Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Як у Курылавічах раэлізуюць праект «Кожная пятніца – роднае, сваё»

Як у Курылавічах раэлізуюць праект «Кожная пятніца – роднае, сваё»28 июня 2026 — 13:22

Вучні Курылавіцкай сярэдняй школы здымаюць відэагісторыі пра беларускія тавары. Тут раэлізуюць праект «Кожная пятніца роднае, сваё»

Апошнім часам у магазінах мы бачым лагатыпы з выявай васількоў, сатканых у вянок. Усярэдзіне – дэвіз-заклік “Кожная пятніца – роднае, сваё” і падказкі-тлумачэнні: апранай адзенне і абутак мясцовых вытворцаў; гатуй з мясцовых прадуктаў; трансліруй і слухай беларускую музыку; чытай і размаўляй на беларускай мове; дай скідку на родныя тавары; ствары сваю ўласную пятніцу.

У канцы лютага па ініцыятыве Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю рэспубліканскі праект атрымаў далейшае развіццё. Навучэнцам было прапанавана ствараць гісторыі пра беларускія тавары і здымаць відэаролікі. Гэты заклік адгукнуўся і ў сэрцах нашых вучняў.

Умовы для стварэння відэа ў Курылавічах цудоўныя. Па-першае, школьная атмасфера літаральна дыхае беларускасцю: установа адукацыі беларускамоўная, у сем’ях таксама размаўляюць на беларускай мове. Па-другое, і дзяржаўныя магазіны, і прыватныя актыўна гандлююць айчыннымі прадуктамі харчавання, прамысловымі таварамі. Усе жыхары актыўна купляюць іх і любяць. Таму нічога асаблівага не трэба выдумваць: бяры матэрыял і працуй. Па-трэцяе, кожны год у нас адбываецца школьны тыдзень роднай мовы.

Самыя лепшыя ролікі выкладвалі ў сацыяльных сетках з хэштэгамі #ДзеньРоднагаСвайго і #ДзеціПраСваё, а таксама адпраўлялі на электронную пошту МАРГ. Першым было прэзентавана відэа пра малако, ёгурт і тварог дзяўчатамі і хлопцамі ў стылізаваных народных касцюмах. З лагатыпамі конкурсу ў руках на фоне выявы Нясвіжскага замка яны славілі беларускую прадукцыю.

Другім выйшаў ролік з удзелам вучаніцы 9 класа Ксеніі Толсцік, якая схадзіла ў мясцовы магазін “Родны кут” па прадукты харчавання. Дзяўчына падала відэаматэрыял у суправаджэнні верша, які склала сама. Прыдумала сюжэт, зманціравала эпізоды – і атрымалася вельмі здорава. Асабліва кранулі ў відэа такія словы: “Беларускім усім вытворцам // Дзякуй шчыра гавару, // Бо ў роднай цёплай хаце // Смачна ем і смачна п’ю”.

На фоне вышытага ручніка і сурвэткі, а таксама буслоў, жытніх каласоў і васількоў, што размясціліся на льняным палатне, гучалі словы падзякі беларускім вытворцам.

Яшчэ было створана відэа, дзе Мілада Фурдзік, вучаніца 3 класа, чытала на памяць верш пра маму. І зрабіла гэта выдатна. Дзея адбывалася ў школьным музеі, ля ложка, застаўленага вышыванымі падушкамі.

Праект “Кожная пятніца – роднае, сваё” развівае ў дзяцей ініцыятыўнасць, самастойнасць, камунікатыўныя ўменні і навыкі, садзейнічае фарміраванню культуры вуснага маўлення, узбагачае слоўнікавы запас. Прывівае любоў і павагу да беларускай мовы, свайго краю, наладжвае масты сувязей. Стварае ўмовы для самарэалізацыі, праяўлення крэатыўнасці. Зна-ёміць з айчыннымі вытворцамі абутку, адзення, прадуктаў, мэблі, тэхнікі. Праект вучыць гасціннасці і гаспадарлівасці.

Дзякуючы праекту, мы яшчэ раз упэўніліся ў якасці беларускай прадукцыі! Яе ведаюць ва ўсім свеце. І мы, жыхары Беларусі, ганарымся ўсім тым, што ствараюць нашы суайчыннікі.

 Вера ПАШКЕВІЧ,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты