Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноПроисшествия и безопасностьПравопорядок

Як патушыць пажар самому?

Як патушыць пажар самому?17 февраля 2016 — 10:00

Аналізуем розныя бытавыя сітуацыіУсе мы ведаем, што пры пажары трэба тут жа тэлефанаваць па нумары 101. Аднак супрацоўнікі МНС не чараўнікі і імгненна з’явіцца на месцы падзей не могуць. А за той час, пакуль яны будуць ехаць, шмат можна паспець зрабіць і самому, каб адстаяць у ненажэрнага полымя свае жытло і маёмасць. Як і што трэба рабіць? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» распытаў начальніка ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый МНС Юрыя Мятліцкага.

Праверка лішняй не бываеГалоўны вораг падчас пажару — гэта паніка. Таму змагацца з агнём трэба максімальна спакойна і вытрымана.— Як правіла, любы пажар пачынаецца з нязначнай крыніцы. Затушыць яго ў гэты перыяд лягчэй за ўсё. Галоўнае — тут жа абясточыць дом і адшукаць месца ўзгарання. Лепшым памочнікам для другога дзеяння стане аўтаномны пажарны апавяшчальнік. У сучасных дамах куды больш небяспечны атрутны дым, які ўтвараецца з-за тлення матэрыялаў з сінтэтычных рэчываў.

Без кіслароду полымя распаўсюджвацца не можа. Таму неабходна перакрыць доступ свежага паветра. У прыватных дамах нярэдка пажар імкліва разыходзіцца па вентыляцыйных каналах і з-за расчыненых дзвярэй і люкаў ці разбітых вокнаў на гарышчы. У апошнім выпадку пагроза павелічэнне плошчы пажару становіцца яшчэ большай з-за таго, што адкрытае полымя заўжды перакідваецца ў верхнюю частку жылога дома з-за прысутнасці натуральнай цягі паветра. Таму адчыняць дзверы з пакоя, які гарыць, у іншыя памяшканні і разбіваць шкло ў рамах трэба толькі ў крайнім выпадку, калі неабходна ратаваць людзей.

Агонь у доме можа разыходзіцца ў розных кірунках. Самы небяспечны з іх — калі полымя шугае наперад схаванымі шляхамі па пустотах, якія маюцца ў канструкцыях сцен, перагародак, падлогі і перакрыццяў. Некаторы час бачных ачагоў гарэння вы не заўважыце. А памяшканне ўжо пачне задымляцца. Калі ж канструкцыі пабудаваны без шчылін, то і дыму, які паведаміць аб небяспецы, ужо не будзе. І так створыцца падманлівая ілюзія таго, што ачаг полымя лакалізаваны... Таму вазьміце за правіла рэгулярна абмацваць і аглядваць сцены і перагародкі, якія прылягаюць да печаў, вентыляцыйных адтулін. Не будзе лішняй і праверка таго, ці не нагрэліся падлога і столь каля печы.

Разбіваць перагародкі і перакрыцці на шляхах агню можна толькі тады, калі вы назапасілі вялікую колькасць вады. Калі ўнутры канструкцыі ёсць пустата, то прабіць яе трэба вышэй за тое месца, дзе яна нагрэлася больш за ўсё. З суцэльнай перагародкай ці са столлю ўжо больш складана. Спачатку неабходна агаліць абшыўку перагародкі, адбіўшы з яе тынкоўку. Толькі пасля гэтага яе можна адрываць багром, сякерай або простым разрыхляльнікам глебы, які ёсць у арсенале кожнага, хто працуе на зямлі. Падлогу ўзарваць лёгка — для гэтага дастаткова сякеры і лома.

Шмат людзей на пажарах гіне з-за абвальвання прагарэлых канструкцый дома. Момант, які папярэднічае абрушэнню, распазнаць лёгка. Са столі сыплюцца кавалкі рознага памеру, лісты гіпсакардону пачынаюць правісаць. Калі вы гэта ўбачылі, працягваць тушыць дом ужо сэнсу няма — да яго абрушэння засталося некалькі дзясяткаў секунд. Адзінае, што застаецца, — гэта тэрмінова пакінуць памяшканне.Сачыце за комінам

У прыватных дамах яшчэ адной гарачай кропкай у літаральным сэнсе гэтага слова лічыцца комін. Пастаяннае адкладванне малапрыемнай працы па яго ачыстцы ад сажы «на потым» прыводзіць да таго, што ў нейкі момант назапашанае «багацце» ўспыхвае ад адной іскры.

Калі ж комін загарэўся, першая ўзніклая думка, як яго патушыць — гэта засыпаць яго пяском, заліць у трубу вады ці закінуць снегу. А якраз-такі гэтага рабіць і нельга. З-за кантакту распаленага коміна і ледзяной вады ўзрастаюць шанцы на тое, што распаленыя цагляныя сценкі коміна могуць патрэскацца. Калі ж заліць туды вады не шкадуючы, то вокамгненна ўтворыцца велізарны аб’ём пары. І тут у лепшым выпадку сценкі можа расперці так, што пасля давядзецца перакладваць комін. Самы горшы варыянт — калі цэгла не вытрымае і пачне звальвацца ўніз. З коміна паляцяць іскры, якія могуць падпаліць драўляныя канструкцыі дома звонку...Пажары на гарышчах выкрываюцца са значным спазненнем. Дым, які ўтвараецца пры гарэнні, праз шчы-ліны і вокны тут жа выходзіць на вуліцу і застаецца незаўважным з жылога дома. Разам з тым па драўляных канструкцыях  з-за пастаяннага доступу кіслароду полымя бяжыць вельмі хутка. Дапамагае гэтаму і ўцяпляльнік гарышча — пілавінне ці мох, які становіцца каталізатарам. Перакрыцці прагараюць яшчэ хутчэй, і агонь пераходзіць у дом.

Менавіта таму ратаўнікі не раяць захоўваць на гарышчы прадметы, якія могуць загарэцца, — аконныя рамы, старую мэблю, каробкі, венікі. Бо пасля іх своечасова прыбраць адтуль элементарна не хопіць часу.Лепш ахвяраваць ложкам

Непатушаныя цыгарэты адбіраюць штогод не адну сотню жыццяў у краіне. І перадгісторыя трагедыі адна і тая ж: закурыў чалавек лежачы і непрыкметна для сябе задрамаў. Палаючая цыгарэта вывалілася з рукі і ўпала на коўдру. Пакрысе яна пачынае тлець, выдзяляючы атрутны дым...

— Калі вы прачнуліся, а пакой напоўнены дымам, трымайцеся як мага ніжэй і перасоўвайцеся паўзком, бо канцэнтрацыя дыму ўнізе найменшая. Бачнасць можа быць практычна нулявая. Тады рухайцеся навобмацак і дакладна згадвайце, што і дзе ў вас буйнагабарытнага стаіць у кватэры. Тыповая памылка — калі тлее пасцель, паспрабаваць сцягнуць яе на падлогу і там заліць вадой або затаптаць полымя, каб уратаваць ложак. Гэтага не варта рабіць таму, што тленне тут жа пяройдзе ў агонь з-за таго, што рэзка павялічыцца плошча кантакту з кіслародам. Таму ложак трэба не шкадуючы паліваць вадой. А вось палаючыя фіранкі, шторы, гардзіны можна, наадварот, затушыць толькі на падлозе.Пасцель, коўдру і падушку трэба пасля вынесці з дома і дасушыць на вуліцы як мага далей ад будынкаў і месцаў, дзе складзены дровы. Справа ў тым, што мяккія гаручыя рэчы пры падсыханні могуць зноў загарэцца ад таго, што нейкую іскрынку да канца не затушылі. Канешне, пасля давядзецца выдаткаваць грошы на новы ложак, але лепш ужо ахвяраваць ім, чым усім домам.

Каварны бензінБензін, дызельнае паліва і розныя маслы шчыльна ўвайшлі ў наш побыт. Але там, дзе вадкасці даводзіцца пераліваць у іншую ёмістасць, існуе небяспека іх разліцця і адпаведна загарання. А здарыцца гэта можа дзе заўгодна. Напрыклад, вырашылі дазаправіць аўтамабіль з каністры. Ці запраўлялі бензінавы трымер і выпадкова варонка крутнулася ў руках...

— Першая думка, якая пры ажыццяўленні наробіць яшчэ большай бяды, гэта... спроба патушыць разлітую гаручую вадкасць вадой. Яна лягчэйшая за ваду і бу-дзе проста ўсплываць на яе паверхню. Пры гэтым і плошча гарэння будзе няспынна павялічвацца з-за таго, што вада расцячэцца. Скончыцца гэта можа вельмі дрэнна. Пагасіць такую вадкасць бяспечней за ўсё можна толькі закідваючы яе пяском ці зямлёй. Імпэт патушыць як мага хутчэй будзе толькі шкодны: калі інтэнсіўна шпурляць пясок і зямлю на паверхню вадкасці, яна можа распырскацца на навакольныя прадметы, якія таксама загарацца.

Нябачны забойца з падвалаАсаблівасцю большасці пажараў у памяшканнях, ніжэйшых за ўзровень зямлі, — падвалах, паграбах — ратаўнікі называюць вялікае задымленне жылых памяшканняў дома. Прыток паветра туды вельмі малы, адпаведна, пры гарэнні ў падвале ўтвараюцца вялікія аб’ёмы чаднага газу. Распаўсюджваючыся па падвале, агонь можа перакінуцца наверх праз праёмы ў перакрыццях. Пажар у падвале тым больш каварны тым, што ён можа перайсці ў дом нават без агнявога кантакту. Справакаваць узгаранне могуць моцна нагрэтыя знізу перакрыцці ці металічныя трубы камунікацый.

Адпраўляцца самому ў падвал для тушэння пажару нельга. Нават прафесійныя ратавальнікі робяць гэта не па адным і ў спецыяльнай экіпіроўцы: перш чым спускацца ў памяшканне, дзе штосьці гарыць, трэба надзець маску і мець за плячыма запас паветра ў балонах, каб не надыхацца чадам. Разам з тым гэта не азначае, што можна сядзець склаўшы рукі і чакаць, пакуль прыедуць спецыялісты. За гэты час трэба шчыльна закрыць усе адтуліны, якія вядуць у падвал. Стварыце пэўны запас вады — яна дапаможа, калі агонь прарвецца ў жылы дом. Адчыняць палаючы падвал можна толькі ратаўнікам. Ім жа трэба максімальна дакладна паведаміць аб дыспазіцыі, якая склалася на момант іх прыезду. І нават пасля таго, як пажар у падвале затушаны, уваходзіць у яго можна толькі пасля некалькіх дзён інтэнсіўнага праветрывання.«Звязда»


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио