Калі я была школьніцай, кожнае лета адпачывала ў дзіцячых аздараўленчых легерах. Было весела і запамінальна! Гэтым летам мне захацелася зноў паехаць у лагер, толькі цяпер ужо не на адпачынак, а на працу. Сябры вельмі здзівіліся, калі даведаліся пра маё жаданне. “Навошта табе гэта?”, “Праца з дзецьмі не тое ж самае, што сабаку выгульваць, разумееш?”, “Ну і які з цябе педагог?” – даводзілася чуць мне. Але жаданне спазнаць новае, паспрабаваць свае сілы ў іншай сферы дзейнасці было моцным, у дадатак, захацелася даказаць навакольным, што я не лыкам шытая і змагу дасягнуць пастаўленай мэты.
Працоўнае месца шукала праз інтэрнэт. Дапамог сайт БРСМ, дзе ў раздзеле “Праца” быў змешчаны спіс дзіцячых аздараўленчых лагераў, якім патрабаваліся студэнты ў якасці выхавацеляў. Я адправіла па электроннай пошце сваё рэзюмэ ў некалькі раённых камітэтаў БРСМ. У выніку мяне запрасілі на працу ў лагер “Нёман”, што знаходзіцца побач з вёскай Каўшова ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці.
Выхавацельскі калектыў сабралі ў лагеры за дзень да пачатку змены. Тады я і высветліла, што працаваць мне давядзецца побач са студэнтаміпедагогамі і маладымі спецыялістамі, якія толькі пачалі свой настаўніцкі шлях. Напрыканцы першай “планёркі” дырэктар лагера Алена Францаўна Лючык сказала вельмі трапныя словы: “Будзьце пільнымі! І не забывайце, што вольны час у вас будзе толькі пасля адбою і да пад’ёму дзяцей”. На справе так і атрымалася.
У мае абавязкі ўваходзіла праца з дзецьмі ў атрадах тады, калі ў іх выхавацеляў былі выхадныя, і падрыхтоўка некалькіх мерапрыемстваў. У цэлым, за 18 дзён я паспела прымераць на сябе вельмі розныя ролі. Для самых маленькіх дзетак прыйшлося быць маці, для падлеткаў – старэйшай сястрой, а на рэпетыцыях канцэртаў – аб’ектыўным крытыкам. Але пра ўсё па парадку.
Ужо ў першы дзень змены мы разам з калегамі сутыкнуліся з першымі цяжкасцямі. Дзеці ўсіх узростаў былі не зацікаўленыя ні ў чым, акрамя сваіх смартфонаў і планшэтаў. У 2015 годзе гэта не дзіўна, тым больш, калі нават ты, выхавацель, трымаеш у руцэ гаджэт. “Станьце прыкладам”, успомнілася мне не то з рэкламы, не то са школы. Я ўзяла мяч і разам з адной дзяўчынкай пайшла на валейбольную пляцоўку, праз 10 хвілін да нас далучыліся яшчэ некалькі чалавек, пра паўгадзіны падышлі яшчэ. Гэта была хоць маленькая, але перамога!
Увогуле, быць прыкладам для дзяцей даводзілася пастаянна. У тваім пакоі чыста – і дзеці імкнуцца навесці парадак, ты з’ядаеш у сталовай усё – і дзеці паказваюць табе пустыя талеркі, ты на “ціхай” гадзіне спіш – і яны засынаюць.
Летні лагер для многіх дзяцей – месца, дзе яны ўпершыню могуць адчуць сябе самастойнымі. Але у большасці выпадкаў дзеці да яе не гатовыя. Менавіта выхавацель сочыць за тым, каб усе 25 выхаванцаў ранкам пачысцілі зубы, увечары памылі ногі; дзяўчынкам абавязкова трэба рабіць прычоскі. А калі ўзнікае неабходнасць, ты павінен памыць дзіцячую бялізну. Пра гідлівасць і стомленасць забудзьце. Да таго ж дзеці ўсё адчуваюць, яны заўважаюць кожную дробязь. Аднойчы, калі я працавала на атрадзе самых маленькіх, перад адбоем да мяне падышоў хлопчык Юра Дубатоўка і спытаў: “А колькі ў вас дзяцей? Вы клапоціцеся пра нас так, нібыта мы вашы, родныя…” Напэўна, гэта было самае нечаканае і ў той жа момант самае прыемнае, што мне даводзілася пачуць ад дзіцяці.
Кажуць, што калі ты педагог, дык да ўсіх дзяцей павінен ставіцца аднолькава, але я зразумела, што гэта немагчыма хаця б таму, што ўсе дзеці розныя. Так, напрыклад, самая цеснае сяброўства ў мяне завязалася з Захарам Маркачэнкам з апякунскай сям’і. Хлопчык прыехаў у “Нёман” ужо трэці раз, і супрацоўнікі лагера папярэдзілі выхавацеляў, што з ім будзе няпроста. І сапраўды,васьмігадовы Захар толькі і рабіў, што адбіваўся ад калектыву: калі ўсе ішлі на мерапрыемства, ён збягаў на арэлі, падчас дыскатэкі сядзеў у альтанцы. Такім паводзінам я знайшла толькі адно тлумачэнне – патрабуе ўвагі да сябе. Нічога не заставалася, акрамя як даць яе Захару. Мы заклікалі хлопчыка да ўдзелу ва ўсіх магчымых гульнях і спаборніцтвах і нават не заўважылі, што праз некаторы час ужо не маглі без яго абыходзіцца.
Змена доўжылася толькі 18 дзён, а мне здаецца, што я паспела пражыць маленькае асобнае жыццё. Побач з дзецьмі атрымалася не толькі ўспомніць, як гэта быць бесклапотнай, але і зразумець, што такое сапраўдная адказнасць за кагосьці, акрамя сябе. І няхай у мяне няма педагагічнай адукацыі, спадзяюся, што дзеці змаглі ад мяне чамунебудзь навучыцца. Бо, як казаў знакаміты пісьменнік і педагог Антон Макарэнка: “Выхаванне ў тым і заключаецца, што больш дарослае пакаленне перадае свой досвед, сваю жарсць, свае перакананні малодшаму пакаленню”. Думаю, гэта справядліва.
Г.КУРАК, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУФота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад