Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Як стаць журналістам, даведаліся дзесяцікласнікі другой гарадской школы падчас наведвання рэдакцыі раённай газеты

Як стаць журналістам, даведаліся дзесяцікласнікі другой гарадской школы падчас наведвання рэдакцыі раённай газеты19 апреля 2022 — 08:29

Да нас у рэдакцыю часта прыходзяць школьнікі. Адны – каб пазнаёміцца з дзейнасцю газеты “Зара над Нёманам”, другія – атрымаць архіўную інфармацыю аб развіцці горада і раёна, трэція – каб адчуць сябе журналістам і надрукаваць у “раёнцы” першую пробу пяра. Нядаўна нашу ўстанову наведалі дзесяцікласнікі другой гарадской школы ў рамках прафарыентацыйнага мерапрыемства “Хачу стаць журналістам”, арганізаванага сумесна ўпраўленнем адукацыі і рэдакцыяй раённай газеты “Зара над Нёманам”.

Як стаць журналістам-прафесіяналам? Якія навучальныя ўстановы рыхтуюць спецыялістаў для сродкаў масавай інфармацыі рэспублікі? Якія веды і навыкі могуць спатрэбіцца будучаму журналісту ўжо зараз, на этапе выбару прафесіі? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні школьнікаў прагучалі ад супрацоўнікаў “раёнкі”.

Так, намеснік галоўнага рэдактара Наталля Шэўчык пазнаёміла з гісторыяй раённай газеты, перамогамі ў рамках творчых конкурсаў сярод СМІ вобласці і рэспублікі. Для дзесяцікласнікаў была праведзена невялікая экскурсія па рэдакцыі і знаёмства з работай яе супрацоўнікаў.

Сёлетняя выпускніца факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Таццяна Бабко, якая якраз знаходзілася ў нашай рэдакцыі на пераддыпломнай практыцы, расказала пра факультэт, вучобу на кафедры інфармацыі і камунікацыі, аб уступных іспытах па прадметах.

Дарэчы прыйшлося і паведамленне аб магчымасці атрымання мэтавага накіравання на вучобу, якое дае абітурыенту пэўныя перавагі перад астатнімі. Гэта, да прыкладу, магчымасць паступаць па асобным конкурсе. Таксама студэнты-“мэтавікі” праходзяць практыку па месцы сваёй будучай працы. А такі вопыт толькі на карысць маладому спецыялісту ў яго прафесійным станаўленні.

Зазначым, што ўжо ў пачатку жніўня наша практыкантка Таццяна вернецца ў “Зару над Нёманам” у якасці маладога спецыяліста (атрымала размеркаванне ў нашу газету) і будзе працаваць тэхнічным рэдактарам.

Завяршылася зацікаўленая размова сумесным фота на памяць. Дарэчы, па просьбе рабят у наступны раз журналісты паабяцалі правесці майстар-клас па напісанні артыкулаў і майстэрству фатаграфавання.

Наталля БЯЙДУК

Фота Надзеі КЛАЧКО

Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале. 

Подписывайтесь по ссылке https://t.me/mosty_zara_nad_nemanam


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты