Вельмі хутка прабеглі асеннія канікулы. І зноў мае непаседлівыя шасцікласнікі селі за парты. Але ў першы дзень заняткаў яны не пераставалі ўспамінаць дзень 2 лістапада.
Гэты дзень сапраўды быў напоўнены яркімі і станоўчымі эмоцыямі. Раніцай мы адправіліся ў паход па маршруце аг. Вялікія Азёркі – в. Малая Воля Дзятлаўскага раёна – аг.Вялікія Азёркі. Асенні дзянёк так і спрыяў нам сваім надвор’ем, дзяліўся апошнімі праменьчыкамі сонейка. Дзьмуў лёгкі халаднаваты ветрык. Але гэта ніяк не стрымлівала дзяцей.
Бацькі маіх вучняў таксама пастараліся, дапамаглі нам у арганізацыі і правядзенні паходу, за што ім неабходна сказаць “вялікі дзякуй”. У рукзаку ў кожнага былі тэрмасы з гарачым чаем, бульба і сала для кастра і, вядома, розныя прысмакі. У дарозе вучні не пераставалі любавацца прыгожымі ляснымі краявідамі, магутнымі хвоямі і дубамі, прыгажунямі-бярозкамі і мастом праз раку Шчара.
У час падарожжа мае вучні задавалі многа розных пытанняў, вельмі пранікліся расказам пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў нашай мясцовасці, пра тое, які лёс напаткаў жыхароў вёсак суседняга Дзятлаўскага раёна. Вучні даведаліся аб тым, што 16 снежня 1942 года 364 мірныя жыхары вёскі Вялікая Воля былі расстраляны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На месцы расстрэлу знаходзіцца помнік, на якім выгравіраваны надпіс-зварот да кожнага з нас: “Сучаснік! Схілі галаву прад светлай памяццю паўшых герояў. Яны адстаялі свабоду тваю і шчасце крывёю”. Дзеці ўсклалі да помніка галінкі хвоі і доўга стаялі на адным месцы, па некалькі разоў ціхенька перачытваючы гэтыя словы. На маю думку, яны зразумелі, што такое мір на нашай прыгожай беларускай зямлі… Падарожжа наша працягвалася далей. Адпачынак у лесе на беразе магутнай ракі Шчара, дым кастра, незабыўны смак печанай бульбы і сала, прагулка ляснымі сцежкамі роднага краю, аповед пра трагічны лёс жыхароў вёсак Вялікая і Малая Воля ў снежні 1942 года – усё гэта надоўга застанецца ў нашай памяці. Вучні добра адпачылі, уволю надыхаліся свежым паветрам, пагулялі ў розныя гульні, не ўспаміналі нават пра мабільныя тэлефоны. Усё гэта вельмі здорава!
А мы будзем працягваць вучобу і чакаць наступных канікулаў, каб далей крочыць сцежкамі роднага краю і гартаць наступныя старонкі нашага гераічнага мінулага.
Таццяна Галавач,
класны кіраўнік дзяржаўнай установы адукацыі
“Азёркаўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад