць веды школьнікаў аб магчымасцях атрымання прыбытку.
Кульмінацыяй тыдня стаў турнір па інтэлектуальных гульнях “Беражы сябе, беражы свае грошы”, які адбыўся 26 сакавіка ў абласным цэнтры. Сваю фінансавую дасведчанасць правяралі прадстаўнікі 12 каманд, у склад якіх увайшлі навучэнцы старэйшых класаў і каледжаў Гродна, Дзятлава, Зэльвы, Свіслачы, Шчучына, Ліды і Мастоў. Каб атрымаць перамогу, удзельнікам трэба было паспяхова прайсці шэсць тураў, прысвечаных фінансавай тэматыцы. Заданні былі разнастайныя па зместу і ўзроўню складанасці: рабятам прапаноўвалася адгадаць краіну па банкноце, гандлёвую марку, выканаўцу песні па музычным урыўку і фільм па адным толькі кадры, дзе згадваліся грашовыя сродкі.
Наймацнейшай у гульні стала мастоўская каманда “Фінансісты”. У склад каманды ўвайшлі вучні сярэдняй школы №5 г. Масты Анастасія Лагоцкая, Ангеліна Вялічка, Максім Копаць, Андрэй Фядуцік (Рагозніцкі ВПК дз-с/СШ), Паліна Сухоцкая (Правамастоўская СШ). Узначальвала каманду капітан Кацярына Якімчык з Дубненскай сярэдняй школы. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломам і атрымалі памятныя сярэбраныя манеты, ручкі і скарбонку для разумных зберажэнняў. Арганізатарамі турніру выступілі РГА “Белая Русь” і ААТ “АСБ Беларусбанк”.
– Асабіста для мяне гэта быў вельмі цікавы і карысны вопыт,- дзеліцца ўражаннямі навучэнка 10 класа Дубненскай сярэдняй школы, капітан каманды “Фінансісты” Кацярына Якімчык. – Гульня была азартнай і дынамічнай, мы даведаліся многа новага пра фінансы. Важнымі аказаліся не толькі веды, але і інтуіцыя, кемлівасць, уменне лагічна разважаць.
Дарэчы, гэта не першая перамога мастаўчан у конкурсах і алімпіядах па фінансавай граматнасці. Поспеху садзейнічае карпатлівая праца педагогаў Юрыя Бубена, Алена Біркос, Святлана Кандратовіч, Наталля Сарока, а таксама метадыста дзяржаўнай установы “Мастоўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Людмілы Астапчэні, якая з’яўдяецца ініцыятарам шматлікіх мерапрыемстваў па фінансавай граматнасці, трэнерам каманды пераможцаў.
Дзіна Лазовік,
намеснік дырэктара
Дубненскай сярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад