14 мая 2026 — 08:13
Сапраўдная вандроўка ў часе да нашых продкаў, якія ведалі мову прыроды і сілу кожнай травінкі, адбылася на мерапрыемстве “Пра што шамацяць зёлкі”. Утульная атмасфера, водары лясных і лугавых раслін, народныя спевы і шчырыя ўсмешкі аб’ядналі гасцей, якія хацелі дакрануцца да таямніц народнай медыцыны.
Мерапрыемства пачала гаспадыня-траўніца са знаёмства з народнымі прыкметамі збору лекавых раслін. Ды і самі госці актыўна дзяліліся ведамі: калі збіраць зёлкі і як правільна іх сушыць. А затым прысутныя павінны былі па паху вызначыць лекавую расліну. І трэба сказаць, справіліся выдатна! Рамонак, душыца, мята, палын – гэтыя пахі вярнулі многіх у дзяцінства. Удзельнікі не толькі пазнавалі расліны, але і адказвалі, ад чаго дапамагаюць. Выявілася, што народная мудрасць жыве ў нашых сэрцах і сёння.
А ці можна выкарыстоўваць чартапалох для абароны дома ад нячысцікаў? А ці праўда, што, каб у хаце не вадзіліся дамавікі-шкоднікі, трэба было пасыпаць парог здробненай сухой крапівой? Пра гэта і многае іншае гасцей чакала займальная гульня “Веру – не веру”. Удзельнікі з цікавасцю адгадвалі, дзе праўда, а дзе міф, даведваючыся пра сапраўдныя магічныя і лекавыя ўласцівасці раслін, у якія верылі нашы продкі.

Якое ж беларускае свята без песні?! Зала напоўнілася чароўнымі гукамі народных песень, у якіх згадваюцца расліны. “Купалінка”, “Каліна-маліна”, “Ой, у лузе” і іншыя знаёмыя матывы падхапілі ўсе прысутныя. Асаблівым упрыгожваннем мерапрыемства стала тэатралізаваная інсцэніроўка “Як маладзіца амаладзіцца хацела”. З гумарам і шчырасцю артысты паказалі, як маладзіца шукала чароўную траву, каб атрымаць прыгажосць, і, вядома ж, знайшла яе – у сіле прыроды і добрага настрою!

Напрыканцы гаспадыня-траўніца падзялілася сакрэтам – рэцэптам “Настою для шчаслівага вечара”: узяць дробку ліпы для спакою, лісток мяты для свежасці, кветку рамонку для дабрыні, заварыць кіпнем, даць настаяцца і піць у коле блізкіх людзей.
Завяршылася мерапрыемства па-сяброўску – сумесным чаяпіццем. Фітачай з беларускіх траў сагрэў кожнага, пакінуўшы пасля сябе прыемны пах лугавых кветак і цёплыя ўспаміны.
Марына Батвіноўская,
старшы навуковы супрацоўнік
УК “Гудзевіцкі дзяржаўны
літаратурна-краязнаўчы музей”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад